Верблюды, трубкозуб и Лемур Джулиан. В Минском и Гродненском зоопарках пополнение

Джуліян для лямура

У Гродзенскім і Мінскім заапарках з’явіліся новыя насельнікі. Некаторыя з іх — часовыя госці, іншыя прыехалі на пастаяннае месца жыхарства, ёсць і такія, чый лёс яшчэ не вызначаны. Карэспандэнт «Р» даведалася, якімі шляхамі да нас трапілі экзатычныя госці, як адчуваюць сябе на новым месцы.

Вярблюд кранальна клапоціцца аб юнай сяброўцы.

Для часовага экспанавання ў Гродзенскі заапарк перададзена некалькі афрыканскіх жывёл. Гэта трубказуб (істота, падобная да парасяці з доўгім рыльцам), гіены плямістая і паласатая, а таксама земляныя ваўкі — драпежнікі, якія жывуць у норах, а знешне нагадваюць маленькую гіену. Пакуль што ўсе яны праходзяць адаптацыю: пераезд заўсёды складанае выпрабаванне для жывёл. Але ўбачыць іх можна ўжо зараз, гэтак жа, як і пару варанаў, якіх перадалі ў заапарк мытнікі. 

У пасажырскім цягнiку Калінінград — Масква супрацоўнікі Гродзенскай рэгіянальнай мытні напрыканцы лістапада знайшлі вялізную сумку, у якой быў схаваны спецыяльны кантэйнер з дзвюма невядомымі жывёламі. Па кансультацыю звярнуліся ў заапарк, дзе высветлілася, што «зайцамі» ў цягнiку ехалі белагорлыя вараны. Гаспадара масіўных рэптылій — больш за метр даўжынёй — так і не ўстанавілі, і пара, «хлопчык» і «дзяўчынка», знайшла часовае жыллё ў заапарку. 

— Імёны ім не давалі — гэтыя вараны нам пакуль не належаць, вырашаць іх далейшы лёс будзе дзяржава. Але мы спадзяёмся ўсё ж, што яны застануцца ў нас, — расказаў Алег Жданкін, дырэктар Гродзенскага заапарка. — Жывёлы адчуваюць сябе нядрэнна, утрымліваюцца яны ў тэрарыуме. Навічкі ўжо адаптаваліся і больш не нервуюцца, калі бачаць нашага старажыла, шэрага варана. Ядуць з апетытам, прычым амаль усё, што прапануюць, хаця з’яўляюцца драпежнымі рэптыліямі. Стан іх здароўя нядрэнны, але яшчэ адно перамяшчэнне можа і загубіць жывёл.

Перад абаяннем Джуліяна не могуць выстаяць ні наведвальнікі, ні супляменніцы.

Больш пастаяльцаў стала і ў Мінскім заапарку. Да дзвюх «дзяўчат» каціных лемураў літаральна на днях далучыўся «хлопчык» Джуліян, які прыехаў з Новасібірскага заапарка. Ён яшчэ зусім маладзенькі — нарадзіўся ў сакавіку гэтага года. Джуліян вельмі камунікатыўны, вясёлы і рухомы, ён адразу прыйшоўся даспадобы наведвальнікам заапарка і развесяліў сваіх супляменніц. Дарослымі лемуры становяцца гады ў тры, і ў супрацоўнікаў заапарка маюцца сур’ёзныя планы ў адносінах да іх патомства.

У Мінску сустрэліся нядаўна маладыя вярблюды з розных рэгіёнаў Расіі. Бактрыян, або двухгорбы вярблюд, па мянушцы Вася прыехаў з горада Луга Ленінградскай вобласці, а яго сяброўка Яшма — з Ліпецка. Пакуль што яны знаходзяцца на каранціне, гэта значыць, не маюць зносін з 8-гадовай вярблюдзіцай Сакэ, якая выгадавалася ў Мінскім заапарку. Але наведвальнікі могуць убачыць эфектную парачку. 

— Яны амаль равеснікі, абаiм няма і года. Але Вася значна буйнейшы, мае больш цёмную афарбоўку. Затое ў Яшмы вочы быццам абведзены цёмным, яна сапраўдная прыгажуня, — не хавае захаплення новымі гадаванцамі Таццяна Солтысава, малодшы навуковы супрацоўнік Мінскага заапарка. — Вярблюд вельмі кранальна апякае сваю сяброўку. На людзей ён рэагуе асцярожна і недаверліва, Яшма больш ручная. Наша надвор’е ім выдатна падыходзіць.

Вясной маладых вярблюдаў пазнаёмяць са старэйшай дамай. Зрэшты, яны і зараз утрымліваюцца недалёка, могуць адчуваць пах адзін аднаго, так што нечаканай сустрэча не стане.

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter