Джаз без межаў. Клавішнік Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі Дзмітрый Хаменка названы лепшым джазменам года.

Гэта падзея адбылася ў дзень адкрыцця ХХІ міжнароднага музычнага праекта “Мінскі джаз-2010”, канцэрты якога па традыцыі праходзяць у лепшай па акустыцы зале беларускай сталіцы — клубе імя Дзяржынскага. Прэм’ерную праграму пад назвай “Джаз ХХІ стагоддзя” выконваў біг-бэнд Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны прафесара Міхаіла Фінберга. 
“Так, вось ужо 21 год з благаславення гарвыканкама кожны люты мы іграем у Мінску джаз, — гаворыць маэстра Фінберг. — У мінулым годзе імпрэзу прысвяцілі 70-годдзю беларускага джаза і яго заснавальніку заслужанаму артысту Беларусі, кампазітару, трубачу і дырыжору Эдзі Ігнатавічу Рознеру, стагоддзе якога будзем адзначаць сёлета.
У гэтыя тры лютаўскія дні, а праграмы будуць доўжыцца па 4 лютага,  упершыню на Беларусі прагучыць джазавая музыка, якая напісана ў ХХІ стагоддзі. Два канцэрты, адзін працяг другога. Прыедуць і выканаўцы з Амерыкі, Канады, Расіі. Такім чынам, аматары джаза змогуць паслухаць музыку на розны густ. На гэтай музыцы, а мы выконваем на фестывалях музыку лепшых аркестраў свету, і ў гэтым галоўная ідэя “Мінскага джаза”, і ўжо прагучалі праграмы з твораў Дзюка Элінгтона, Глена Мілера, Тома Джонса і іншыя, выхоўваюцца не толькі слухачы. За дваццаць гадоў вельмі выраслі нашы музыканты, вырас узровень нашага аркестра, які стаў сапраўднай зоркай еўрапейскага джаза”.
І, слухаючы сёння музыку новых кампазітараў, якія з’явіліся ў ХХІ стагоддзі, давайце скажам словы падзякі ў адрас заслужанага артыста Беларусі Барыса Райскага, выдатнага музыканта Юрыя Бяльзацкага, Яўгена Грышмана і Яўгена Глебава, народнага артыста СССР, якія шмат зрабілі для развіцця беларускага джазавага мастацтва”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter