Дзеці «ворагаў народа»

АЛЯКСАНДР Чарвякоў, Мікалай Галадзед, Дзмітрый Жылуновіч (Цішка Гартны). Яны разам кіравалі дзяржавай, сябравалі. А потым настаў сумнавядомы 1937-ы… Валянціна Мікалаеўна (а ёй ужо споўнілася 88 гадоў) міжволі змахвае слязу. Успаміны цяжкія. Яна — адзіная жывая сведка тых трагічных часоў. Былая настаўніца, яна і зараз цудоўны суразмоўца. Чалавек з характарам. Ведае цану жыццю. Доўгія гады маўчала. З-за перасцярогі. За сябе і блізкіх. Бо шмат часу жыла з кляймом — дзіця «ворага народа». Гэты ж цяжар неслі і астатнія дзеці рэвалюцыйных дзеячаў. Але настаў час, каб новае пакаленне даведалася хоць кропельку аб тагачасным кругавароце. Мы едзем з Валянцінай Мікалаеўнай у пасёлак Свіслач, што ў Пухавіцкім раёне. Мясцовая школа носіць імя Аляксандра Чарвякова, былога Старшыні Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР. Тут жа адкрыты і гістарычны музей у гонар славутага земляка — Чарвякоў нарадзіўся ў суседняй вёсцы Дукора. Валянціне Мікалаеўне ёсць пра што расказаць. Разам з вучнямі паслухаем яе. — Працавалі разам і сябравалі не толькі нашы бацькі, але і мы, іх дзеці — Зося Чарвякова, Галя Жылуновіч і я. Нас парадніў лёс, вялікае шчасце і вялікае гора.

Іх бацькі стваралі маладую беларускую дзяржаву. Загінулі падчас масавых рэпрэсій. А што здарылася з іх дзецьмі? Аб гэтым карэспандэнту «БН» апавядае Валянціна Галадзед, дачка Старшыні Савета Народных Камісараў БССР.

АЛЯКСАНДР Чарвякоў, Мікалай Галадзед, Дзмітрый Жылуновіч (Цішка Гартны). Яны разам кіравалі дзяржавай, сябравалі. А потым настаў сумнавядомы 1937-ы… Валянціна Мікалаеўна (а ёй ужо споўнілася 88 гадоў) міжволі змахвае слязу. Успаміны цяжкія. Яна — адзіная жывая сведка тых трагічных часоў. Былая настаўніца, яна і зараз цудоўны суразмоўца. Чалавек з характарам. Ведае цану жыццю. Доўгія гады маўчала. З-за перасцярогі. За сябе і блізкіх. Бо шмат часу жыла з кляймом — дзіця «ворага народа». Гэты ж цяжар неслі і астатнія дзеці рэвалюцыйных дзеячаў. Але настаў час, каб новае пакаленне даведалася хоць кропельку аб тагачасным кругавароце. Мы едзем з Валянцінай Мікалаеўнай у пасёлак Свіслач, што ў Пухавіцкім раёне. Мясцовая школа носіць імя Аляксандра Чарвякова, былога Старшыні Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР. Тут жа адкрыты і гістарычны музей у гонар славутага земляка — Чарвякоў нарадзіўся ў суседняй вёсцы Дукора. Валянціне Мікалаеўне ёсць пра што расказаць. Разам з вучнямі паслухаем яе. — Працавалі разам і сябравалі не толькі нашы бацькі, але і мы, іх дзеці — Зося Чарвякова, Галя Жылуновіч і я. Нас парадніў лёс, вялікае шчасце і вялікае гора.

Зося

Яна была амаль дарослай, вучылася ў Маскве, у Інстытуце імя Баўмана. Прыехала на канікулы ў Мінск, якраз напачатку лета 1937 года. Тады ж праходзіў чарговы з’езд КП(б)Б. Аляксандр Рыгоравіч вярнуўся з пасяджэння, і ўсе хатнія адчулі: штосьці здарылася.

— Ведайце, што б са мной ні здарылася, я заўсёды жыў і працаваў сумленна, — папярэдзіў роспыты Чарвякоў.

Увечары іх кватэру запоўнілі людзі ў зялёных фуражках…

Ганне Іванаўне, маці Зосі, паведамілі:

— Ваш муж застрэліўся ў перапынку паміж пасяджэннямі з’езда.

Ён быў абвінавачаны ў здрадніцтве і двурушніцтве. Прымаючы страшнае рашэнне, напісаў перадсмяротнае пісьмо: «Пакідаю жыццё з вераю ў партыю і Сталіна».

У інстытуце ад Зосі патрабавалі, каб яна адраклася ад бацькі. Ціхая і мужная дзяўчына адмовілася. Яе тут жа выключылі з інстытута і камсамола. Забралі пашпарт і з «белым білетам» выслалі ў адміністрацыйную ссылку, у Яраслаўль.

Мінула некалькі тыдняў. Маці, Ганну Іванаўну, арыштавалі ў Маскве. Дачка ажно восем гадоў не ведала, дзе яна, што з ёю, ці жывая ўвогуле. І толькі ў 1945 годзе тая прыехала ў Яраслаўль. Дачка ледзь пазнала некалі гордую, велічную і прыгожую жанчыну. Змарнелая, кволая, у залатанай ватоўцы і хустцы.

У 1950 годзе, калі, здавалася, усе пакуты і вайна ў мінулым, хтосьці дзесьці ўспомніў: а дзеці «ворагаў народа» яшчэ жывуць? Зося замест пашпарта атрымала «белы білет» і накірунак — далёкі Казахстан, неабжыты пасёлак. Маці была на волі, але не магла пакінуць дачку сам-насам з чарговымі выпрабаваннямі. Праўда, хутка так занядужыла, што яе паралізавала. І цяпер ужо Зося ахінула яе сваёй цеплынёй. Да апошніх дзён. Пакуль не прыняла цудоўнага чалавека зямля кустанайская.

Праз пятнаццаць гадоў з сынам Аляксандрам вярнулася ў Мінск. Пайшла на прыём да Машэрава. Пётр Міронавіч доўга распытваў пра бацьку, лёс сям’і. Расчуліўся. Паабяцаў падтрымку. Даў каманду падначаленым устанавіць помнік на могілках па вуліцы Даўгабродскай у Мінску, варты заслуг і пашаны Чарвякова.

Нарадзіўся 8 сакавіка 1892 года ў вёсцы Дукора Ігуменскага павета (тэрыторыя сучаснага Пухавіцкага раёна). Член КПСС з мая 1917 года. Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут (1915). Удзельнічаў у рэвалюцыйных гуртках, у беларускіх бежанскіх арганізацыях у Расіі. 1 студзеня 1919 г. у ліку 5 членаў Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада БССР у Смаленску падпісаў Маніфест аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

У 1920—24 гг. — Старшыня ЦВК БССР і СНК БССР, у 1924—37 гг. — Старшыня ЦВК БССР, адзін са старшынь ЦВК СССР. Удзельнічаў у падрыхтоўцы ўтварэння Саюза ССР, у распрацоўцы Канстытуцый СССР і БССР.

Паводле афіцыйнай версіі — застрэліўся «на сямейнай глебе» ў перапынку чарговага з’езда КП(б)Б у 1937 годзе.

— Пакінула гэты свет мая сяброўка дзяцінства і юнацтва. Смуткую. Адна радасць: у сталіцы жыве зараз нашчадак былога кіраўніка дзяржавы, цёзка знакамітага дзеда — Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў. Два гады таму ў сям’і адбылася значная падзея — нарадзілася прапраўнучка стваральніка беларускай дзяржавы. З імі, пакуль жыву, і падтрымліваю сувязь.

Галіна

Памерла ўжо і трэцяя сяброўка, Галіна Жылуновіч, дачка не менш знакамітага чалавека — Цішкі Гартнага. Пісьменніка і першага Старшыні Савецкага ўрада, аўтара маніфеста, які абвясціў беларусам новае жыццё і долю.

Жылуновіч Зміцер Фёдаравіч. Нарадзіўся ў Капылі. З сялян. З першага  студзеня да 3.2.1919 г. узначальваў Часовы ўрад Савецкай Беларусі. Пасля быў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», часопіса «Полымя», дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У гісторыю беларускай літаратуры ўвайшоў як паэт, празаік, драматург, публіцыст і крытык.

Махавік рэпрэсій загубіў яго першым з трох кіраўнікоў, яшчэ ў 1936 годзе. Галіна з маці Надзеяй Сцяпанаўнай пасля турэмнага зняволення адбывалі ссылку на Урале і ў Ленінградскай вобласці. У вайну дачка «ворага народа» скончыла курсы медсясцёр. Працавала і завочна вучылася ў педагагічным інстытуце. Алега, свайго малодшага брата, які добраахвотнікам пайшоў на фронт, страціла пад Ленінградам. Сама, хворая, толькі ў 1946 годзе вярнулася ў Беларусь. Каб не Якуб Колас, то невядома, ці змагла б увогуле доўга пражыць. Падтрымаў ён «ворагаў» шчыра і чула. Галя паказвала пісьмо, якое берагла і якім вельмі даражыла. Якуб Колас звяртаўся з просьбай да прэзідэнта Акадэміі навук БССР, каб той залічыў у штат Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук. Там яна і працавала ўвесь адведзены лёсам час.

Калі не стала Галіны Дзмітрыеўны, гэтай маленькай, нават у сталыя гады падобнай на хлапчука-падлетка жанчыны, абарваўся прамы род Жылуновічаў. Няма ў Цішкі Гартнага ні ўнукаў, ні праўнукаў: Галя была адзінокай.

Але застаўся іншы след яго жыцця і дзейнасці, часцінка ягонай душы і думак, разваг над рэчаіснасцю — літаратурныя творы, над выданнем якіх шмат гадоў працавала дачка, кандыдат філалагічных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР.

Валянціна

Ведаеце, што крыўдна: чалавечы век кароткі, а ягоныя справы, нават самыя адметныя, велічныя, могуць адначасна быць перакрэсленымі. У адной высокай дзяржаўнай установе, куды мая мама звярнулася пасля ссылкі, чыноўнік ускінуў здзіўлены позірк:

— Галадзед? Гэта партызан?

А тады не прайшло яшчэ і дваццаці гадоў, як Мікалай Галадзед, якого ведаў кожны беларус, быў знішчаны рэпрэсіўнай сталінскай машынай. Вось і хочацца, пакуль жыву, штосьці расказаць пакаленню, якое ўжо не тое што рэвалюцыю, але і ваеннае ліхалецце ведае па кніжках і кіно. І гучна заявіць: Мікалай Мацвеевіч Галадзед — Старшыня Савета Народных Камісараў Беларускай ССР з 1927 па 1937 гады!

Нарадзіўся ў вёсцы Стары Крывец Навазыбкаўскага павета. У сям’і беларускага селяніна. З маленства парабкаваў. Закончыў рабфак Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. У 1917 вёў рэвалюцыйную прапаганду ў салдацкіх камітэтах. З 1921 па 1924 гг. — старшыня выканкама Савета г. Горкі (у той час Гомельскай губерні), старшыня тройкі па барацьбе з бандытызмам. У 1925—1927 гг. — сакратар ЦК КП(б) Беларусі. Потым 10 год запар да самага арышту і трагічнай смерці (паводле афіцыйнай версіі, скончыў жыццё самагубствам — выкінуўся з турэмнага акна) быў Старшынёй Савета Народных Камісараў Беларускай ССР.

Хтосьці ўпікае, быццам ён змаладушнічаў і пакончыў жыццё самагубствам. Ніколі не паверу ў гэта! Ён быў мужны чалавек. Нават да Сталіна паехаў, каб абараніць свайго таварыша па партыі Убарэвіча, які трапіў у апалу. Сталін выслухаў, паабяцаў разабрацца, а самога забраць на працу ў Маскву. Акрылены і радасны вярнуўся бацька дамоў, а праз нейкі час да нас прыйшоў начальнік НКУС Берман. Мама, нічога не падазраючы, пайшла на кухню ставіць чайнік. А «госць» прад’явіў ордэр № 8. Арышт. Вобыск. А як папа загінуў, дакладна і сёння не ведаю. Толькі доктар мне расказваў, што, калі яго ў турму запрасілі засведчыць смерць Галадзеда, той яшчэ быў жывы. Аказаць дапамогу не дазволілі...

А потым і нам, дзецям «ворагаў народа», нічога не дазвалялі. Маму адразу арыштавалі. Утрымлівалі ў адзіночнай камеры. Потым ссылка.

Шмат несправядлівасці перацярпела і я. Але, ведаеце, калі памёр Сталін, я міжволі заплакала. Мама дзіўна так паглядзела на мяне:

— Я свае слёзы выплакала ў турме, — і выйшла ў другі пакой.

Мяне выслалі ў Яраслаўль. Ужо з Масквы. Качагар данёс, што я знайшла прытулак на кватэры ў роднай цёткі Зіны. Прыйшлі дзядзькі ў пагонах, патрабавалі пашпарт. Няма. Даюць прадпісанне: за тры дні пакінуць сталіцу. Выслалі, куды і Зосю Чарвякову. Скончыла дзесяцігодку.

Дабівалася дазволу паступіць вучыцца. І пашпарт атрымала. Праўда, з паметкай: «невыязная». Выдатніцай была. На 5 рублёў большую стыпендыю атрымлівала. Адзенне і абутак зношваліся. Эканоміла на харчаванні.

У вайну на працоўным фронце была. Дзяжурыла ў шпіталі, на даху інстытута разам з дзяўчатамі-зенітчыцамі. Але, бадай, галоўным абавязкам было стэнаграфіраваць тэкст з «чорных талерак» — радыёкропак. Тыражыраваць. Людзі вельмі чакалі навін з фронту.

У 1946 годзе з ссылкі вярнулася мама. Але рэпрэсіўная машына працавала па-ранейшаму. Атрымліваю чарговы загад: пакінуць Яраслаўль, пераехаць у Кустанай. Муж мой, Фёдар Белякоў, франтавік, удзельнік Параду Перамогі, адстояў. У Маскве дабіўся, каб мяне пакінулі ў спакоі. Да таго ж грамадскасць горада заступілася. Я ўжо настаўніцай працавала, мела добрую рэпутацыю. Забралі толькі пашпарт, далі «белы білет». О, як гэта было ганебна і балюча! Ды і хадзіць у «шэры дом» кожныя дзесяць дзён адзначацца.

Калі памёр мой каханы муж, пахавала яго і зазбіралася на радзіму. 1975 год. Мінск. Я ў дачкі. Уладкавалася на працу ў школу. Але ніхто доўга і не ведаў, што я дачка  партыйнага  дзеяча  Галадзеда. Нацярпеўшыся здзекаў, баялася. Не за сябе. За дачку і ўнукаў.

Дзякуй Богу, час расставіў усё па сваіх месцах.

Уладзімір СТРЭЛЬСКІ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter