У лясах краіны стала менш на 80 000 дзікоў за год

Дзiк па вялiкiм рахунку

Ці чулі? У лясах краіны стала менш на 80 000 дзікоў. Менавіта столькі жывёлін адстралялі паляўнічыя і леснікі з 2013 года. Прычыны масавага адстрэлу ўсім вядомыя. Невядома пакуль толькі адно: як адбілася планавая дэпапуляцыя на эканоміцы паляўнічых гаспадарак і нацыянальных паркаў? Аб вымушаным перапрафіляванні замежных тураў, валютнай выручцы і навацыях Мінсельгасхарчу, якія чакаюцца,  — сённяшні тэматычны разварот. 

З трафеем!

Пятачок пайшоў у размен


Уступіць у сутычку з вепруком рашаецца далёка не кожны паляўнічы. Тут патрэбныя прафесіяналізм і асцярожнасць. Адзін няправільны стрэл — і паляўнічы можа памяняцца з ахвярай месцамі... З-за афрыканскай чумы свіней дзiку аб’яўлена сапраўдная вайна. Ужо цяпер паляўнічыя сутыкаюцца з праблемай пахавання жывёл: цалкам здаровых кабанчыкаў, якіх можна было б пусціць на тушонку, тысячамі закопваюць у зямлю.

Восень — гарачая пара для палявання, у багатыя дзічынай лясы Гродзеншчыны накіраваліся аматары трафеяў. Да вечара на Гожскую ахотдачу прыбылі 6 паляўнічых. Зараз дазволена паляваць на зайца, ваўка, лісу, куніцу і іншых звяроў, але зусім не яны цікавяць нашых паляўнічых. Дзікі — вось дастойны праціўнік і трафей. Егер Валерый Накладовiч спяшаецца правесці інструктаж: нагадвае аб мерах бяспекі пры абыходжанні са зброяй, падказвае лепшыя мясціны. Ахотдача знаходзіцца на самай граніцы з Літвой, дзік тут не рэдкасць, аленяў і казуль таксама багата. Пашпарты жывёлам не патрэбны, а вось кармушкі карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Літоўцы чамусьці не падкормліваюць насельнікаў сваіх лясоў, і яны бягуць да нас.

— Выходзім на пазіцыі, — камандуе Валерый Іванавіч, і паляўнічыя раз’язджаюцца хто куды.

Урочышча Чарнушкі, 20.45: самы час расчахляць стрэльбы. Дзік — звер начны. Каб яго здабыць, трэба мець не толькі спрыт, але і адмысловыя прыборы начнога бачання. Валерый Накладовiч калісьці служыў тут на граніцы, але вось ужо 18 гадоў як паляванне стала для яго прафесіяй. Дасведчаны паляўнічы спыняе аўто на ўскраiне прыбранага кукурузнага поля, глядзіць у бiнокль. Удача. На ўскрайку лесу ля кармушкі сабраліся павячэраць некалькі дзікоў. Егер загадвае заставацца ў машыне, няспешна ідзе да статка, спыняецца прыкладна ў ста метрах, прыцэльваецца і робіць стрэл. Самы буйны дзік падае на бок, астатнія вокамгненна знікаюць у лесе.

— Здаровы самец, — ацэньвае паляўнічы. — Галоўнае — заваліць з аднаго стрэлу: падранкі нам не патрэбныя. Зараз выклікаем ветэрынарыю.

Далей усё працуе як гадзіннік: запаўненне ліцэнзіі, вонкавы агляд жывёлы, пахаванне, апрацоўка спецыяльным растворам месца, дзе ляжаў здабыты дзік. Ці патрэбныя такія меры засцярогі? У Гродзенскім раёне да гэтага часу не зафіксавана ніводнага выпадку заражэння АЧС ні ў хатніх, ні ў дзікіх жывёл.

Чаму б не арганізаваць ветэрынарную экспертызу ў раёне: замест дзвюх базавых за адстрэл паляўнічы забраў бы сабе дзясяткі кілаграмаў экалагічна чыстага мяса, наракае егер. У Гро-дзенскім раёне ўсяго 4 месцы пахавання, і яны ўжо перапоўненыя.

З такой пазіцыяй не згодны старшыня Гродзенскай абласной пад-структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) Валянцін Паляшчук. На яго думку, краіна і так страціла больш за дзясятак тысяч тон мяса свініны, каб зараз проста ўзяць і пусціць усё на самацёк. Калі трэба вынішчыць як мага больш дзікоў, значыць, няма чаго разважаць — трэба дзейнічаць. Праверыць кожнага дзіка на наяўнасць у яго АЧС і іншых захворванняў праблематычна і дорага. Мяркуйце самі: пакуль будзе праводзіцца аналіз, дзіка трэба дзесьці захоўваць, для гэтага патрэбны вялікія мара-зільныя камеры, плюс транспарціроўка. Хто ўсім гэтым будзе займацца? Тут ёмістасцей для пахавання не хапае... Трэба рабіць ямы, закупляць кантэйнеры, месца неабходна абгарадзіць, павесіць замок. Усё гэта каштуе грошай — адна невялікая пляцоўка для захавання абыходзіцца мінімум у 10 млн. рублёў.

У аддзеле ветэрынарнай службы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама пацвярджаюць: афіцыйна ні аднаго выпадку заражэння дзікіх жывёл афрыканскай чумой яны не зафіксавалі. Трыхінелёз, так, часцяком выяўляюць. Усяго па вобласці з пачатку гэтага года здабыта 2176 (лясгасы, паляўнічыя гаспадаркі, прыватнікі) дзікоў, вядома, гэта кропля ў моры. У 2013 годзе па краіне налічвалася 80 тысяч асобін. Нават калі па ўсіх абласцях, пачынаючы з мінулага года, удасца здабыць прыкладна 20 тысяч дзікоў, аб іх поўнай дэпапуляцыі казаць вельмі рана, і засцярогі «зялёных» марныя. Пакуль дзейнічае па-станова Савета Міністраў № 729, здабыча будзе ісці сваёй чаргой.

Назіральная вышка ў Пружанскім лясгасе чакае паляўнічых.

Але праблема не толькі ў скарачэнні колькасці дзікоў: частка замежных паляўнічых ехала на Гродзеншчыну выключна па мяса. Цяпер яны шукаюць іншыя кірункі, вядома, там жа яны пакінуць і жаданую валюту. Галоўны паляўніцтвазнавец Гродзенскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання Аляксей Грыгас сцвярджае: замежнікаў стала прыкметна менш. Калі ў мiнулым годзе яны папоўнілі скарбонку на адзін мільярд 174 мiльёны рублёў, то за 10 месяцаў гэтага года атрымана толькi 800 мільёнаў. Наўрад ці да канца года лічба наблізіцца да мiнулагодняй.

«Вядома, мы робім усё магчымае, каб пакінуць паляўнічых з трафеем, даём магчымасць палявання на іншыя віды жывёл: з пачатку года замежныя паляўнічыя здабылі 30 ласёў, 30 аленяў і 200 казуль, — дзе-ліцца Аляксей Грыгас. — Але расiян мы страцілі, бо яны ехалі да нас вы-ключна па мяса дзіка. У канцы мінулай восені прадалі 50 паляўнічых тураў, у гэтым — крыху больш за 30. Для нас гэта істотныя страты».

Львіная доля ў здабычы дзікоў ляжыць на арганізацыях БТПР, яны арандуюць больш за 75% усіх лясоў Гродзеншчыны. Да гэтага варта дадаць, што за кожную здабытую жывёлу дзяржава выплачвае сем базавых велічынь (пяць — карыстальніку і дзве — паляўнічаму). Калі мяса пакідаць таму, хто забіў дзіка, гэтых вы-плат ніхто не ўбачыць. Паляўнічыя, дарэчы, зусім не турбуюцца аб істотным памяншэнні пагалоўя дзікоў. Пакуль ёсць кармавая база, міграцыя і выдатная пладавітасць гэтых жывёл, яны на нашай тэрыторыі будуць. Нават калі агульнымі намаганнямі звесці іх колькасць да мінімуму, пройдзе ўсяго 2—3 гады, і дзік зноў выйдзе на паляванне. Галоўнае, каб за гэты час не змянiлi геаграфiю сваiх паездак  замежныя паляўнiчыя.

Таццяна КАНДРАЦЬЕВА

tanula.k@mail.ru

Дзiкi і Захад


1300 дзікоў – прыкладна столькi iх знаходзілася ў пачатку года на Брэстчыне. Да першай успышкі афрыканскай чумы свіней, зарэгістраванай два гады таму ў Баранавіцкім раёне, гэтых жывёлін тут было больш за 11 тысяч. Сёння па вядомых усiм прычынах назіраецца рэзкі спад іх колькасці. І хоць на беларускіх лясгасах сітуацыя ўжо адбілася, пра заняпад палявання з удзелам замежнiкаў гаварыць пакуль заўчасна.

У Пружанскім лясгасе зноў рыхтуюцца да прыёму замежных гасцей. 

З тутэйшых домікаў для адпачынку толькі-толькі выехала нямецкая група, як стала вядома, на наступныя выхадныя чакаюць польскіх паляўнічых. Прыняць замежнікаў трэба як след, таму месца пражывання прыводзяць у ідэальны парадак. Усё ж за камфартабельнае жыллё турысты плацяць 70 еўра ў суткі. Ды і дазвол на паляванне каштуе яшчэ 50. Што прываблівае прыезджых з Заходняй Еўропы? Галоўны скарб лясгаса – фаўна. 

Ласі, алені, лісы, куніцы, зайцы – у найлепшыя часы на паляванні лясгас зарабляў амаль паўтара мільярда рублёў. І паток аматараў падстрэліць дзічыну не змяншаецца і сёння. Нягледзячы на тое, што здабыць лісу танней чым за 300 еўра тут не атрымаецца. А аленя менш чым за 800 не вывезеш тым больш. 

Але калі два гады таму падстрэліць дзіка ў гэтых мясцінах было нескладана, то апошнiм часам адбыліся нечаканыя змены. Яшчэ ў 2012-м яго папуляцыя тут налічвала амаль 800 асобін. Паказчык быў адным з першых у рэгіёне. Аднак узімку 2014-га ў пружанскіх лясах налічылі толькі 110 ікластых. Цяпер, згодна са статыстыкай, дзікоў у тутэйшым угоддзі не засталося зусім. І галоўны паляўніцтвазнавец лясгаса Сяргей Ліцвіновіч канстатуе: разам з адстрэлам дзічыны практычна знік і паток замежнікаў, якія ахвочыя да дзічыных іклаў. Штогод паляваць менавіта на дзікую свінню сюды з-за мяжы прыязджалі прыкладна сто чалавек. Але цяпер няма нават і столькі. 

Старшыня Брэсцкай абласной структуры аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Уладзімір Юргель пацвярджае сумную статыстыку. У параўнанні з мінулым годам замежных паляванняў на Брэстчыне стала прыкладна на чвэрць меней. Калі ў 2013-м прыезджыя патрацілі ў рэгіёне 86 тысяч еўра, то за няпоўныя 11 месяцаў цяперашняга — толькі 47 тысяч. У БТПР перакананы: нават за два тыдні лістапада і снежань дацягнуць паказчык да ўзроўню мінулага года наўрад ці атрымаецца. І статыстыку падкасілі менавiта паказчыкі па паляванні на дзікую свінню. Старшыня расказвае, што на нядаўняй выстаўцы «Паляванне і рыбалоўства на Русі» ў Маскве да беларускага павільёна паляўнічыя падыходзілі толькі з адным пытаннем: калі ў Беларусі можна будзе паляваць на дзіка? Даведаўшыся, што здабытых жывёлін усё яшчэ трэба знішчаць, яны раcчаравана казалi: а навошта тады ўвогуле прыязджаць? 

Намеснік начальніка Брэсцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Дзмітрый Крываблоцкі тлумачыць: менавіта гэта і адбівае ў замежнікаў ахвоту ехаць у Беларусь. Утылізаваць здабытых дзікоў, закопваючы іх у ямах, прадпісвае пастанова Савета Міністраў № 729. Бо, калі жывёліна будзе заражанай, рызыка распаўсюджвання АЧС можа павялічыцца. Але Сяргей Ліцвіновіч з Пружанскага лясгаса падкрэслівае: існуе паляўнічая этыка, якая складвалася на працягу стагоддзяў. Яна не дазваляе забіваць жывёлу, каб потым ад яе пазбавiцца. А калі тушу нельга разабраць ці ўзяць на трафеі, паляванне папросту губляе сэнс. Дзеля стральбы і забойства ў лес ніхто не пойдзе. 

Таму ў найбліжэйшы час пераламіць гэту тэндэнцыю будзе даволі складана. Праўда, на сабе яе адчулi далёка не ўсе паляўнічыя гаспадаркi. Па-першае, не ўсе яны спецыялізуюцца на дзіку. А па-другое, сёння рэнтабельнасць можна падтрымаць і іншым шляхам. Дзмітрый Крываблоцкі тлумачыць: за кожнага здадзенага дзіка дзяржава плаціць 7 базавых велічынь. Калі адстрэлам займаецца паляўнічая гаспадарка ці лясгас, усе грошы застаюцца ў яго казне. Калі жывёлу б’е індывідуальны паляўнічы, ён атрымлівае дзве базавыя. Астатнія пяць зноў-такі забірае сабе карыстальнік лясных угоддзяў.  Па сутнасці, ад такой схемы выйграюць усе. 

Калі раней гаспадаркі выручалі за ліцэнзію на паляванне 300—400 тысяч рублёў, то зараз адразу, як мінімум, 750 тысяч за кожную тушу, але ўжо ад дзяржавы. Не страчваюць і самі паляўнічыя. Цяпер забіваць жывёл яны могуць цалкам бясплатна, а яшчэ 300 тысяч рублёў ім плаціць зноў жа дзяржава. Канешне, забраць мяса здабытага дзіка ўжо не атрымаецца. Але выручаныя за кожную тушу грошы ўсё ж даволі добра дапамагаюць утрымліваць сям’ю.

Дзмітрый Крываблоцкі гаворыць, што гэтым актыўна карыстаюцца ў Гомельскай вобласці. Больш за палову дзікоў там не адстрэльвалі з-за радыеактыўнасці, а цяпер плацяць за любую жывёліну… 

Тэарэтычна адток жадаючых папаляваць на дзіка можна было б пера-крыць, нарасціўшы аб’ём палявання на аленя, лася, казулю ці пушнога звера. І сапраўды, сёння шмат хто з замежных паляўнічых пераарыентаваўся менавіта на іх. Як тыя самыя палякі, якіх чакаюць пад Пружанамі ў бліжэйшыя выхадныя. 

Але на практыцы нівеліраваць скарачэнне аб’ёмаў палявання на дзіка за кошт іншых жывёл — справа рызыкоўная. Іх масавая здабыча можа паставіць пад пагрозу існаванне ўсёй лакальнай папуляцыі. У адрозненне ад дзікоў, колькасць капытных аднавіць даволі цяжка, тлумачыць Дзмітрый Крываблоцкі. У адным прыплодзе самка дзіка прыносіць ад 6 да 12 парсюкоў, а іншыя жывёлы — не больш за 1—2 дзіцяняці. 

Адным словам, можа здарыцца так, што панясе страты ўся экалагічная сістэма. Бо ў пэўнай мясцовасці не застанецца ні дзікоў, ні капытных. А гэта, у сваю чаргу, нашкодзіць эканамічнай сістэме асобных лясгасаў. Няма на каго паляваць — няма і выручкі.

Вядома, сёння пра катастрофу падобных маштабаў казаць заўчасна. Але на «валютны» эфект масавага адстрэлу дзікоў усё ж варта звярнуць увагу. Гэта толькі адзін з негатыўных сімптомаў. Аднак менавіта ён прымушае задумацца. Бо страчаную паляўнічымі гаспадаркамі валюту можна зарабіць іншымі шляхамі. Вернуцца і тыя грошы, што дзяржава траціць на кожнага забітага дзіка. А вось вярнуць да жыцця страчаную прыроду нават за мільярды наўрад ці  атрымаецца.

Арцём КІР,ЯНАЎ

artem.kirjanov@gmail.com

Асаблівасці нацыянальнага палявання


Кожнае лета масквіч Мікалай Гнацюк ускідваў ружжо на плячо і прыязджаў разам з таварышамі ў Беларусь. Чаму адпраўляўся на паляванне менавіта ў нашы лясы? «У мяне правіла: з кожнай вылазкі прывезці трафей. А даўжыня іклаў у вашых дзікоў, дарэчы, большая, чым у польскіх вепрукоў, а мяса смачнае, экалагічна чыстае. А цяпер што — ні сальца вывезці, ні капыта», — уздыхае Мікалай.

У нас дзік заўсёды лічыўся галоўным прамысловым відам. Мы маглі   запрашаць заморскага брата ў госці і быць упэўненымi: і ўдалае паляванне, і прыстойны трафей будзе. А як цяпер насыціць попыт іншаземцаў? Пытанне не з лёгкіх. Тым больш паляванне на дзіка і па цане таннейшае. Параў-найце: калі дзік абыходзіўся паляўнічаму ў мільён рублёў, лось — у дзесяць. Розніца ёсць. Паляўнічыя гаспадаркі разводзяць рукамі: попыт з боку турыстаў прысутнічае, але, як толькі патэнцыяльныя кліенты даведваюцца пра цяперашнія нюансы, цікавасць знікае…

Міністэрства лясной гаспадаркі падлічвае страты: пакуль яны невялікія, але можна застацца нават без пастаянных кліентаў. Калі ў мінулым годзе на сярэдзіну лістапада было 396 паляўнічых тураў, у гэтым — пакуль 374.

Але адкінем песімістычныя ноткі. Беларусь не першая становіцца на шлях поўнай дэпапуляцыі дзіка на фоне ўспышкі афрыканскай чумы свіней, зазначае дырэктар РУП «Белдзяржпаляванне» Аляксандр Казарэз: «Іспанія паўстагоддзя змагалася — гэта вам толькі як прыклад. Лепш давайце паглядзім на сітуацыю з іншага ракурсу. Зразумелая справа: дзік расце хутчэй за іншых парнакапытных і патомства  дае большае. Вось мы і забыліся пра іншыя віды. Тым часам у паляўнічых з усходнееўрапейскіх краін дзік зусім не ў  фаворы, яны праяўляюць цікавасць да палявання на высакародных жывёлін — аленя, казулю, лася. Прывяду паказальныя лічбы: у Германіі паляўнічымі здабываецца адзін мільён казуль у год, у нас —  усяго толькі дзесяць тысяч. Таму гэтую сiтуацыю можна успрымаць як штуршок, які ўзніме ўязны паляўнічы турызм на новы ўзровень».

Бліжэйшыя перспектывы — пераарыентаваць паляванне на іншыя віды. Кансультант аддзела палявання Мінлясгаса Віталь Бандарэвіч разважае, як зрабіць гэта эфектыўна: «Зробім «націск» на аленя, казулю, лася. Ужо зараз працуем над павелічэннем іх колькасці, але трэба разумець, што вынікі будуць толькі праз пяць-шэсць гадоў. Патэнцыял узнаўлення ў гэтых жывёл не такі інтэнсіўны, як у дзікоў».

Аляксандр Казарэз настроены аптымістычна: «На чым можна сыграць? 

У Беларусі шыкоўныя лясы, а шчыльнасць звяроў невялікая, гэта значыць, канкурэнцыя паміж жывёламі невысокая, стрэсаў менш. Вось і атрымліваецца, што размах рагоў у беларускіх ласёў і аленяў большы, чым у еўрапейскіх. Для турыста-паляўнічага перспектыва атрымаць годны трафей можа быць вельмі салодкай». Цяпер трэба нарасціць папуляцыю пер-спектыўных відаў. Праўда, браканьеры таксама не дрэмлюць.

Каб зрабіць прыток валюты ў гэтую сферу пастаянным, трэба задумацца і аб эфектыўнай рэкламе. «Можна пераарыентавацца на новы брэнд, напрыклад высакароднага аленя, — прапануе варыянт Аляксандр Казарэз. — На гэтую жывёліну яшчэ сам Мікалай ІІ паляваў. Велізарны патэнцыял мае і тэрыторыя для засялення. А калі ўсё гэта пры-правіць смачным соўсам, маўляў, на аленя яшчэ царскія асобы палявалі, попыт будзе гарантаваны». Беларускія лясы насяляюць больш за 50 відаў жывёл. Дробныя віды таксама, лічаць эксперты, не трэба пакідаць без увагі. Скажам, у Еўропе вялікі попыт на птушку слонку.

Віталь Бандарэвіч дэманструе фотаздымкі беларускай прыроды, краявіды зачароўваюць: «У нас шыкоўная экалагічная пляцоўка для паляўнічага турызму. Чым адрозніваецца паляўнічы турызм ад уласна палявання? Туры прапануюць яшчэ і камфортнае пражыванне, лазню, экскурсійную праграму, трансфер, поўную арганізацыю палявання, у тым ліку падрыхтоўку неабходных дакументаў. Сёння турыст можа прыехаць да нас не толькі з сябрамi-паляўнічымі, але і са сваёй сям,ёй. Ёсць усе ўмовы».

Як паўплывае сітуацыя з афрыканскай чумой на турыстычную раскладку, пакажа толькі час. Але зразумела адно: турыста нам страчваць нельга.

Таіса АЗАНОВІЧ

azanovich@sb.by

Свята месца не пустуе


Нацыянальныя паркі мужна пераадольваюць цяжкасці, што склаліся ў дадзены  момант. І робяць усё магчымае і немагчымае, каб выйсці на фінансавыя паказчыкі мінулага года. Зрабіць гэта ва ўмовах імклівага вынiшчэння галоўнага прамысловага віду складана, як ніколі.

І гэта вельмі адчувалася ў час гутаркі  з дырэктарамі нацыянальных паркаў. У «Белавежскай пушчы» і «Нарачанскім» з намі не захацелі падзяліцца фінансавымі вынікамі амаль завершанага года. Што тут сказаць, справа гаспадарская. 

У нацпарку «Прыпяцкі» прызналі, што без дзіка паляванне шмат у чым страціць сваю выніковасць, а значыць, і прывабнасць у вачах турыста-паляўнічага. Што такое настраляць за пару дзён 6—8 кабаноў альбо за гэты ж час выбегаць аднаго лася? Зразумела, што ні казуля, ні алень, ні лось секача не заменяць. Няма іх у нас столькі! Ды і сітуацыя з вывазам мяса і трафеяў аптымізму не дадае: каму ж хочацца плаціць 1000 еўра проста за фота на памяць? Тут парк ускладае вялікія надзеі на дакумент, які распрацоўваецца зараз у Мінсельгасхарчы. Ён супакоіць і аматараў трафейнага палявання, і тых, хто прыязджае ў Беларусь у першую чаргу за мясам. Калі жывёліна не хворая, навошта закопваць яе ў яму?

«Пакуль значнага адтоку па турах замежных паляўнічых мы не назіраем, хоць некаторая напружанасць па дзіку адчуваецца. Разлічваем усё ж такі, што год завершыцца станоўча», — распавёў Мікалай Бамбіза, начальнік аддзела аховы прыроды, камплектавання, лесакарыстання і палявання «Прыпяцкага».

А вось у нацпарку «Браслаўскія азёры» на станоўчую дынаміку, мабыць, разлічваць ужо не прыходзіцца. З пачатку года тут недалічыліся 4 млрд. рублёў. «Уявіце сабе, чатыры групы паляўнічых з Францыі па 25 чалавек кожная ў апошні момант даслалі ліст: прабачайце-выбачайце, але без набыцця трафеяў да вас не паедзем. Расіяне масава выказалі адмову з-за мяса. Вось і атрымалася, што толькі на пражыванні, харчаванні і дадатковых паслугах, што датычыцца гэтых людзей, мы страцілі яшчэ каля мільярда рублёў, — не тоіць засмучэння Віталь Дрожжа, дырэктар нацпарку. — Мы тут жа паспрабавалі перабудавацца і прапанаваць паляванне на лася, казулю, казу, вадаплаўную птушку. Хтосьцi адразу адмовіўся. Хтосьцi паспрабаваў, але хутка з’ехаў: не тыя адчуванні. Параўнайце: група паляўнічых, якая прыехала за кабаном, жыве ў нас у сярэднім паўтара-два тыдні. А калі гэта датычыцца лася, то расклад паляўнічага такі: дзень — прыехаў, дзень — забіў і дадому. Выручка зусім не тая... Дзвесце секачоў у нас яшчэ павінна быць, але што гэта супраць ранейшых 2500? Самі разумееце, пра былую выніковасць і масавасць палявання казаць ужо не даводзіцца». 

Відавочна, што нацпаркi краіны цяпер стаяць перад сур’ёзнай дылемай. На чым рабіць вал валютных паступленняў у наступным годзе ва ўмовах, калі кабан ў фарміраванні даходаў займае 50—70 працэнтаў? Адны кажуць пра развядзенне вадаплаўнай птушкi і стварэнне штучных гнездзішчаў на вадаёмах. Другія націскаюць на «замяшчальную тэрапію» — капытных, якія павінны часткова запоўніць нішу, што вызвалілася ад секача. Трэція ўспамінаюць вопыт краін, якія прайшлі праз афрыканскую чуму і ўжо сутыкнуліся з дэпапуляцыяй. А ён, у прыватнасці, паказвае, што дзіку быць на мушцы яшчэ не год, не два і нават не тры. А значыць, збольшага выратаваць станові-шча магло б вальернае паляванне. 

І тут апошняе, важкае слова — за ветэрынарамі Мінсельгасхарчу.

КАМПЕТЭНТНА

Іван СМIЛЬГIНЬ, начальнік упраўлення дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання: 

— Зараз мы завяршаем распрацоўку новых Ветэрынарна-санітарных правілаў па размяшчэнні і выкарыстанні дзіка ў вальерах. Сутнасць новаўвядзенняў у тым, што паляўнічыя гаспадаркі і нацпаркi, у якіх кабан знаходзіцца ў вальеры, змогуць пасля адпаведнай праверкі аддаваць паляўнічым тушы застрэленых жывёлін і трафеі. Праўда, для гэтага прыйдзецца выканаць цэлы шэраг умоў.

Адпаведным чынам павінны быць уладкаваны самі вальеры і пляцоўка для разбірання. Тут абавязкова будуць устаноўлены спецыяльныя халадзільнікі, дзе прамаркіраваныя тушы будуць чакаць заключэння лабараторнай праверкі. Іклы дзіка пасля адпаведнай тэрмічнай апрацоўкі таксама аддадуць на рукі паляўнічаму. Іх можна будзе вывозіць за мяжу.

Адразу хачу падкрэсліць: гэтыя змены датычацца выключна вальернага ўтрымання дзіка. Дзеянне пастановы № 729 урада, якая прадугледжвае дэпапуляцыю дадзенага віду ў жывой прыродзе, ніхто не адмяняў. Яна па-ранейшаму ў сіле.

Васіль МАЦВЕЕЎ

matveev@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter