5 идей для оформления балкона или лоджии

Джульеце на зайздрасць

Зазірніце на свой балкон. Якая карціна адкрываецца -- варэнні-саленні, санкі, лыжы, зламаны пылесос, нацягнутыя вяроўкі для бялізны і горы “патрэбнага” хламу? Згадзіцеся, на такую “прыгажосць” глядзець зусім непрыемна як самім гаспадарам, так і выпадковым мінакам. Самы час навесці парадак і разабраць склад па захоўванні непатрэбных рэчаў. Перастаньце выкарыстоўваць каштоўныя метры як склад забытых рэчаў і ператварыце іх у карыснае памяшканне. Пры правільным афармленні балкона ці лождыі нават з невялікай прасторы можна атрымаць дадатковае памяшканне для адпачынку, працы альбо заняткаў спортам. Вядома, усё залежыць ад яго памераў і формы.

Працоўны кабінет

kayrosblog.ru

Шмат працуеце дома, але ў невялікай кватэры сканцэтравацца сярод мітусні родных і шуму тэлевізара бывае складана? Выйсце ёсць -- можна «трансфармаваць» балкон у працоўны кабінет.

Для невялікіх памяшканняў трэба кампактная канструкцыя, якая дазваляе размясціць усё неабходнае, бо першарадная задача -- не захламіць лоджыю, а зрабіць яе максімальна камфортнай і ўтульнай. Для гэтага ў адным тарцы пастаўце працоўны стол над ім павешайце палічкі для дакументаў. Пры наяўнасці вольнага месца можна ўсталяваць стэлаж для кніг, патрэбных дробязяў. Дэкарыраванне міні-кабінета пажадана вытрымліваць у спакойных колерах, каб нічога не адцягвала ўвагу ад працы.

Рэлакс-зона

zhenray.ru

На балконе можна стварыць ціхі і ўтульны куточак, дзе можна пачытаць любімую кнігу альбо сустрэць захад сонца з кубачкам гарбаты. Для гэтага не патрэбны мудрагелістыя канструкцыі. Хопіць зручнага пляцёнага крэсла або невялікай канапкі.

Атмасферу ствараюць дэталі: не забывайце пра стыльныя шторы, карціны, дэкаратыўныя падушкі і пледы. Вечарам нотку рамантыкі ўнясуць агеньчыкі гірлянд.

Спартыўная тэрыторыя

remontt.net

Калі лянуецеся ісці ў спортзал, а падтрымліваць сябе ў выдатнай форме трэба, займайцеся дома, акурат на лоджыі. Зразумела, што тут не разгонішся, але калі памеры дазваляюць, каля сцяны можна ўсталяваць не грувасткую бегавую дарожку ці велатрэнажор. На балконе можна без турбот займацца ёгай: пасцяліце дыванок, уключыце прыемную музыку і асвойвайце новыя асаны на здароўе.

Да арганізацыі спартыўнага кутка на лоджыі ці балконе ёсць шэраг патрабаванняў. Аздабленне павінна быць не толькі прыгожым, але і практычным. Для пакрыцця падлогі спецыялісты рэкамендуюць выкарыстоўваць каўралін або тафтынговае палатно -- гэтыя матэрыялы адрозніваюцца высокай трываласцю і не будуць хутка “зношвацца”.

Каб была магчымасць падчас заняткаў назіраць, ці правільна выконваюцца практыкаванні, павешайце на сцяну вялікае люстэрка з максімальным аглядам. Пад падваконнікам можна арганізаваць прастору для захоўвання інвентару: гантэлей, бліноў і іншых спартыўных прыстасаванняў.

Гульнявы куток

koffkindom.ru

На лоджыі можна ўсталяваць стэлажы для канструктараў і лялек, магнітную дошку ці гімнастычны куток -- усё для вясёлага баўлення часу дзетак-непасед. Але э асаблівую ўвагу трэба надаць бяспецы. Трагедый дапамогуць пазбегнуць дзіцячыя замкі на вокнах, абмежавальнікі для адчынення створак, вонкавая сетка.

Таксама на балконе не павінна быць скразнякоў. На пол лепш за ўсё заслаць мяккае пакрыццё, напрыклад, дыван з сярэднім ворсам. Важна арганізаваць добрае, яркае штучнае асвятленне. Лялькі і машынкі ў вольны ад гульняў час можна складаць у скрынку або на спецыяльна абсталяваныя паліцы. Стварэнне на балконе такога пакоя дазволіць значна разгрузіць прастору кватэры, ды і малым будзе больш месца для гульняў і забавак.

Зімовы сад

vlchernaja.ru

Вясной можна стварыць на балконе міні-агарод. Духмяны кроп, пятрушка, базілік, рукала будуць адразу пад рукой -- дададуць стравам пікантныя ноткі і насыцяць арганізм вітамінамі і мінераламі. Каб расліны адчувалі сябе добра, на лоджыі трэба падтрымліваць адпаведныя тэмпературны рэжым і вільготнасць.

Узімку на ўцепленым балконе можа размясціцца сапраўдны сад. Тады нават самыя змрочныя і шэрыя зімовыя дні «расфарбуюцца» яркімі колерамі.

Камфортная тэмпература ў большай ступені залежыць ад шклення. Якасныя шклопакеты абароняць “гадаванцаў” ад штучных скразнякоў нават у мароз.

Якія расліны лепш размясціць у зімовым садзе? У топе не капрызныя расліны: фікус, драцэна, манстэра. Калі балкон пастаянна асвятляецца сонцам, можна зрабіць стаўку на цеплалюбівыя расліны.

ПАРАДЫ СПЕЦЫЯЛІСТА

Дзмітрый Лук’янёнак, архітэктар:

-- У афармленні балкона альбо лоджыі не бывае дробязяў. Тут патрэбны комлексны падыход. Канструкцыя вакон i дзвярэй, дызайн штор, мэблі, колер сцен, матэрыялы пакрыцця падлогі, столі, асвятленне -- кожная рэч у аздабленні стварае не толькі прыгожы завершаны дызайн, але можа вонкава пашырыць альбо паменшыць прастору, зрабіць памяшканне за лоджыяй ці балконам больш цёмным альбо светлым, унесці ў пакой больш паветра. Пры належным падыходзе можна выкарыстоўваць балкон ці лоджыю ў якасці своеасаблівага буфера паміж халодным або гарачым вонкавым паветрам і ўнутранымі памяшканнямі кватэры для стварэння спрыяльнага мікраклімату.

Загарэліся ідэяй? Не спяшайцеся адразу брацца за працу. Рамонт альбо перабудову лождый ці балконаў лепш даверыць прафесіяналам. Трэба дакладна ведаць, якія тэхналогіі прымяняць, якія матэрыялы выкарыстоўваць, улічваць стан дома і вышыню паверха. У пэўных выпадках можа спатрэбіцца распрацоўка праектнай дакументацыі.

 ВАЖНА

Любое ўмяшанне ў вонкавы выгляд балконаў альбо лоджый неабходна ўзгадніць у мясцовым выканкаме. Бо “трансфармацыя” уплывае не толькі на знешні выгляд будынка, але самае галоўнае -- на бяспеку гаспадароў, суседзяў зверху і знізу. Напрыклад, заменім металічную агароджу на цагляную сцяну, і нагрузка на пліту адразу вырасце, у дадатак яшчэ вага мэблі і людзей. Таму патрэбна ведаць i канструктыўныя, i эксплуатацыйныя характарыстыкі балкона цi лоджыi.

Па закону лоджыі і балконы нельга аб’ядноўваць з сумежнымі памяшканнямі кватэры шляхам дэмантажу вокнаў, дзвярэй, часткова сцен і ладзіць там сістэму ацяплення.

Не парушаючы заканадаўства, можна візуальна i функцыянальна зрабіць балкон працягам пакою. Адно з рашэнняў праблемы -- шырокія рассоўныя дзверы. Тут ёсць свае нюансы, але менавіта такі варыянт апошнім часам карыстаецца вялікім попытам у кліентаў.

infong@sb.by 

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter