Дзесяць вякоў пад зямлёй. Ля станцыі метро “Няміга” працуе “машына часу”

Выйшаўшы з падземкі, вы зноў спускаецеся пад зямлю — прама ў XI стагоддзе, у першыя гады існавання нашай сталіцы. Археолагі раскапалі на беразе Свіслачы, там дзе некалі быў гарадскі крэмль, маставыя, дамы рамеснікаў і падмуркі каменнай царквы.

Уваскрэсенне Менска

У руках Юрыя Зайца, вядомага даследчыка мінскага Замчышча, гліняны чарапок.
— Гэта венчык ад гаршка. Дробязь, магчыма, вам здасца. Але дзякуючы яму мы можам удакладніць дату заснавання горада, — вучоны дэманструе дэталь “машыны часу”.
Спадар Заяц круціць у руках “пасланне” з мінулага і рэзюмуе: керамічны аскепак паходзіць з перыяду ад 1075 да 1125 года. А Мінск, як вядома, існуе з 1067-га. Але дагэтуль вядуцца спрэчкі, ці на сваім сённяшнім месцы ўзнік горад, ці за кальцавой аўтадарогай — на берагах ракі Менкі. Мэта кожнага археолага, які бярэцца за даследаванне гісторыі сталіцы, знайсці які-небудзь артэфакт, старэйшы за 1067 год. Тады стане адназначна відавочна: горад пачынаўся са Свіслачы. Аднак пакуль такіх рэчаў у рукі людзей навукі не траплялася.
Затое ўдалося ўпершыню за многія дзесяцігоддзі адкрыць падмуркі першага мураванага храма. Яго будаваў, мяркуе археолаг Заяц, самы вядомы ўладар старажытнага Менска — князь Глеб. “Але ў 1118 годзе Глеба паланіў кіеўскі князь Уладзімір Манамах, звёз у свой горад, дзе праз год менскі ўладар пры загадкавых абставінах памёр. Царква страціла свайго фундатара, таму работы на гэтым аб’екце спыніліся. Назаўсёды”, — расказвае археолаг.
Дарэчы, у пачатку 90-х гадоў з благаславення Мітрапаліта Філарэта былі “адноўлены” контуры царквы на паверхні зямлі і ўсталяваны памятны абеліск. Але раскопкі паказалі, што копія зрушана трохі ўправа ад лініі залягання падмуркаў арыгінала.
Пад зямлёй на глыбіні 197 метраў ад узроўню Балтыйскага мора (такімі каардынатамі карыстаюцца даследчыкі, хаця старажытны горад схаваны “ўсяго” на трох—пяці метрах углыб ад сучаснага) раскрылася і маставая, што вяла да царквы. Цяпер Аляксандр Мядзведзеў, кіраўнік раскопак, загадчык аддзела археалогіі сярэдневяковага перыяду Інстытута гісторыі НАН ламае галаву, як захаваць драўляны насціл ад знішчэння. Прырода нялітасцівая да сваёй жа, прыроднай матэрыі: дрэва ўсыхае і крышыцца. Між тым плануецца, што раскапаныя рэшткі горада ля станцыі метро “Няміга” будуць закансерваваны і выстаўлены на ўсеагульны агляд.
Паглыбленні ў самае нутро Мінска вучоныя ажыццяўляюць не так часта. Апошні раз тут вяліся раскопкі ў 1986 го-дзе — акурат тады будавалася станцыя “Няміга”.
Ну а калі Замчышча ўсё ж будзе адноўлена, хаця яго магутных валоў не відаць ужо на паверхні, Аляксандр Мядзве-дзеў ведае, адкуль іх насыпалі. Па геалагічнай структуры падземных слаёў былога крамля ён здолеў вылічыць, дзе і пад якім вуглом праходзілі абарончыя ўмацаванні Менска XII стагоддзя. Гісторык нават можа паказаць траекторыю колішняй галоўнай вуліцы, якая называлася Вялікай і да пачатку ХХ стаго-ддзя яшчэ існавала на картах пад назвай Вялікая Мясніцкая.
Іначай кажучы, даўні Менск мае шанц уваскрэснуць — прынамсі, некалькі яго кварталаў. Матэрыялы раскопак даюць надзею на тое, што такі цуд усё ж здарыцца.

Таямніцы саркафагаў

Тым часам ля Свята-Духава кафедральнага сабора “струменіць” сюрпрызамі яшчэ адна крыніца старажытнасцей. Тут знойдзены рэшткі... Святадухаўскай царквы. Існавала такая — але больш старажытная за сучасны галоўны праваслаўны храм краіны. Тая даўнейшая царква была пабудавана ў стылі рэнесансу і знесена ў 1936 годзе. Цяпер яе плануюць аднавіць.
Рабочыя з рыдлёўкамі і археолагі з металашукальнікамі вывучаюць падвалы храма — адзінае, што ад яго засталося. І ёсць нечаканыя знаходкі. Выяўлены два пахаванні нейкіх таямнічых асоб — так званыя крыпты.
Ірына Ганецкая, старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі сярэдневяковага перыяду Інстытута гісторыі НАН Беларусі, вядзе назіранні за раскопкамі з канца жніўня, калі тут пачаліся аднаўленчыя работы. Яна шкадуе, што капаюць экскаватарамі: “Лепш было б рукамі. Бо ў гэтай зямлі могуць ляжаць каштоўныя для навукі рэчы”. Пакуль жа трапляюцца найчасцей чалавечыя астанкі — магчыма, гэта косткі людзей з разбураных раней крыптаў.
Тым часам пікае металашукальнік: збягаюцца рабочыя, цікаўныя прахожыя. У камочку зямлі нешта “загорнута”. Але знаходка сціплая: манета 1933 года. Зрэшты, рэч таксама цікавая. Відаць, капейку згубіў мінчанін, які гуляў па пустыры, утвораным на месцы храма пасля 1936 года. Але, калі Бог дасць, ужо ў наступным годзе ўсё вернецца на кругі свае: царква ажыве, у ёй зноў загучыць велічная арганная музыка. Паводле праекта, зала будынка будзе выкарыстоўвацца дзіцячай філармоніяй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter