Дзисна: что посмотреть в самом малонаселенном городе Беларуси

Дзiсна: горад белых ветразяў

САМЫ маланаселены беларускі горад Дзісна ўпершыню ўзгадваецца летапісцамі ў 1461 годзе. Вытокі яго вядуць у XI стагоддзе, калі полацкімі крывічамі на месцы сутокі рэк Дзісны і Заходняй Дзвіны была заснавана крэпасць Капец-гарадок. Фартэцыя абараняла ад ворагаў незалежнае Дзісненскае княства. Бывалі тут польскія каралі Стэфан Баторый і Сігізмунд III, рускі цар Аляксей Міхайлавіч Раманаў і іншыя гістарычныя асобы. Па загаду Стэфана Баторыя італьянскі будаўнік Генга ў Сярэдневякоўе так узмацніў крэпасць, што ёй не было роўных у наваколлі.


Сем вякоў таму побач пабудавана першая драўляная Уваскрэсенская царква. На яе падмурку ў 1870 годзе паўстаў мураваны храм, сцены якога памятаюць Патрыярха Ціхана, далучанага да ліку святых. У перыяд росквіту горад атрымаў Магдэбургскае права. Трэцяе стагоддзе ўзвышаюцца над горадам крыжы чырвонацаглянага францысканскага касцёла.

На калядных балях гучалі вершы Адама Міцкевіча, прысвечаныя жонкам мясцовых памешчыкаў. У Дзісне пачынаўся першы прафесійны беларускі тэатр Ігната Буйніцкага. Тут вучыліся будучыя беларускія дзеячы культуры Язэп Драздовіч і Антон Грыневіч. 

Вучні Дзісненскай сярэдняй школы Таццяна ШАРАБАЙКА, Яўген ПРОТАС і Вікторыя ПЯТКЕВІЧ

Прыгажосць Прыдзвінскага краю натхняла пісьменніка Аляксандра Грына. Па брукаваных вулачках і стагадовым драўляным мосце прагульваліся паміж здымкамі фільмаў вядомыя савецкія акцёры Вячаслаў Ціханаў і Людміла Чурсіна.
Павятовым горадам была Дзісна ў Вялікім Княстве Літоўскім, у Расійскай імперыі — уездным, а пры савецкай уладзе райцэнтрам. З 1959 года — горад у Міёрскім раёне.  

Па дарозе са старажытнага Полацка любаваўся заснежанымі прасторамі Прыдзвіння, чакаючы сустрэчы з самым маленькім горадам Беларусі. За акном прамільгнуў дарожны паказальнік з яго назвай, але аўтобус не прыпыніўся. Занепакоена спытаў у вадзіцеля, чаму не зварочваем, і пачуў спакойны адказ, што заезд з тыльнага боку. Праскочылі мост праз раку Дзісну і выехалі на асфальтаваную грэблю, з якой віднеліся металічныя пралёты яшчэ аднаго моста. Праз вёсачку Горкі ўехалі на заснежаную вуліцу. Прыземістыя хаткі, відаць, даваеннай яшчэ пабудовы чаргаваліся з сучаснымі катэджамі, схаванымі за высокімі агароджамі. За велічным помнікам — драўлянаю ладдзёй з белымі ветразямі, устаноўленай на схіле гарадской плошчы, — аўтобус ускараскаўся на круты пагорак. Адсюль разыходзяцца ў розныя бакі вуліцы і завулкі, забудаваныя мурамі, драўлянымі пабудовамі, храмамі. На таблічках па-руску і па-англійску ўказваюцца сённяшнія і даўнейшыя назвы вуліц. Замкавая, Уваскрэсенская, Базарная, Глыбоцкая і іншыя  нагадваюць пра мінулае.


Мост праз Дзісну 100 гадоў таму.

Рака Дзісна падзяліла горад на дзве часткі. Сто гадоў таму металічны мост злучыў іх і стаў візітнай карткай горада, як Эйфелева вежа для Парыжа. Праз Заходнюю Дзвіну з вясны да зімовых маразоў ходзіць паром, які значна скарачае шлях у Задзвінне. Вясною рака шырока разліваецца. Мерная лесвіца, што захавалася каля паромнай пераправы на Заходняй Дзвіне, зафіксавала найвялікшае навадненне ў 1935 годзе. Раз’юшаная водная плынь зносіла драўляныя пабудовы. Неаднойчы вытрымлівалі націск крыг апоры металічнага моста, устаноўленыя век таму. Глеем заносіла брукаваныя дзісненскія вуліцы і падворкі. Пасля зыходу паводкі мяшчане вычышчалі брук. Сёлета ў першую пасля Вадохрышча адлігу пад яркімі сонечнымі промнямі з’явіліся брукаваныя прагаліны. Ледзяшамі абраслі дахі дамоў. 

Будынак гімназіі, дзе вучыўся Язэп ДРАЗДОВІЧ

Цэнтр мястэчка ўпрыгожвае будынак былога павятовага аддзялення Папячыцельства пра цвярозасць, дзе пачынаўся беларускі тэатр пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага. Дзісненскія гледачы першымі прымалі яго пастаноўкі. Цяпер тут Дом рамёстваў. Крыху ніжэй да ракі Дзісны захаваўся двухпавярховы мур былой гімназіі, у якой вучыўся вядомы беларускі культурны дзеяч мінулага стагоддзя Язэп Драздовіч. Памятнай дошкай на бацькоўскай хаце ўшанаваны журналіст, пісьменнік і перакладчык пачатку мінулага стагоддзя Ян Гушча. Ганарацца тут і земляком Антонам Грыневічам, які закончыў Дзісненскае гарадское вучылішча і стаў вядомым беларускім фалькларыстам, аўтарам дзіцячага, школьнага і народнага спеўнікаў.

Выпускніца Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа Ніна ПЯТКЕВІЧ

Старшыня Дзісненскага гарсавета Аляксандр КАЧАН

Вандроўку па старажытным горадзе ўпрыгожылі яркія сонечныя промні. Ад ззяння іх казачна глядзеліся валы Верхняга замка, над якім некалі ўзвышалася дзевяць вежаў. Акуратна выкладзены дошкамі некалькі гадоў таму векавы мост, па якім абмежаваны рух транспарта. Таму і аб’язджае яго рэйсавы аўтобус. Да вясновых дзён  спачывае ля берага прышвартаваны паром, хаця рачную плынь не скавалі моцныя студзеньскія маразы. З крутога берага ўглядаюцца ў хвалі велічныя храмы, векавыя муры некалі дзесяцітысячнага горада. Цяпер усяго каля дзвюх тысяч жыхароў. На самым буйным прадпрыемстве — лясгасе, які аб’ядноўвае дзевяць лясніцтваў у Міёрскім, Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім раёнах, занята звыш трохсот чалавек. Пашчасціла выпускніцам Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа Ніне  Пяткевіч  і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Юліі Шоцік уладкавацца ў гэтым калектыве. Акрамя гаспадарчай дзейнасці, тут наладжаны выпуск шпалаў для чыгункі, а таксама абразной і неабразной дошкі, збор бярозавіка. Не ўпускаюць і спрыяльны зімовы перыяд для збору сасновых і яловых шышак, з якіх атрымліваюць насенне для новых пасадак. Хваёвыя плантацыі сёлета павялічацца на 170 гектараў. Дадатковы прыбытак даюць пчальнік і два домікі для паляўнічых каля вёскі Мазурына, якімі карыстаюцца замежныя госці.

Вясновая паводка 1935 года ў Дзісне

Каля сотні чалавек заняты на нафтаперагонным расійскім прадпрыемстве, што побач са старажытным горадам. Трыццаць швачак у цэху прадпрыемства “Віцяблянка”. Іншай вытворчасці ў горадзе няма. Даўно закрыты малаказавод. Не ўтрымаўся ад эканамічнага ціску і кансервавы завод, дзе працавалі экспедытарам Міхаіл Бушыла і рабочай — яго жонка Валянціна. Міхаіл Паўлавіч ужо на пенсіі, а жонка ўладкавалася  ў філіял дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі «Міёрскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі», але і ён на стадыі закрыцця. Многія едуць на працу ў Наваполацк, Полацк, выязджаюць у Расію. Муж санітаркі Ірыны Сівіцкай працаваў на нафтапрадпрыемстве. Заробкі былі так сабе, падаўся на піцерскую будоўлю. Сяброўка Ірыны Алеся Кухаронак шчаслівая, што пасля пятнаццаці гадоў працы ў Полацкім анкалагічным дыспансеры вярнулася да бацькоў і ўладкавалася медсястрою ў гарадскую бальніцу сястрынскага догляду. 

Алена ЗАХАРАВА на падворку

Іван Баслак, продкі якога карэнныя дзісненцы, вартуе жывёлагадоўчую ферму ААТ “Цітова”. Жонка яго Алена — у дэкрэце. Трэці годзік сыну Дзіму. Дачка Ірына — школьніца. Жывуць у бацькавай хаце. Трымаюць каня і карову. Сена самі нарыхтоўваюць. Вясною конь запатрабаваны для апрацоўкі агародаў. Малаком сябе забяспечваюць і суседзям прадаюць. 

Дзве  каровы былі ў хляве Аляксандра Качана, які кіруе Дзіснен- скім гарсаветам. Сын Аляксей закончыў  сталічны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і зараз у арміі. Адслужыць — і яго чакае праца інжынера-механіка ў Мядзельскім раёне. Дачка Надзея закончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і працуе інжынерам у Наваполацку. Падрастае ўнучка Настасся. Жонка Ірына Мікалаеўна днямі занята на працы ў лясгасе,  ды і ў самога  старшыні спраў хапае. 

Рэпетыцыя самадзейных артыстаў Дзісненскага гарадскога цэнтра культуры

Сваім укладам жыве старажытны горад, багатая гісторыя якога адлюстравана ў экспанатах школьнага музея. Гараджане, і асабліва моладзь, маюць магчымасць займацца ў пятнаццаці гуртках гарадскога Цэнтра культуры. Званне народнага прысвоена хору ветэранаў “Чырвоны гваздзік”. 

Дзісненскія храмы захоўваюць шмат святынь. Сярод іх — цудатворны вобраз Боскай Маці “Дзісненская Адзігітрыя”. Штогод 10 жніўня пад царкоўныя званы і  песнапенні праводзіцца шэсце  з  цудатворным  вобразам ад Узнясенскага храма да Адзігітрыеўскага і назад. Мноства падзей перажыў старажытны горад, на які так квапіліся ворагі і якога продкі нікому не аддалі.

Міёрскі раён

Фота аўтара і з архіва г. Дзісна

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter