Страж Налибокской пущи - агрогородок Деревная

Дзераўная: вартаўніца Налібоцкай пушчы

Перад уездам у чароўную Налібоцкую пушчу на старадаўнім шляху паміж Івянцом і Нясвіжам з-за пагорка квітнеючай валошкай паўстае крынічнае возера, якое акружаюць сады-сядзібы стаўбцоўскай Дзераўной.

Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове ХV стагоддзя як уладанне кашталяна віленскага Сямёна Гедыголдавіча, а потым яго жонкі Мілохны Кезгайлаўны. Валодалі маёнткам магнаты Кезгайлы, Завішы, Радзівілы.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай, мястэчка ўвайшло ў Менскае ваяводства ВКЛ. У канцы ХVІ стагоддзя ў Дзераўной збудавалі кальвінскі збор, а неўзабаве на сродкі Войцеха Сялявы на ўзгорку паўстаў мураваны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Пры ім адкрыліся шпіталь і школа.

У выніку II падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка адышло да Ашмянскага павета Віленскай губерні Расійскай імперыі. Акрамя касцёла, дзейнічалі капліца, дзве сінагогі, багадзельня, бровар, саладоўня, гарбарня, вятрак, аптэка, карчма, заезны двор. Ладзіліся багатыя кірмашы.

На пачатку мінулага стагоддзя неаднаразова мястэчка захоплівалі то кайзераўскія войскі, то белапалякі. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, Дзераўная да восені

1939-га была ў Стаўбцоўскім павеце Навагрудскага ваяводства буржуазнай Польшчы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР мястэчка паніжана да статусу вёскі, якая стала цэнтрам сельсавета.

У час нямецка-фашысцкай акупацыі ў Налібоцкай пушчы дзейнічалі партызанскія атрады. Гітлераўскія карнікі летам 1944-га часткова спалілі вёску. У цэнтры Дзераўной усталяваны помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзераўнянскі сельсавет дзейнічаў да 1959 года. Адноўлены ў снежні 2011-га. У 2007 годзе Дзераўная атрымала статус аграгарадка. Тут нарадзіліся беларускі пісьменнік Генрых Далідовіч і вядомы бульбавод Герой Сацыялістычнай Працы Раман Ваньковіч.


За сотню кіламетраў ад сталіцы пачынаецца багатая на прыродную даніну Налібоцкая пушча. Звілістай стужкай пятляе сярод царства прыроды асфальтаваная дарога да стаўбцоўскай Дзераўной, куды мяне паклікала чарговая вандроўка. Некалькі вёсак з такой назвай параскіданы ў розных кутках рэспублікі. Ганчарствам спрадвеку займаліся жыхары схаванай у палескай глыбінцы Дзераўной, дзе не раз даводзілася бываць. Бачыў там, як спрытна з камяка гліны на ганчарным крузе вырабляецца посуд. Запомнілася схаваная за высокімі соснамі баранавіцкая Дзераўная. У студэнцкія гады два летнія месяцы правёў там на вайсковых зборах. Ёсць Дзераўная і на Слонімшчыне, а мо і яшчэ дзе.

У кожнай вёскі свая гісторыя. З сівой даўніны вякоў на пагорку перад возерам узвышаецца змураваны з камянёў касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Паабапал раскінуліся патанаючыя ў садах падворкі. Раней мне даводзілася бываць тут.

Дырэктар ААТ «Дзераўное» Юрый ТАРАСЕВІЧ.

На ўсю рэспубліку славілася меліярацыйная ПМК-74, якою некалькі дзесяцігоддзяў паспяхова кіраваў Мечыслаў Сахар. Меліяратары акультурвалі забалочаныя масівы Прынямоння. Тысячы гектараў урадлівых ніў перадалі яны хлебаробам Стаўбцоўскага раёна.

Рэкордныя ўраджаі на абноўленых землях вырошчваў вядомы бульбавод Герой Сацыялістычнай Працы Раман Ваньковіч. Памятаю яго расповед пра небывалы чэрвеньскі замаразак, што за адну ноч знішчыў квітнеючую плантацыю бульбы. Раман Леапольдавіч некалькі разоў узрыхляў радкі, і колькі было ў яго радасці, калі ўбачыў новыя парасткі. Не такі, як планаваўся, але і ўраджай бульбы атрымаў.

Падвозчык вады Міхаіл КАНАВАЛ.

Даводзілася бываць у Дзераўной і на святах, якія праводзіліся на стадыёне меліяратараў. Трыбуны яго цудоўна ўпісаліся ў прыродны рэльеф. І сёння стадыён не пустуе. У Дзераўной дзейнічае дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.

Цэнтральная частка аграгарадка забудавана катэджамі і двухпавярховымі жылымі дамамі працаўнікоў ПМК-74 і сельгаспрадпрыемства, якое рэфармавана ў ААТ «Дзераўное». Кіруе гаспадаркай выпускнік Гро-дзенскага дзяржаграўніверсітэта Юрый Тарасевіч. З ім адправіліся ў вандроўку па аграгарадку, забудаваным пераважна драўлянымі дамамі. Даволі трывала захоўваецца тут адбітак мінулага. Жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы стаяць на моцных змураваных з валуноў падмурках. На падворках — хлявы, павеці, склепы, летнія кухні, альтанкі і сучасныя гаражы. Шырокія вуліцы з прасторнымі сядзібамі, агародамі, садамі, палісаднікамі. У невялікім дагледжаным са-дзе пад шатамі яблынь радком выцягнуліся рознакаляровыя пчальнікі. У Налібоцкім краі здаўна ў пашане бортніцтва. На разгалістых дубах, ліпах, соснах усталёўвалі выдзеўбаныя калоды і разводзілі пчол. Раздолле ў гэтым лясным краі паляўнічым. Магнаты Радзівілы прывозілі ў пушчу на паляванне сваіх замежных гасцей. І зараз у лясных гушчарах шмат розных звяроў. Механізатары расказалі пра мінулагоднюю сустрэчу на хлебным полі з мядзведзем. Касалапы разамлела драмаў ля саламяных рулонаў, а як пачуў гул трактара, кінуўся ў пушчу.

Механізатары Ігар БОНДАР і Вячаслаў ЖЫБУЛЬ.

Дырэктара ААТ «Дзераўное» Юрыя Тарасевіча турбуе, як абыходзіцца з ляснымі гасцямі, што псуюць пасевы. Асабліва ўнадзіліся на поле дзікі. Леанід Хлябовіч, з якім сустрэліся на лузе, за 16 гадоў працы пастухом прызвычаіўся бачыць лясных звяроў. Разам з напарнікам Аляксандрам Дзотавым пасуць 180 кароў з жывёлагадоўчай фермы «Заброддзе». Некалькі разоў на дзень пераводзяць жывёлу на свежыя ўчасткі. Механізатар Міхаіл Канавал на трактары «Беларус-622» падвозіць ваду. Абслугоўвае ён тры гурты з агульным пагалоўем 500 жывёл. Сорак гадоў працуе ён механізатарам. Сям’я жыве ў камфартабельным катэджы, атрыманым ад гаспадаркі і прыватызаваным.

Міхаіл ГУСАКОЎСКІ памяняў сталіцу на Дзераўную.

На зваротным шляху з пашы завіталі з Юрыем Тарасевічам у маляўнічы куточак — урочышча Беламошша. Невялікае азярцо, што поўніцца крынічнымі водамі, акружае абсталяваная зона адпачынку. Летась у во-зера запусцілі малькоў карпа. Аматары рыбалкі могуць набываць квіткі і адпачываць. Лю-дзям прыемна і гаспадарцы выгадна. На ажыўленай трасе, што перасякае аграгарадок, адкрылі прадмаг. Па крутых прыступках узняліся ў невялікі пакойчык магазіна. У вітрынах — багаты выбар харчовых прадуктаў. Пераважная большасць з іх выраблена на Стаўбцоўшчыне. Прадавец Галіна Рысявец, калі даведалася, што рыхтую матэрыял для «Сельской газеты», прызналася, што некалькі гадоў запар выпісвае і чытае яе.

Ветэран працы Станіслава ДУБАТОЎКА.

Непадалёку ад крамы ў зацішку ласаваліся сакавітай травою козы. Пасла іх жанчына. Юрый Мікалаевіч пазнаў яе і прыпыніў легкавік. Станіслава Дубатоўка расказала, што да выхаду на пенсію прымала малако ў насельніцтва, а муж быў вадзіцелем. Ад гаспадаркі атрымалі мураваны асабняк. Сыну Віталю і дачцэ Наталлі сваімі рукамі пабудавалі дамы. Падворкі дзяцей побач, і гэта вельмі зручна. Шасцёра ўнукаў і два праўнукі ў аўдавелай Станіславы Эдвінаўны. Ад дзвюх козачак штодня атрымлівае да 5 літраў малака, з якога вырабляе тварог. Унукі вельмі любяць ім ласавацца.

Дырэктар сярэдняй школы Марыя ШУМЧЫК з вучаніцай Настассяй СЕНЬКАЙ.

Ігар Бондар, з якім сустрэліся на мехдвары, — бацька пяці дзяцей. Вырас ён у палескай вёсцы Тышкавічы. Пасведчанне трактарыста-машыніста атрымаў у Мотальскім вытворча-вучэбным камбінаце Іванаўскага раёна. З газет даведаўся пра гаспадарку ў Дзераўной і прыехаў працаваць. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай. Сям’я атрымала новы дом, а калі стала шматдзетнай, дзяржава выдзеліла ім і двухпакаёвую кватэру ў Стоўбцах. Тры дачушкі-школьніцы і два меншыя сыночкі. У корманарыхтоўчым звяне на пагрузчыку працуе Вячаслаў Жыбуль. Заробкі ў механізатараў добрыя.

Прадавец магазіна «Вясковая лаўка» Галіна РЫСЯВЕЦ.

Штогадова атрад іх папаўняецца моладдзю. У сярэдняй школе, дзе нас сустрэла дырэктар Марыя Шумчык, летась арганізавалі аграклас. Заняткі ў ім вядзе педагог Наталля Мішкевіч. Пяцёра дзесяцікласнікаў пасля заканчэння школы атрымаюць прафесію агародніка. Практычныя заняткі навучэнцы праводзяць на школьным доследным участку. Ёсць і свая цяпліца, дзе юннаты вырошчваюць расаду гародніны і кветак. Школьны двор нібыта казачны лубок. Уздоўж выкла-дзеных пліткай ходнікаў палаюць разнаквеццем браткі, красуюць касачы, зацвітаюць іншыя кветкі. Акуратна дагледжаныя газоны абсаджаны дэкаратыўнымі дрэўцамі. Дырэктар школы адзначыла, што 4 гектары школьнага двара замацаваны за класамі і кожны вучань удзельнічае ў стварэнні гэтай прыгажосці. З вясны і да восені ўвіхаюцца школьнікі на сваім агародзе. Вырошчваюць гародніну для сталоўкі і на працягу вучэбнага года маюць бясплатныя вітаміны.

Пастух Леанід ХЛЯБОВІЧ.

Завіталі з Марыяй Мар’янаўнай у школьны літаратурны музей. Перад уваходам на сцяне ў фае прымацавана пано-абярэг з дрэва. Асвяціў яго і падарыў школе выпускнік, а цяпер епіскап Рымска-каталіцкай царквы, біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка.

У музеі на маляўнічай эмблеме школы побач з валошкай хлебны колас і словы: «Гонар, сумленне, любоў і дабрыня». На вялікім аркушы каліграфічна выведзены радкі беларускага паэта Генадзя Бураўкіна:

Настаўнікі не паміраюць,

А аддаляюцца ад нас.

І зверху строга пазіраюць,

Як мы вядзём свой рэй і час.

Сцены музея ўпрыгожваюць партрэты вядомых беларускіх літаратараў, якія нарадзіліся на Стаўбцоўшчыне: Генрыха Далідовіча, Казіміра Камейшы, Яўгена Хвалея, Алеся Камароўскага.

Асобны стэнд прысвечаны слыннаму беларускаму бульбаводу Герою Сацыялістычнай Працы Раману Ваньковічу, які нарадзіўся ў гэтых мясцінах і ўсё жыццё працаваў тут на зямлі.

Педагог-арганізатар Ванда БЫЧКЕВІЧ з выхаванцамі ў школьным музеі.

Чвэрць века школьнаму музею, створанаму па ініцыятыве выдатнага педагога Леаніда Кахновіча. Мяняюцца пакаленні, кніга гісторыі поўніцца новымі імёнамі. Падумалася, што дзякуючы такім апантаным педагогам і іх вучням захоўваюцца традыцыі, ушаноўваецца памяць вартых землякоў.

Не толькі школьны музей, а і сустрэчы са шчырымі жыхарамі аграгарадка Дзераўная сагрэлі сэрца непадкупным цяплом. Вельмі кранальныя словы вітаюць на парадным уваходзе ў школу: «Прыходзь з радасцю, выходзь з гонарам». Пакідаў аграгарадок Дзераўная з гонарам за яго жыхароў.

Стаўбцоўскі раён

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter