Дзiўныя апенькi

Грыбы  без  «фанабэрыi»

Грыбы  без  «фанабэрыi»

Гэта бясспрэчна, што з усiх нашых лясных дароў больш за ўсё розных дзiвосаў сярод грыбоў. Амаль кожны iх вiд iншы раз падрыхтуе такую з’яву, прыадкрые такую таямнiцу, што, незвычайна ўражаны, мiжволi задаешся пытаннем: адкуль такое, чым растлумачыць? Хаця адказ – у мудрасцi i фантазii нашай матухны-прыроды, якая творыць часам проста неверагоднае, а грыбы, вiдаць па ўсiм, вельмi падатлiвы “матэрыял” для такой работы. 

Сёння мой расказ – пра самыя звычайныя апенькi. Дзiўная гiсторыя, да якой я маю непасрэднае дачыненне. 

Апенькi, безумоўна, добра ведаюць усе аматары цiхага палявання. Без iх збор грыбоў далёка не паўнацэнны. А нашы далiкатэсныя стравы з лясных дароў страцiлi б шмат непаўторнай прывабнасцi, смаку. 

Сцiплы, калi можна так сказаць, “партрэт” апенек. У Беларусi iх багата па ўсёй тэрыторыi. Грыбы без усялякай “фанабэрыi” i “гонару” добра растуць у лiсцевых i хваёвых лясах, на пяньках, каранях дрэў, якiя даўно высечаны цi самi ўпалi i пачынаюць гнiсцi. На рэштках драўнiны ў глебе, проста на зямлi. На свежых высечках. То цэлымi калонiямi, то невялiчкiмi сямейкамi. Часта здараецца, што апенькi аблюбуюць сабе месцейка ў садзе, зусiм блiзка ад чалавечага жылля. Словам, зусiм непераборлiвыя грыбы, таму мы iх так i любiм. 

Ёсць апенькi летнiя, якiя пачынаюць расцi яшчэ ў чэрвенi, калi авёс у полi ў васковай спеласцi. Ад гэтага i нарадзiлася народная прымаўка ў вёсках: “Авёс бы воскам пакрыўся – апенек у лесе з’явiўся”. А калi лета ўжо на схiле i на дрэвах з’яўляецца першая жоўтая лiстота, тады пайшлi апенькi асеннiя, сапраўдныя. Растуць да першых замаразкаў, i для грыбнiкоў сапраўднае прыволле, бо можна за адну паездку ў лес набраць iх столькi, што ледзь прыцягнеш дамоў. Пра асеннiя ў народзе кажуць: “Апенькi такую прывычку маюць – грыбны сезон закрываюць”. Вельмi правiльна. 

Апенькi можна марынаваць, засольваць, сушыць. Надзвычай смачныя, калi падсмажыць з цыбуляй i смятанай альбо зварыць суп. Ды не толькi сваiм смакам вабяць апенькi. Яны ўтрым­лiваюць вялiкую колькасць вiтамiнаў В1, якiя iграюць вельмi важную ролю ў вуглевадародным абмене. Яшчэ ў сваiх тканках апенькi выпрацоў­ваюць асобае рэчыва – фламулiн, якi не дазваляе расцi саркоме i залацiстаму стафiлакоку. З’ешце ўсяго сто грамаў апенек, i ваш арганiзм будзе забяспечаны сутачнай патрэбнасцю ў цынку i медзi, якiя прымаюць актыўны ўдзел у працэсе крывятварэння. 

А зараз гiсторыя з жыцця апенек. 

Выраслi... у  крапiве 

Мой сябар праводзiў свой водпуск у роднай вёсцы ў канцы верасня. Так рабiў кожны год, бо трэба памагаць адзiнокай мацi, якая трымала гаспадарку, садзiла бульбу, буракi... Ды цi мала што чакае восенню ў вёсцы моцныя мужчынскiя рукi. Сябар — заўзяты грыбнiк, да яго невялiкай вёсачкi з усiх бакоў падступае лес, куды ён, калi выпадаў вольны час, i хадзiў у грыбы. Трэба сказаць, што ўсе жыхары вёсачкi раней мелi з лесу добры прыбытак. Шмат свежых грыбоў везлi да блiжэйшай шашы. А тыя, у каго свая машына, дык везлi i на сталiчныя базары самыя адборныя — баравiкi. Здавалi iх кааператарам. Ну i, зразумела, назапашвалi сабе на зiму i марынаваных, i салёных, i сушаных. 

I вось мой сябар расказвае: 

— Уся наша вёска гэтай восенню проста завалiлася апенькамi. Столькi iх, старыя людзi такога нават не памятаюць. А каб ты ведаў, дзе я браў апенькi, во дзiва. Паслухай. Саджуся на веласiпед, пяцi­гадовы сын таксама просiцца ў грыбы, ледзь не плача. Як адмовiць? Яго – на раму веласiпеда, i едзем у лес. У адным месцы на ўскрайку разраслася амаль у рост чалавека крапiва. Бачу ў ёй нешта жаўцее. Падыходзiм, i вачам сваiм не веру: апенькi! Цэлая сям’я! Пралез у крапiву далей – i тут яны. Ды якiя! Чыстыя, свежыя, толькi што выраслi, бо цёпла i дажджы. 

Ну, мы з сынам i бяромся за гэтыя апенькi, навошта ж ехаць далёка ў лес. Рэзалi iх з паўгадзiны, i вось ужо поўны мой вялiкi кош i меншы, сынаў, таксама. Прывезлi дамоў, зважылi: у двух кашах васемнаццаць кiлаграмаў апенек. Мацi ўзялася iх перабiраць, а мы з сынам на веласiпед i хуценька зноў у тую самую крапiву. I зноў вяртаемся з поўнымi кашамi. Потым з’ездзiлi трэцi раз. Усяго тады ў крапiве мы набралi больш як 50 кiлаграмаў апенек, а зразалi толькi шапачкi... 

— Сапраўды, вельмi цiкава, нават не верыцца, — адказваю. 

Сябар крыху пакрыўдзiўся i прапанаваў: 

— Давай у наступны выхадны з’ездзiм у маю вёску ды залезем у тую самую крапiву. Пабачыш, колькi там апенек, iх нiхто не выбера, бо ў вёсцы цяпер адны старыя ды нямоглыя... 

Заўзяты грыбнiк, я, канешне, прыняў запрашэнне сябра. Ледзь дачакалiся выхаднога. I вось мы ў вёсцы, iмчымся да той самай крапiвы. Вельмi карцiць: будуць апенькi цi не? “Ды нарэжам, — супакойвае мяне сябар. – Куды ж яны падзенуцца, зараз якраз iх пара”. 

Калi зайшлi ў крапiву, я здзiвiўся: такога мноства апенек, як тут, я, здаецца, не сустракаў нiколi. Цэлыя сем’i, прычым тоўпiлiся яны густа, а то разбягалiся россыпам, быццам iмкнулiся туды, дзе больш свабодна. Шапачкi бура-жоўтыя альбо жаўтавата-шэрыя, да­лiкатныя i надзвычай чыстыя, абмытыя ранiшняй расою. Ножкi высокiя, да 15 сантыметраў. Адна любата, ды i толькi. 

Мы iх рэзалi, колькi хацелi. Не спяшалiся, бо ў лесе ж нiкога не было, тым больш у крапiве. Вярталiся дамоў задаволеныя: такая ўдача — везцi па два вялiкiя кашы адборных апенек. “Як мая крапiва?” – пытаўся сябар. “Не падвяла, — адказваў я. – Сапраўдны запаведнiк для апенек». На тым мы i пагадзiлiся. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter