Джон Росмэн: “Спакойная, мірная і вельмі перспектыўная краіна”

Джон Росмэн нарадзіўся і вырас у Нью-Ёрку. У Мінску Джон мае свой бізнес, кватэру і справу для душы — з’яўляецца адным з актывістаў веласіпеднага руху.
Джон Росмэн нарадзіўся і вырас у Нью-Ёрку. Але сваю амерыканскую мару ён рэалізаваў не ў ЗША, а ў Беларусі, дзе жыве ўжо сем гадоў. У Мінску Джон мае свой бізнес, кватэру і справу для душы — з’яўляецца адным з актывістаў веласіпеднага руху.


“Я люблю Нью-Ёрк, гэта мой родны горад. Атрымаў там адукацыю, працаваў праграмістам, ня­дрэнна зарабляў. Але ў нейкі момант зразумеў, што гэты горад і лад жыцця не для мяне. У Нью-Ёрку і яго наваколлях практычна адсутнічае прырода, дзе б можна было адпачыць ад гарадской мітусні. Калі чалавек хоча які-небудзь зялёны куток, ён павінен яго купіць. Уся прырода прыватызавана, зямля раскуплена пад катэджную забудову, лясы таксама прыватныя. Многія гарадскія дзеці ніколі не былі ў лесе, ягады і грыбы бачылі толькі на прылаўках магазінаў. Я не хацеў удзельнічаць у прыватызацыі прыроды. Таму пачаў прыглядаць сабе месца жыхарства ў іншай краіне”, — расказвае Джон.

Ён шмат падарожнічаў па свеце, пакуль не вырашыў асталявацца ў Савецкім Саюзе. На новае месца жыхарства — у Ленінград — пераехаў за паўтара месяца да распаду вялікай краіны. У Санкт-Пецярбурзе Джон пражыў 13 гадоў, затым яшчэ чатыры — у Протвіна, горадзе фізікаў, размешчаным у Маскоўскай вобласці.

Жывучы ў Расіі, ён не раз прыязджаў у Беларусь. І з кожным разам пранікаўся да яе ўсё большай сімпатыяй. У 2008 годзе Джон пераехаў у беларускую сталіцу на пастаяннае месца жыхарства. “Мінск — чысты, светлы горад. Шмат зеляніны, вялікія паркі і скверы. У мяне няма аўтамабіля, я адмовіўся ад яго яшчэ ў Амерыцы, паўсюль перамяшчаюся на веласіпедзе. І Мінск у гэтым плане вельмі зручны горад. Тратуары вялікія, ужо цяпер практычна ўсюды можна праехаць, не ўліваючыся ў аўтамабільны паток, і гэта вялікі плюс для мяне. Прычым веласіпедная інфраструктура Мінска працягвае развівацца”, — расказвае мой суразмоўца.

Джон з’яўляецца адным з заснавальнікаў кампаніі, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння сайтаў. А ў вольны ад работы час шмат падарожнічае па Беларусі, насычаючыся ўсё новымі ўражаннямі ад краявідаў і славутасцяў. “Проста выдатна, што ў Беларусі прырода не прыватызаваная, усё агульнадаступнае. Шмат прыгожых месцаў, дзікіх куткоў, дзе не адчуваецца ўплыву цывілізацыі. Люблю хадзіць у лес па ягады. Грыбы не збіраю, не вельмі добра ў іх разбіраюся. Яшчэ я ў поўным захапленні ад беларускіх балот. Праўда, адзін раз праваліўся па пояс, але нічога, выбраўся. Вялікі плюс, што ў Беларусі захаваліся балоты, таму што на Захадзе яны амаль усе знішчаныя. Балоты дапамагаюць захоўваць баланс экасістэмы, і гэта вельмі важна”, — дзеліцца ён уражаннямі.  

Цікава, што большасць сваіх паездак па гарадах і вёсках Беларусі — Джон называе іх пакатушкамі — таксама ажыццяўляе на веласіпедзе. Дзякуючы таму падарожжа прыносіць значна больш яркіх уражанняў, бо гэта зусім не тое, што глядзець на наваколлі з акна аўтобуса або поезда, тлумачыць ён. “У Амерыцы такія цікавыя пакатушкі практычна немагчымыя, таму што зямля прыватная і ехаць на веласіпедзе даводзіцца па аўтадарогах. А ў Беларусі я шмат езджу ляснымі дарогамі, праз вёскі і сярод палёў. Гэта здорава”, — расказвае былы амерыканец.

Паводле слоў Джона, ён ездзіць на веласіпедзе круглы год. Лічыць гэта зручным і эфектыўным спосабам перамяшчэння, які дапамагае захаваць як уласнае здароўе, так і “здароўе” навакольнага асяроддзя. Адзіны раз, калі ў яго былі з-за гэтага цяжкасці, гэта сустрэча з ураганам “Хаўер” — давялося несці веласіпед па сумётах на руках. У любое іншае надвор’е праблем няма. Вядома, калі выкарыстоўваць веласіпед са спецыяльнымі шынамі, своеасаблівы матацыкл без матора, удакладняе мой суразмоўца.   

Калі ўзімку ў 20-градусны мароз ён едзе на веласіпедзе, мінчане глядзяць на яго здзіўлена, прызнаецца амерыканец. “Большасць упэўнена, што веласіпед — гэта летні від транспарту. На самай справе мне пры мінус 20 градусах на веласіпедзе значна лепш і цяплей, чым людзям, якія стаяць на прыпынку і чакаюць аўтобуса”, — смяецца ён.  

Джон Росмэн не толькі сам з’яўляецца заўзятым веласіпедыстам, але і прымае актыўны ўдзел у развіцці веласіпеднага руху Беларусі. Ён дырэктар фонду “Экалагічны транспарт”, член праўлення грамадскага аб’яднання “Мінскае веласіпеднае таварыства”. Прымае ўдзел у праекце, які закліканы выпрацаваць аптымальныя для Мінска стандарты веласіпеднай інфраструктуры. Курыруе праект “Велакухня “Гараж 38”, дзякуючы якому ў беларускай сталіцы з’явілася бясплатная грамадская майстэрня з наборам спецыяльных велаінструментаў. Кожны  веласіпедыст, у якога ўзніклі праблемы з яго “двухколавым сябрам”, можа звярнуцца па дапамогу ў “Гараж 38”, дзе валанцёры дапамогуць яму ўхіліць паломкі ды адкажуць на ўсе пытанні.

Джон — прыхільнік экалагічна дружалюбнага ладу жыцця, і гэта выяўляецца не толькі ў яго выбары транспарту. Не есць мяса, аддаючы перавагу прадуктам расліннага паходжання. Абсталяваў кватэру вода- і энергазберагальнымі тэхналогіямі, а майстэрню “Гараж 38” — сонечнымі батарэямі. Акрамя таго, на балконе ў спецыяльным кантэйнеры ў Джона жывуць чарвякі, якія спажываюць арганічныя адыходы з яго стала — лупіны ад садавіны, рэшткі ежы і г.д. Дзякуючы іх жыццядзейнасці ўтвараецца ўрадлівая глеба, якую ён выкарыстоўвае для вырошчвання дэкаратыўных раслін і агародніны.

А яшчэ былы жыхар Нью-Ёрка захоплены вывучэннем беларускай мовы. “Працэс ідзе не хутка, але я чалавек упарты”, — прызнаецца Джон. Раз у тыдзень ён наведвае моўныя курсы. Слухае беларускае радыё, чытае кнігі беларускіх класікаў.

Пусціўшы карані на беларускай зямлі, Джон не страчвае сувязі і з гістарычнай радзімай, сям’ёй. У ЗША ў яго жывуць тры сястры, ёсць яшчэ брат у Францыі. Маюць зносіны па электроннай пошце, ездзяць адзін да аднаго ў госці. Апошні раз Джон наведваў сясцёр у Амерыцы чатыры гады назад.  Малодшая сястра і брат прыязджалі да яго ў Беларусь. Уласную сям’ю Джон пакуль не стварыў. “Заўсёды былі такія планы, але яшчэ не склалася”, — сцісла тлумачыць ён.  

З часам былы амерыканец плануе падаваць дакументы на атрыманне беларускага грамадзянства. “У Беларусі я па-сапраўднаму шчаслівы. Адзінае, аб чым шкадую, што не прыехаў раней, — прызнаецца ён. — Мне вельмі падабаюцца беларусы, іх, гаворачы па-беларуску, “памяркоўнасць” — вельмі мудрая жыццёвая пазіцыя. Беларусь не вядзе ні з кім войнаў, як іншыя краіны. Няма расавай, рэлігійнай  непрымірымасці. Не сустрэнеш раёнаў, дзе жывуць прадстаўнікі толькі адной нацыянальнасці, а іншым лепш нават не з’яўляцца. Спакойная,  мірная і вельмі перспектыўная краіна”.

Аксана Мыцько
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter