Дзеці, дзеці, куды вас падзеці?

Каладзішчанскі палігон я пачаў асвойваць адным з першых. Тыя, хто браўся тут за будоўлю пасля, абавязкова “праходзілі” праз мой участак. Хаця б дзеля таго, каб пацікавіцца:

— Калі будзе святло, газ, вадаправод?

Заадно дзяліліся сваімі планамі, і міжволі завязвалася размова пра жыццё. Неяк увечары на суседні ўчастак прыехаў, як аказалася, былы ваенны лётчык, палкоўнік авіяцыі ў адстаўцы. Пазайздросціў майму складзенаму зрубу. Пазайздросціў па-сапраўднаму, я б сказаў, шчыра.

— Нічога, — супакоіў яго. — Некалі ж і вы нешта пабудуеце...

На што сусед мне распавёў наступную гісторыю:

— Была ў мяне “дзявятка” і дзве тысячы даляраў. Сябра мае свой цагельны завод. Паабяцаў падарыць тысяч дзесяць—пятнаццаць цаглін на катэдж. Я ўжо сабраўся будавацца. Але дзеці закамандавалі купіць яшчэ “Аудзі”. Цяпер у гаражы дзве машыны, а грошай няма. Давядзецца перавучыцца на грамадзянскага лётчыка і ляцець у Афрыку зарабляць сродкі на катэдж.

Праз некаторы час на суседні ўчастак на «дзявятцы» і “Аудзі” прыехалі дзеці майго новага знаёмага са сваімі дзецьмі. За некалькі хвілін размецілі катэдж дзесяць на дзесяць метраў, пракапалі канаўкі ад забітых па вуглах калочкаў. Пасмажылі шашлыкі, павесяліліся.

Мяркуючы па гэтым, я вырашыў, што іх бацька і дзед ужо перавучыўся і паляцеў у Афрыку зарабляць даляры.

Вечарамі, пасля напружанай працы, звычайна ў выхадныя дні, я падключаў да акумулятара чорна-белы маленькі “Гарызонцік”, выраблены на ваенным заводзе, і, наколькі мог, глядзеў навіны. Неяк у “Панараме” прагучала вестка аб тым, што ў небе над адной з афрыканскіх краін збіты грамадзянскі самалёт з беларускім эпіпажам. Усе лётчыкі загінулі. Праз некалькі тыдняў гісторыя паўтарылася  адзін да аднаго.

Паколькі дзесяць гадоў запар на ўчастку не ступала нага суседа і яго дзяцей, мяркую, што ён загінуў у Афрыцы.

Паступова палігон забудаваўся. Ідучы дадому з аўтобуснага прыпынку, звяртаю ўвагу на адну сямейную пару. Жанчына месіць раствор, падае мужу блокі, і той акуратна ўкладвае іх у сцены. Пры гэтым “упіраюцца рагамі”, нягледзячы на сталы ўзрост.

— Што прымушае вас так завіхацца? — неяк пацікавіўся ў іх.

— Ой, не пытайцеся, — адказала жанчына. — Дзеці выраслі, хочуць завесці свае сем’і. І пры гэтым жыць самастойна ад нас, бацькоў. Закамандавалі: “Купляйце кватэры!” А якія ў нас сродкі?! Вось даводзіцца спяшацца да зімы ўсяліцца хоць бы ў чатыры сцяны. Нават без электрычнасці, вады і газу. А кватэру пакінем ім.

Другому майму суседу, былому прапаршчыку, пашанцавала болей. Па “старых сувязях” яго катэдж будавалі салдацікі за добры абед.

— А што ж сыны? — пацікавіўся я ў яго. — Вы ж такія харомы ўзвялі...

— Пры такіх адносінах я яшчэ падумаю, ці пускаць іх сюды! — адказаў мне сусед.

Гісторыя праблемных узаемаадносін бацькоў і дзяцей налічвае не адно стагоддзе. І мне штодня не дае спакою адна думка: што ў іх выхаванні мы згубілі? Як дапусцілі, што тыя гатовы дзеля дабрабыту ахвяраваць жыццямі, здароўем бацькоў? Нас у бацькі і маці было трое на 45 квадратных метрах. І ніколі не ўзнікала пытанне, што цесна, ніколі “не заганялі іх у кут”. Былі ўдзячнымі за тое, што нас нарадзілі на гэты свет, вывучылі...

А тут, што ні сям’я — трагедыя...

Нехта скажа: “Час такі!”

Не, напэўна, справа не ў часе. Мы нарадзіліся пасля вайны, і жыццё мёдам не здавалася. Справа яўна ў іншым. Вось толькі ў чым?

Пятро КАВУНОЎ, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter