Джон КУНСТАДТЭР: «На беларускай вёсцы жыццё ідзе асаблівым рэем…»

ЁН ЖЫВЕ пастаянна ў ЗША. Але думкамі ледзь не штодня “залятае” ў далёкую, але такую мілую сэрцу Беларусь. Мала таго, некалькі разоў у год Джон КУНСТАДТЭР прыязджае сюды, каб прайсціся з фотаапаратам па нашай зямлі. Нязменна — па вясковай зямлі! Бо, як сам лічыць, менавіта ў беларускіх сёлах жыве своеасаблівы духоўны сакрэт, код росту беларускай нацыі. Як кінеш погляд на яго здымкі, зробленыя ў 2006—2009 гадах на Палессі, міжволі ўспамінаюцца словы Уладзіміра Караткевіча: “На гэтую зямлю нельга глядзець стомленымі вачыма”. Некалі Кунстадтэра на адкрыццё Беларусі натхніў менавіта “вялікі еўрапейскі пісьменнік” — так кажа пра аўтара “Дзікага палявання караля Стаха” і “Чорнага замка Гальшанскага” амерыканскі фотамастак-падарожнік. Пенсіянер з Чыкага цяпер, пасля адстаўкі з дыпламатычнай службы, увесь свой пенсіянерскі “імпэт” аддае фатаграфіі. А маё першае ўражанне ад суразмоўцы — яго проста трапяткое адчуванне нашай роднай мовы. Падалося, ён нават і не думаў, каб даць інтэрв’ю на іншай…

Амерыканскі фотамастак-падарожнік — пра пошукі коду росту нацыі, праніклівасць сельскіх бабулек і мару займець хату на Палессі.

ЁН ЖЫВЕ пастаянна ў ЗША. Але думкамі ледзь не штодня “залятае” ў далёкую, але такую мілую сэрцу Беларусь. Мала таго, некалькі разоў у год Джон КУНСТАДТЭР прыязджае сюды, каб прайсціся з фотаапаратам па нашай зямлі. Нязменна — па вясковай зямлі! Бо, як сам лічыць, менавіта ў беларускіх сёлах жыве своеасаблівы духоўны сакрэт, код росту беларускай нацыі. Як кінеш погляд на яго здымкі, зробленыя ў 2006—2009 гадах на Палессі, міжволі ўспамінаюцца словы Уладзіміра Караткевіча: “На гэтую зямлю нельга глядзець стомленымі вачыма”. Некалі Кунстадтэра на адкрыццё Беларусі натхніў менавіта “вялікі еўрапейскі пісьменнік” — так кажа пра аўтара “Дзікага палявання караля Стаха” і “Чорнага замка Гальшанскага” амерыканскі фотамастак-падарожнік. Пенсіянер з Чыкага цяпер, пасля адстаўкі з дыпламатычнай службы, увесь свой пенсіянерскі “імпэт” аддае фатаграфіі. А маё першае ўражанне ад суразмоўцы — яго проста трапяткое адчуванне нашай роднай мовы. Падалося, ён нават і не думаў, каб даць інтэрв’ю на іншай…

Візітоўка суразмоўцы

У 2005 годзе Джон Кунстадтэр пайшоў у адстаўку з амерыканскай дыпламатычнай службы, падчас якой працаваў у Турцыі, Балгарыі, у Дзярждэпартаменце ЗША ў якасці рэферэнта па Тунісе, старэйшага рэферэнта па Эстоніі, Латвіі і Літве, а таксама ў Беларусі, у якасці намесніка амбасадара ў 2000—2001 гадах. Персанальныя фотавыставы ладзіў у Вашынгтоне (1997 год), Анкары (2000, 2002, 2003, 2005 гады), Гродне (2008) і ў Нью-Йорку — сумесна са Сталым прадстаўніцтвам Беларусі ў ААН.

Супрацоўнічае з вядомымі беларускімі дзеячамі культуры — паэтам Рыгорам Барадуліным і бардам Алесем Камоцкім. Яны зрабілі разам некалькі арыгінальных літаратурна-музычных праектаў, якія праілюстраваныя здымкамі Джона Кунстадтэра.

 

— Спадар Джон, а вы падлічвалі, колькі гадоў займаецеся фатаграфіяй?

— Недзе больш за сорак. Але сур’ёзна, удумліва — прыкладна чвэрць стагод- дзя…

— Адкуль такое жаданне — далучыцца да беларускасці праз успрыманне перш-наперш вясковага жыцця? Можа, карані вашага роду на гэтай зямлі?

— Не, беларускіх каранёў не маю, род мой нямецкага паходжання. Амерыканец — па сукупнасці ўнутраных адчуванняў. А сувязі, досыць трывалыя і сталыя, з Беларуссю падтрымліваю вось ужо дзесяць з паловай гадоў. Ведаеце, а на ўзроўні духоўным часам адчуваю — тысячагоддзямі знітаваны! Хаця ўпершыню тут аказаўся ў 2000-м. Па творах Караткевіча, дарэчы, беларускую мову вывучаў. Памятаю, першыя словы, што асвоіў, такія былі: “шаноўнае спадарства”…

— На Беларускае Палессе, у тамтэйшыя вёскі, вас пацягнула таму, што чулі пра адметнае хараство мясцовай прыроды?

— Ваша прырода сапраўды дзіўная. Мне падабаецца, канешне, але… Тое, што мяне прыцягвае сюды, — не краявіды, а свет людзей. Звычайных вясковых, чыя звычайнасць — незвычайная.

Стараюся, па магчымасці, амаль кожны месяц прыяз- джаць у беларускія вёскі. Бо здымаю ўвесь час своеасаблівае «Кола года». Імкнуся пакінуць нашчадкам імгненні з жыцця беларусаў — працоўнага, бытавога, але найперш духоўнага. Царкоўныя святы, нейкія абрадавыя, эксклюзіўныя для той ці іншай мясцовасці,  трапляюць у мой аб’ектыў. Нефармальныя народныя традыцыі, без налёту афіцыёзу — проста невялічкія малюначкі з жыцця… У хаце, на полі, у царкве, у касцёле…

— А колькі вёсак наведалі?

— О, не магу назваць дакладна… Хіба так ужо патрэбна весці гэтыя падлікі? Навошта вандрую па вёсках? У прынцыпе, не супраць здымаць і гараджан, але ж лепей рабіць здымак пасля гутаркі з чалавекам. Трэба быць бліжэй да людзей, простых сялян — тады ёсць шанец спасцігнуць глыбей беларускую ментальнасць.

— Не падалося вам, быццам бы беларускі вясковец асцярожна ідзе на кантакт? Яго ж не так лёгка разгаварыць?

— Скажу болей пра палешукоў, менавіта іх «вывучаў» часцей. Беларускія сельскія гаспадар ці гаспадыня надзвычай хутка, імгненна проста ацэньваюць, хто перад імі. Мяне такая рыса ў паляшуцкім характары надзвычай займае, здзіўляе… Момант — і цябе ўжо «дэнтыфікуюць». Ці то ты добразычлівы, прыязны чалавек, ці то круцель, ашуканец, шэльма, адным словам.

— Ці не было так, каб механізм “ідэнтыфікацыі” даваў збой? Напрыклад, вас прынялі за нейкую “падазроную” асобу?

— Не, што вы! Хіба ж такога простага, гаваркога, адкрытага чалавека можна ў чымсьці западозрыць (усміхаецца)? А калі сур’ёзна, дык я меў на ўвазе здольнасць бачыць праз знешнія праявы ўнутраную сутнасць абсалютна чужога чалавека. Простыя вясковыя бабулечкі на Палессі — яны ж такія мудрыя-мудрыя, праўда, не без хітрынкі! Няварта нават спрабаваць прыкідвацца перад такім «увасабленнем» сялянскай праніклівасці.

У горадзе, калі хочаш спыніць чалавека, каб пафатаграфаваць, часцей сутыкаешся з адмовай. Няма часу, маўляў. Усё бягом, бягом… На беларускай жа вёсцы жыццё ідзе асаблівым, размераным рэем. Цішэй, памалу, спакайней — для фотамастака гэта сапраўдны востраў натхнення.

А яшчэ нельга не заўважыць: людзі ў вашых вёсках вельмі працавітыя. Іх двары — чысцюткія. Дрывотні заўсёды ў парадку. Лаўка — важнае месца! Вясковая агора, калі так можна сказаць. Ці — форум, не меней! Дарэчы, беларускія сяляне — годныя надзвычай, яны не гнуцца ні перад якімі, нават самымі цяжкімі, абставінамі. Я даўно для сябе вырашыў: ажыццяўляю на беларускай вёсцы асаблівую місію. Спрабую праз свае здымкі падкрэсліць гэтую сялянскую годнасць!

— Удаецца ці, бывае, нешта не атрымліваецца?

— Не лічыце мяне хвальком, але скажу так: удаецца на ўсе сто адсоткаў! Справа ў тым, што я свядома пазбягаю працы ў вашым, журналісцкім, стылі. Я не фотакарэспандэнт, не шукаю, як рэпарцёр, адлюстравання сучаснай, аператыўнай жыццёвай плыні. Знаходжу пазачасовыя моманты, тэндэнцыі, пэўныя рысы беларускасці, якія маюць глыбокія карані. На мой погляд, так і толькі так можна паказаць трываласць беларусаў. Увесь час працую, адным словам, над алюстраваннем нейкага магістральнага коду росту гэтай нацыі, а не асобных імгненняў яе быцця…

— Чаму, аднак, шукаць гэты код мэтазгодна, “асвойваючы” менавіта вясковыя тэрыторыі?

— На сяле лягчэй, бо чалавек там больш адкрыты. Ён пусціць да сябе ў хату, прыадчыніць перад вамі традыцыі сваёй сям’і, нават, калі асабліва пашанцуе, нейкія душэўныя таямніцы. А яшчэ ж ёсць іншыя месцы — храм, поле, дзе таксама можна шмат падгледзець і пакінуць нашчадкам у выглядзе фотавыяў.

— Сучасны беларускі селянін, па-вашаму, — асоба з “незачыненай” душой?

— Не магу сцвярджаць, быццам бы адкрытая пастаянна і для любога суразмоўцы. Хутчэй ён тая асоба, што паступова паддаецца раскрыццю, але пры пэўнай духоўнай працы таго, хто хоча зазірнуць у «люстэрка» беларускасці. А яно — у душы вяскоўца, я цвёрда перакананы!

— Праз фотасправу спасціглі, няхай і не так глыбока, ментальнасць беларускай нацыі. Ці не з’явілася ў вас адчуванне таго, што беларусы, наогул, па сваёй сутнасці — нацыя дагэтуль сельская, мала «кранутая» ўрбанізацыяй?

— Не, такіх момантаў не адчуваў. Вёска, зразумела, адыграла значную ролю ў станаўленні беларускай ментальнасці. Сяло — увасабленне нацыянальнай годнасці, але вызначаць беларусаў як нацыю сельскую не спяшаўся б. Ёсць вёскі, а ёсць і гарады…

—…і ёсць аграгарадкі, чулі пра такія селішчы новага тыпу, напэўна?

— Шчыра кажучы, больш цікаўлюся не пэўнымі пераўтварэннямі на вёсцы, а  людзьмі. Змены ў статусе населеных пунктаў маюць месца быць, але больш важкім мне падаецца, што там, у душы чалавечай? Сялянскай — у дадзеным кантэксце…

— За дзесяць гадоў, якія доўжацца вашы вандроўкі па беларускіх вёсках, стасункі з сялянамі, заўважылі змены ва ўнутраным свеце, нейкіх знешніх праявах беларускага вяскоўца?

— Добрае, слушнае пытанне! Мяркую, што на Палессі, у адметных, самабытных вёсках, да прыкладу, Століншчыны — Аздамічах, Цераблічах, Альшанах, Рубелі — за гэтыя гады вяскоўцы матэрыяльна пабагацелі. Бо нястомна працуюць кожны дзень! У парніках, на агурковых ці трускалкавых «палетках». Традыцыі рэлігійныя, прыкмячаю, не губляюцца, толькі мацнеюць у такіх вёсках. У царкве ў Аздамічах службы бываюць прыгожыя, на дзіва шматлюдныя. А з Рубеля, наколькі мне вядома, выйшла шмат святароў. Асабіста мяне такая вернасць спрадвечным запаветам продкаў, нейкаму духоўнаму апірышчу  натхняе зноў і зноў прыехаць на Беларускае Палессе…

— А маглі б стала, без прыездаў-ад’ездаў, пасяліцца ў беларускай вёсцы?

— Думаю пра гэта! Але яшчэ не знайшоў тую самую хату, дзе б захацелася пасяліцца. І калі такое здарыцца, прытулак гэты акажацца менавіта на Палессі. Вельмі мне там падабаецца…

— Дзякуй за шчырую размову, спадар Джон! Творчых поспехаў — беларуская вёска якраз тое месца, дзе заўсёды зможаце рабіць адметныя здымкі…

— І вам вялікі дзякуй!

Гутарыла Іна ГАРМЕЛЬ, “БН”

Фота Джона КУНСТАДТЭРА і Уладзіміра СІЗА

Ад аўтара. Выказваю шчырую ўдзячнасць за дапамогу ў працы над гэтым інтэрв’ю супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурнага музея  Янкі Купалы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter