Музей велікоднай пісанкі адкрыюць на Гродзеншчыне

Дзіўныя яйкі

Такі музей з’явіцца ў гарадскім пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна. Менавіта ў гэтай мясцовасці захавалася і сёння працягваецца традыцыя ўнікальнага роспісу велікодных яек. Узоры на сапоцкінскіх пісанках — звычайна гэта вясновыя кветкі, дубовыя лісточкі, сілуэты курачак і цікавыя арнаменты — наносяцца тонкім металічным канцом інструмента, які абмакваецца ў вадкі воск. А яйка фарбуецца ў адвары з кары алешыны, дуба з дабаўленнем іржавага жалеза і воцату. Такі адвар настойваецца ў падвале амаль два месяцы.

Тэхналогія вырабу сапоцкінскіх пісанак настолькі ўнікальная, што знаходзіцца пад аховай дзяржавы — занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

У Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры, у сценах якога 23 красавіка адкрыюць Музей пісанкі, даўно збіралася экспазіцыя, прысвечаная роспісу велікодных яек. Сёлета яе вырашылі пашырыць і ўдасканаліць. У музеі можна будзе не толькі ўбачыць і самому паспрабаваць вырабіць сапоцкінскія пісанкі, але і даведацца пра роспіс яек у іншых мясцовасцях, пазнаёміцца з тэхнікай вырабу велікодных вербачак, убачыць калекцыю рарытэтных паштовак да галоўнага хрысціянскага свята і многае іншае.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter