22 чэрвеня. Адзін з самых горкіх дзен у гісторыі. Расказваць пра вайну, каб памяталі

Дзецям дзяцей раскажыце

22 чэрвеня 1941-га... Адзін з самых доўгіх летніх дзён у каляндарным годзе. І адзін з самых горкіх у сусветнай гісторыі, які павярнуў увесь яе ход, змяніў жыццё вялікай дзяржавы, зламаў лёсы мільёнам людзей.

фото osimira.com

Семдзесят сем гадоў таму на досвітку 22 чэрвеня фашысцкая Германія парушыла дагавор аб ненападзенні і пачала вайну супраць Савецкага Саюза. У 3 гадзіны 30 мінут часці Чырвонай Арміі былі атакаваны нямецкімі войскамі на ўсім працягу граніцы — ад Балтыйскага да Чорнага мора. Першымі самы моцны варожы ўдар прынялі на сябе нашы гарады і вёскі.

Дзякуючы кадрам ваеннай кінахронікі, шматлікім даследаванням гісторыкаў, успамінам відавочцаў падзеі таго дня, здаецца, адноўлены ці не памінутна. Але і сёння, калі шмат часу аддзяляе нас ад тых страшных падзей, усё ж цяжка нават уявіць сябе на месцы тых простых людзей, якія клаліся спаць у прадчуванні нядзелі — самага звычайнага спакойнага летняга выхаднога дня, а назаўтра пачалася вайна.

Раптам. Знянацку. Вераломна.

Як жыць? Як ратавацца? Як быць далей?

Напэўна, гэтыя балючыя пытанні ўсе задавалі сабе з пачаткам вайны. І ніхто тады яшчэ не ведаў, што наперадзе ўсіх чакаюць 1418 доўгіх і неймаверна цяжкіх дзён і начэй — столькі працягвалася фашысцкая навала. З горам і нястачай, пакутамі і слязьмі, з жудаснымі выпрабаваннямі, неабарачальнымі стратамі. І — з адзінай на ўсіх вялікай надзеяй на хуткую Перамогу.

У маёй бабулі Акуліны Пятроўны было восем дзяцей. Двух сыноў — Ігната і Петрака адразу мабілізавалі ў войска. Калі ў родную вёску на Віцебшчыне прыйшлі чужынцы, мужа Мікалая і малодшую з дачок, 12-гадовую Надзейку, вывезлі ў Германію. А ў 1943-м спалілі вёску. Ратавалася з дзецьмі ў лесе, на балоце — з Воляй, Гануляй, Лізай і Юркам, самым малодшым, маім бацькам, у той час яму было 10. Там жа, на балоце, куды немцы лезці баяліся, са сваімі двума малымі бедавала і старэйшая бабуліна дачка, мая цётка Кацярына. Жылі ў буданах, мерзлі, галадалі, хварэлі, хаваліся ад аблаў.

Не менш нагаравалася на Магілёўшчыне — таксама ў лесе на балоце — другая мая бабуля, Таццяна Аляксандраўна, з чатырма дочкамі. Адну з іх — 9-гадовую Кацю тое балота забрала ў яе назаўсёды. Як было перажыць? І як расказаць пасля мужу, які вярнуўся з фронту, чаму не ўберагла маленькую дачушку…

Сёння, калі сама ўжо маці і бабуля, не магу зразумець, як вытрывалі тысячы простых беларускіх жанчын тое нечалавечае існаванне — не дзень і не два, а доўгія месяцы. Не магу ўявіць, колькі болю вынеслі матчыны сэрцы, хвалюючыся за лёс сваіх дзяцей і родных, колькі слёз выплакалі, колькі страху і гора нацярпеліся. І колькі сілы духу, моцы, веры спатрэбілася, каб не згубіць надзею на выратаванне, не апусціць у роспачы рукі, чакаць і дачакацца вызвалення.

Кожнага трэцяга свайго жыхара страціла наша краiна ў Вялікую Айчынную вайну. Па сваіх маштабах і лютасці бітва савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала небывалай у гісторыі.

Жалобная дата 22 чэрвеня адзначаецца ў нашай краіне як Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Мы схіляем галовы ў мінуту маўчання і ўспамінаем усіх тых, хто загінуў у баях, аддаў свае жыцці, выконваючы святы абавязак абараняць Айчыну ад нашэсця чужынцаў. Мы ўзгадваем пра тых, хто быў закатаваны ў фашысцкай няволі, хто памёр у тыле ад голаду і нястач, хто не перажыў акупацыю. Каб мірна жылі мы, іх нашчадкі. Каб ніколі не ведалі, што такое вайна. Каб вечна захоўвалі памяць пра яе і пра суайчыннікаў, родных і блізкіх, якія змагаліся за свабоду Радзімы.

Ёсць знакамітыя радкі ў Роберта Раждзественскага: «Детям своим расскажите о них, чтоб запомнили! Детям детей расскажите о них, чтобы тоже запомнили! Какою ценой завоевано счастье, — пожалуйста, помните!»

Сёлета на Дзень Перамогі хадзілі з унукам у цэнтр горада на святкаванне. Засыпаў пытаннямі. Вайна — што гэта такое? Чаго стралялі? Чаму забівалі? Хто тыя дрэнныя дзядзькі, якія вайну пачалі? Як патлумачыць на пяцігадовы розум? Мне аказалася вельмі няпроста. Уцяміў хлопец, відаць, мала што, бо да гэтых пытанняў у той дзень і пасля вяртаўся не раз.

Падрасце, і мы абавязкова зноў пагаворым пра гэта.

Каб зразумеў. Каб ведаў. Каб памятаў.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter