Наш карэспандэнт праверыла, ці выконваюць дзеці і іх бацькі правілы ПДР 1 верасня

Дзень ведаў ПДР

Спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага – дзеці!» пачалося яшчэ 25 жніўня. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі паблізу пешаходных пераходаў ля школ кожны дзень па раніцах стаяць як штыкі. Акцыя гэтая традыцыйная, і, на жаль, парушэнні выяўляліся такія ж  традыцыйныя: пераход на чырвонае святло, перасячэнне праезнай часткі па дыя­ганалі… Магчыма, да 1 верасня бацькі са школьнікамі падышлі больш адказна? Карэс­пандэнт «Р» заступіла на службу ў патруль з супра­цоўнікамі ДПС у Дзень ведаў.

Школьнікам нагадваюць: перш чым ісці, трэба пераканацца, што машын няма.

Палова дзявятай раніцы на вуліцы Голубева, 29. Яшчэ паўгадзіны — і ў гімназіі, што знаходзіцца непадалёк, прагучыць першы званок. Анатоль Беразун, інспектар дарожна-патрульнай службы АДАІ Маскоўскага раёна Мінска, сочыць за парадкам на пешаходным пераходзе. За дзесяць хвілін да пачатку лінейкі вуліца ажывілася. Насупраць гімназіі – гіпермаркет, ля якога ёсць паркоўка. Дык вось на ёй раптам з'яўляецца процьма машын, каму не хапае месца – паркуюць у дварах жылых дамоў. Падпіраючы адзін аднаго, яны выводзяць дзяцей, абцягваюць ім пінжачкі і сарафаны, бягуць! Убачыўшы на пераходзе інспектара, дарогу не перабягаюць, хоць па многіх відаць – хочацца…

Грубых парушэнняў сёння няма: ні з боку вадзіцеляў, ні з боку пешаходаў. «Добры дзень!» – Анатоль Беразун пераключае ўвагу на першакласніка, які, пераходзячы дарогу з мамай, вырашыў павітацца з інспектарам.


Акцыя Дзяржаўтаінспекцыі «Увага — дзеці!» працягнецца да 5 верасня.


Толькі пахвалілі абстаноўку, як бацькі і дзеці, якія спыняліся, усё нам сапсавалі. Выйшаўшы з тралейбуса на прыпынку, дарослыя пераходзяць дарогу не па пешаходным пераходзе, а па дыяганалі – пару метраў цяжка дайсці. Інспектар падыходзіць, нагадвае, што ёсць правілы. Самым цікавым кадрам стаў хлопчык 10—12 гадоў, які на веласіпедзе з заплечнікам за плячыма праляцеў пешаходны пераход на зялёны з хуткасцю святла. Мы нават не паспелі яму нічога сказаць. Спешвайся, хлопчык!

 Бывае яшчэ, што кіроўцы спяшаюцца на працу і сігналяць пешаходам, «падпіраюць». Што тычыцца самавольных парковак, то ў гэтым годзе сітуацыя змянілася да лепшага – парушаюць менш.

Нягледзячы на тое што інспектар бачны ўсім, некаторыя пры нас умудрыліся зрабіць немагчымае. Калі Анатоль Беразун  адварочваўся ад часткі дарогі, дзе няма перахода, яе бягом перасякалі  бацькі, бабулі і дзядулі.

– Думаюць, калі не бачу, ім пашанцавала. А гэта ж прыклад для дзяцей! Галоўныя настаўнікі для маленькіх – мамы і таты, а не мы. На жаль, не ўсе разумеюць, што дарога – гэта таксама школа, – Анатоль з намі развітваецца на філасофскай ноце.

Едзем далей. Мы на вуліцы Алібегава, дзе побач размясціліся дзве школы – № 145 і № 67. У адной лінейка пачалася ў 9.00, а ў другой пачатак у 10.00. Тут нясуць службу інспектары Аляксандр Ажгірэй і Мікалай Гулевіч.

– Лянота-матухна! – старшы інспектар АДАІ Маскоўскага раёна Мінска накіроўваецца да мацi школьнiка, якая на нашых вачах паркуе сваё «Рэно» наўпрост ля пешаходнага перахода. Пра тое, што бліжэй чым за 15 метраў нельга, у свята яна забылася.

Пасля гутаркі яна ад’язджае, а iнспектар расказвае:

– Сказала: «Я на пяць хвілі­начак, на лінейку. У мяне сумкі цяжкія з сабой». Я зрабіў ёй папярэджанне, у наступны раз за такое парушэнне, вядома, ёй будзе штраф.

Не праходзіць і пяці хвілін, як іншая дама на «Сітраэне», якая везла ў школу сына-старшакласніка, на тое ж месца становіцца…

Напрыканцы, ужо пасля школь­ных лінеек, з інспектарамі за­язджаем у школу № 208, дзе ра­зам з начальнікам аддзела ДАІ Маскоўскага раёна i iншымi гасцямi школы ўручаем дзецям і іх бацькам памяткі пра бяспеку на дарогах,  флікеры і праводзім віктарыну. Ну, дзецi, вы гатовыя. У добры шлях да новых ведаў!

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter