Кіраўнік Мінгарвыканкама Андрэй Шорэц сустрэўся з актывам БРСМ

Дзейнічаць, а не чакаць

Адна з першых сустрэч, на якую з задавальненнем пагадзіўся прыйсці новы кіраўнік Мінгарвыканкама Андрэй Шорэц, стаў «Адкрыты дыялог» з актывам БРСМ. Моладзь турбавалі не толькі пытанні, якія тычацца іх жыцця непасрэдна, але і будучыня горада. Мэра пыталіся пра спецыяльныя месцы для графіці, пляцоўкі для варкаўта, пешаходную вуліцу. Адносна апошняй Андрэй Уладзіміравіч паабяцаў, што яна абавязкова з’явіцца. Дзе – яшчэ не вызначана, калі — таксама. Гэта ж датычыць і трэцяй лініі метро. Дарэчы, пра грамадскі транспарт.



З настальгіяй узгадваюць студэнты зусім нядаўнія часы, калі праезд у ім быў бясплатным. Вядома ж, просяць вярнуць тую льготу. Але новы мэр катэгарычна супраць: «Я не прыхільнік ільгот». Канешне, некаторыя катэгорыі грамадзян фінансава будуць падтрыманы горадам, але Шорэц упэўнены: трэба даць магчымасць людзям годна зарабляць, тады яны не будуць спадзявацца на бюджэт горада.

Цікавілася моладзь, за які з напрамкаў новы гра­даначальнік возьмецца ў пер­шую чаргу. Аказалася, ён не выдзяляе галоўныя і дру­гарадныя сферы. А за жыллёва-камунальную гаспадарку ўзяўся адразу толькі таму, што прыйшоў на пасаду з профільнага міністэрства. У бліжэйшы тыдзень будзе разбірацца з медыцынай, наступны – з гандлем і г. д. Што ж датычыць ЖКГ горада, то яна, як таго і патрабуе Прэзідэнт, будзе арганізавана па-іншаму. Андрэй Шорэц выступае за прыватна-дзяржаўнае партнёрства ва ўсіх сферах. У ЖКГ такі вопыт ужо быў, праўда, не зусім удалы: на прыватнікаў паступала шмат скаргаў. Але пытанне не вычарпана, мэр чакае слушных прапаноў. Наогул, ён лічыць, што чалавек павінен быць не толькі гаспадаром сваёй кватэры, а з такой жа адказнасцю ставіцца і да агульнай маёмасці. Напрыклад, не чакаць, пакуль гарадскія ўлады добраўпарадкуюць дваровую тэрыторыю (а мінімальны набор — на іх сумленні), а самім займацца гэтым. «Суботнікі павінны праводзіцца не па прымусе. Смецце ж застаецца ад нас жа», — лічыць ён.

Зноў жа менавіта з ня­доб­расумленнымі адносінамі чалавека звязвае Шорэц і прабле­му парковак. Ён не адмаўляе, што іх сапраўды не хапае, але ў той жа час адзначае, што ёсць у Мінску месцы, дзе паркінгі пустуюць, а бліжэйшыя двары і вуліцы перапоўнены машынамі, у тым ліку і вельмі дарагімі. Але праблемныя ўчасткі не застануцца без увагі: паркоўкі па прыкладзе той, што ёсць каля станцыі метро «Камен­ная Горка», з’явяцца на ўсіх уез­дах у горад, каб людзі маглі пакі­даць там свае машыны і дабірацца на работу на грамадскім тран­спарце.

Будуць, як і планавалася раней, зніжацца аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва. Адзін з варыянтаў паляпшэння жыллёвых умоў – пераезд у гарады-спадарожнікі. Зараз ідзе карэкціроўка генплана Мінска якраз з улікам тэрыторый Заслаўя і Рудзенска.

Галоўны вывад, які зрабіў но­вы кіраўнік Мінгарвыканка­ма, пасля сустрэчы са студэнта­мі: моладзь павінна часцей праяўляць ініцыятыву, уносіць свае прапановы і, найперш, дзейнічаць, а не чакаць, калі ёй дадуць гатовае.

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter