Брэсцкі музычны каледж імя Рыгора Шырмы — сапраўдная фабрыка талентаў

Дзесять балаў за цымбалы

Брэсцкі музычны каледж імя Рыгора Шырмы — сапраўдная фабрыка талентаў. Тут выгадавалі тысячы прафесійных музыкантаў, дзясяткі пераможцаў і лаўрэатаў міжнародных конкурсаў. Больш за 100 выхаванцаў каледжа станавіліся стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Сярод іх — брастаўчанка Аліна Якімук.

Сябры Аліны заўсёды дакладна ведаюць, дзе яе знайсці — у каледжы. Тут яна не толькі вучыцца, але і праводзіць практычна ўвесь вольны час. Часам прыязджае чуць свет — у 6 раніцы. І займаецца да позняга вечара. Выхадныя для яе — не магчымасць адпачыць, а шанц дадаткова пазаймацца. Гультаяваць сёння няма калі — на носе сесія, да таго ж да дзяржэкзаменаў засталося ўсяго нічога. Зрэшты, звычка праводзіць цэлыя дні ў каледжы, удасканальваючы навыкі ігры на інструменце, студэнтамі перадаецца з пакалення ў пакаленне.

— Чатыры гады праляцелі як адно імгненне, — сумна ўсміхаецца Аліна. — У каледжы ў мяне шмат сяброў. Тут выдатныя выкладчыкі, цудоўная атмасфера. Але нічога не паробіш, трэба рухацца далей.

Дзяўчына вучыцца на чацвёртым курсе аддзялення народных інструментаў. Іграе на цымбалах. Гаворыць, у дзяцінстве марыла прысвяціць сябе скрыпцы, але з-за скаліёзу прыйшлося выбіраць паміж фартэпіяна і цымбаламі.

— Ох, як жа я засмуцілася! Скрыпка ўжо была набыта, я спала і бачыла сябе скрыпачкай. Не магла дачакацца першых заняткаў. Але не склалася. Чаму аддала перавагу цымбалам? Складана сказаць. Мая маці — піяністка. Відаць, вырашылі, што для разнастайнасці мне трэба асвоіць цымбалы. А фартэпіяна — мой другі інструмент.

Да паступлення ў каледж Аліна вучылася ў брэсцкай гімназіі № 4 з музычным ухілам. Не сакрэт, што многіх дзяцей у музычную школу бацькі цягнуць практычна сілай, але гэта не Алінін выпадак — яна заўсёды займалася з задавальненнем. Нават у самыя складаныя моманты ў яе не ўзнікала жадання ўсё кінуць і весці больш звыклы для яе равеснікаў лад жыцця. У пятым класе цвёрда вырашыла пры­свяціць сябе музыцы і паставіла перад сабою дакладную мэту — паступіць у музычны каледж імя Шырмы.

У трэцім класе Аліна ўжо ўдзельнічала ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча. Заняла другое месца.

— Са сцэны сыходзіла з дыпломам, але ў слязах. Ніхто не мог зразумець, чаму я такая засмучаная, — з усмешкай успамінае цымбалістка. — А я плакала таму, што пуцёўку на рэспубліканскі конкурс атрымліваў толькі пераможца, а мне не хацелася задавольвацца другім месцам. Тады я дала сабе слова, што абавязкова праб’юся “на рэспубліку”.

Паколькі конкурс імя Жыновіча праходзіць адзін раз на тры гады, у дзяўчынкі было шмат часу на падрыхтоўку. Яе мэтанакіраванасці здзіўляліся і бацькі, і педагогі. Праз тры гады Аліна сапраўды перамагла ў абласным конкурсе, і ёй прадставіўся шанц выступіць у сталіцы. Але з першай спробы запаветная вяршыня не пакарылася. Перад сабою Аліна паставіла новую мэту. І дабілася яе, стаўшы ў 2012 годзе лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча. Дзяўчына без экзаменаў паступіла ў музычны каледж імя Рыгора Шырмы і стала стыпендыятам Спецыяльнага  фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Для мяне гэта была вялікая радасць і гонар. Мая мара спраўдзілася, і я ўжо не сумнявалася ў тым, што сваю дарогу ў жыцці мне ўдалося знайсці.


Цяпер у юнай цымбалісткі новыя планы і мары. У ліпені яна абавязкова паспрабуе паступіць у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Але яе галоўная мэта — іграць у Нацыянальным акадэмічным народным аркестры імя Жыновіча.

— Калі мая мара ажыццявіцца, я буду самым шчаслівым чалавекам у свеце! Але яшчэ я вельмі хачу выкладаць. Усё роўна дзе — у школе, у каледжы. Так, там невысокія зарплаты, але сёння ў музычныя каледжы паступаюць не дзеля вялікіх грошай, а проста таму, што іншага шляху для сябе не бачаць. Напэўна, гэтых людзей можна назваць фанатамі сваёй справы, — разважае Аліна.

Ужо цяпер яна рыхтуецца да выкладчыцкай работы. Другі год дзяў­чына займаецца з вучнем. Спадзяецца, што пасля заканчэння музычнай школы ён не закіне ігру на цымбалах.

— Цымбалы — вельмі складаны інструмент. Многія дзеці проста губляюцца, калі бачаць яго ўпершыню. Іх палохае вялікая колькасць струн, размешчаных адна да адной на аднолькавай адлегласці. Але памалу асвойваюць. Наогул, першы год заняткаў на інструменце — самы важны. Трэба абавязкова выпрацаваць правільную пасадку, пастаноўку рук. Потым гэта выправіць вельмі складана.

Аліну вельмі радуе, што цяпер цікавасць да беларускіх народных інструментаў паступова вяртаецца. У музычную школу прыходзіць усё больш дзяцей, якія выбіраюць цымбалы. Цяпер у каледжы на гэтым інструменце іграюць усяго сем чалавек, а некалі конкурс дасягаў чатырох чалавек на месца. Дзяўчына не сумняваецца, што страчаная папулярнасць народных інструментаў абавязкова вернецца.

Павел Лосіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter