«Дзесьці ў ёй таіўся мой талент...»

У Доме-музеі Шагала з’явілася лялечная копія маці мастака

У Доме-музеі Марка Шагала з’явілася лялечная копія маці мастака

Усіх гасцей у Доме-музеі Марка Шагала цяпер сустракае лялечная гаспадыня. Правобразам для гэтага персанажа паслужыла Фейга-Іта Шагал, маці знакамітага мастака, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея Людміла Хмяльніцкая.

Сваіх пакупнікоў Фейга-Іта, якая гандлявала селядцом, звычайна сустракала ў краме на ўваходзе. Яе лялечная копія таксама размясцілася на ўваходзе ў музей. Рост цацкі, зробленай вядомым майстрам лялек Валерыяй Гайшун (Мінск), каля 35 см. Яна апранута ў сціплую, але ўрачыстую цёмную сукенку з карункамі, скураныя чаравікі.

Выразнасць вобразу надаюць упрыгажэнні — кольцы, завушніцы, гадзіннік.

— Валерыя Гайшун зрабіла ляльку, абапіраючыся на існуючыя дакументальныя фатаграфіі. Адзінае адступленне — гэта замест прамых кучаравыя валасы. Але майстар у працэсе творчасці бачыла і ўяўляла яе менавіта такой, — сказала Людміла Хмяльніцкая.

Цацка, якая стала каштоўным экспанатам і захавальніцай музея, з’яўляецца падарункам, зробленым Валерыяй Гайшун пад уражаннем ад наведвання Дома-музея і Арт-цэнтра Марка Шагала.

Аб ролі маці для Марка Шагала лепш за ўсё можна меркаваць па радках яго аўтабіяграфіі «Маё жыццё», напісанай мастаком ва ўзросце 35 гадоў у час працы ў Яўрэйскім тэатры ў Маскве. «Я хачу сказаць, што дзесьці ў ёй таіўся мой талент і што я ўсё атрымаў у спадчыну ад яе, акрамя яе розуму» , — піша пра сваю маці Марк Шагал, адзначаючы таксама яе велікадушнасць і шчодрасць душы.

Магчымасць больш падрабязна пазнаёміцца з творчасцю Валерыі Гайшун, лялькі якой знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Францыі і Ізраілі, у жыхароў і гасцей Віцебска яшчэ будзе: у 2014 годзе ў Доме-музеі Марка Шагала плануецца правесці яе персанальную выставу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter