«Выпиливаю все будто для своих детей!»: как бывший инженер-электронщик из Барановичей стал изготавливать оригинальные игрушки

Дзіва ў разрэзе

«Атрымліваю сапраўдны драйв, калі бачу, як дзеці падыходзяць і разглядаюць мае мазаікі і іншыя вырабы».
Здараюцца ў жыцці моманты, калі любімае хобі чалавека паступова становіцца яго бізнесам. Праўда, для гэтага нямала фактараў павінны сысціся разам. У выпадку з жыхаром Баранавічаў Віктарам Дарковічам так і здарылася. Сваё захапленне мастацкім выпілоўваннем па дрэве ён ператварыў у занятак, які прыносіць яму прыбытак. Галаваломкі, сувеніры, пазлы, машынкі, балансіры, завушніцы і бранзалеты, брошкі… Дзясяткі, калі не сотні, розных вырабаў з цёплага дрэва розных парод ён прадае на кірмашах народных рамёстваў.

Колькі зрабіў — столькі і зарабіў 

А пачыналася ўсё проста. Рамеснік аднойчы пачаў проста выпілоўваць цацкі для сваіх дзяўчат: жонкі Алены і дачок Жэні, Ані і Каці. Зацікавіўся дрэвам, купіў неабходныя інструменты і пачаў рабіць цікавыя рэчы. Здарылася гэта ўжо пасля таго, як споўнiлася яму 30 гадоў, а перад гэтым ён працаваў інжынерам-электроншчыкам на авіязаводзе. Віктар дзеліцца ўспамінамі:

— Жонка мая па адукацыі педагог-псіхолаг, любіць усялякія гульні і цацкі для развiцця. Зрабіў неяк для яе кубікі па методыцы вядомых педагогаў Нікіціных. Спадабалася. Потым былі пазлы, а далей панеслася... Старэйшая дачка папрасіла лялечную швейную машынку, малодшай спатрэбілася ферма з хатнiмi жывёламі. Такім чынам, новых цацак для развіцця станавілася ў доме ўсё больш. Потым задумаўся: а чаму гэта не зрабiць сваёй асабiстай справай? Праз некаторы час аформіў рамесніцтва і паспрабаваў прадаваць вырабы. 

Рамеснік пад любімую справу заняў у сваёй кватэры цэлы балкон: фарбуе ён у асноўным па начах, а вось усе шумныя работы праходзяць днём. З абавязковых плацяжоў Віктара — аплата адзін раз у год у памеры адной базавай велічыні. А ў астатнім прынцып, як у кожнага прыватніка: колькі зрабіў — столькі і зарабіў. Хвоя — асноўны матэрыял для прац. Іншыя пароды дрэва, як правіла, набываюцца пад заказ. Бывае, што і не патрэбны нiкому лясны корч трапіць пад руку... З яго потым можа атрымацца вясёлы казачны герой. 

Мядзведзi вялiкiм тыражом

Разглядаю на выставе рамеснікаў яркі стэнд Віктара і адначасова задаю пытанні аб творчасці і матэрыяльным баку справы. Адразу ясна, што галоўныя натхняльнікі майстра — яго дзеці. Але і сам аўтар  у душы шчырае дзіця. Яго каларытны саламяны капялюш, вышыванка, добразычлівая ўсмешка, драўляныя навінкі здалёк прыцягваюць увагу наведвальнікаў. 


Наватарства сваіх вырабаў майстар правярае выключна на дочках. Напрыклад, дэльфін атрымаўся ўдала, калі дзяўчынкі з ім весела пагулялі. Вiктар лiчыць, што такая цацка спадабаецца і іншаму дзіцяці. 

Рамеснік імкнецца не паўтарацца ў вырабах, але некаторыя аўтарскія рэчы — напрыклад мядзведзікі-сябры — сталi тыражнымi. Яны так зацікавілі пакупнікоў, што ён стаў іх выпілоўваць серыйна. Віктар паказвае сваю навінку і тлумачыць:

— Драўляны мядзведзь дружбы — гэта пазл з двух-трох сцягаў розных краін, якія сімвалізуюць мір і згоду паміж народамі. Людзі сёння ўсё часцей сутыкаюцца з варожасцю і негатывам, а мой мішка добры, здольны падарыць усмешку і нават змяніць стаўленне да іншай культуры. Ёсць пазлы — пары самых розных краін. Ужо зрабіў ПАР, Кубу, Ірак, Азербайджан, практычна ўсе еўрапейскія краіны. 

І сапраўды, назіраю на выставе, што дружалюбным мішкам — асаблівая ўвага. Людзі падыходзяць, бяруць арыгінальныя вырабы ў рукі, з цікавасцю разглядаюць... Дам прыцягваюць завушніцы, пярсцёнкі, брошкі, а дзятву — усё яркае і мудрагелістае. Таксама ў калекцыі майстра нядаўна з’явіліся незвычайныя машынкі. Віктар быў на аўтамабільным фестывалі і стварыў па просьбе арганізатара цэлую партыю, якая паспяхова разышлася за адзін дзень.

Заўважыла, што цэннікі на свае вырабы Віктар не наклейвае. Ён кажа, што робіць гэта спецыяльна:

— Дрэва — гэта вельмі цёплы матэрыял. Я сам чалавек камунікабельны і заўсёды кантактую з людзьмі спачатку вачыма, потым размаўляю з кожным, даведваюся пра настрой чалавека. Калі хто спытае пра кошт, адкажу, а цэннік на першае месца не стаўлю. Пакупка сувеніраў у чалавека можа быць спантаннай, пад настрой, ён сам абавязкова спытае, калі захоча зрабіць сабе ці сябрам падарунак.

Попыт ёсць, а які прыкуп?

Рамеснік імкнецца не паўтарацца ў вырабах.
Пытаюся ў творчага Віктара аб зямным, пра тое, як жа ён фарміруе цану на кожную сваю работу і як шукае крыніцы збыту. Бо яго вырабы — вельмі крэатыўны і адзінкавы ў сваім родзе тавар. Суразмоўнік працягвае:

— Ёсць многа бясплатных кірмашоў, але гэта ў летні перыяд. Вось у іх і ўдзельнічаю. Часцяком кошт удзелу ў мастацкiх выставах накшталт «Млына» завышаны. Гэтую суму я павінен адбіць менавіта надбаўкамі на кошт вырабаў. У выніку гэта ўсё б’е па пакупніку, які бачыць завоблачныя цэны на пафасных мерапрыемствах.

З чаго ж складаецца канчатковы кошт цацкі або вырабу з дрэва? Арыфметыка простая. Кошт самой хваёвай дошкі ў залежнасці ад шырыні вар’іруецца ад 5 да 9 рублёў, ліста фанеры — ад 15 да 28 рублёў, плюс каля 5 рублёў за норма-гадзіну. 

— Галоўнае — ідэя. У гэтай справе трэба развівацца кожны дзень: нешта новае пазнаваць, шукаць у інтэрнэце карысную інфармацыю, адточваць майстэрства, асвойваць тэхнікi. А наконт выдаткаў часу на працу — усё адносна. Выразаць вялікую колькасць цацак я магу і за дзень. Плюс яшчэ некалькі дзён на адшліфоўку, грунтоўку і размалёўку акрылавай фарбай. 

Нешта, па словах Віктара, з драўляных вырабаў можа каштаваць 6—8 рублёў, а нешта і на 20 рублёў пацягне. Але адназначна можна сказаць: лёгкага хлеба ў рамесніка не бывае.

— Сам сабе я рэжысёр, але і галоўны карміцель у сям’і. Здараецца, што і па 16 гадзін у суткі працую. Нядаўна так хацеў трапіць на адну цікавую выставу, што працаваў увесь вольны час, а дзяўчынак сваіх адправіў на мора. Загаралі і плавалі яны ў гэтым годзе без мяне, — з сумам канстатуе Віктар. 

Але сваім спосабам заробку і свабодным графікам рамеснік задаволены. У сярэднім у выставачны дзень можна зарабіць ад 100 да 400 рублёў. Усё залежыць ад здольнасці пакупнікоў, іх настрою ў пэўныя дні і нават, як жартуе Вiктар, ад фаз Месяца. Зразумелая справа, што калі кірмашовы дзень супадае з зарплатнымі або авансавымі датамі наведвальнікаў, тады і справа ідзе спарней. І, вядома, нават надвор’е можа паўплываць на выручку рамесніка. У дождж на гандлёвы рад майстроў прыйдзе людзей значна менш, чым звычайна.

Нягледзячы на некаторыя асаблівасці бізнесу, рамесная справа прыносіць Віктару плюсы, сярод якіх не толькі грашовы даход, але яшчэ і эмоцыі, радасць, задавальненне ад зносін з рознымі людзьмі:

— Атрымліваю сапраўдны драйв, калі бачу, як дзеці падыходзяць і разглядаюць мае мазаікі і іншыя вырабы, просяць пагуляць з імі... Разумею ў гэты момант, што недарма ўкладваў у работы сваю душу, калі ствараў іх сваімі рукамі.

shimuk@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter