Дзень усеагульнай малітвы

Восеньскія Дзяды. Кожнае свята беларускага традыцыйнага календара нясе ў сабе патэнцыял перспектывы, энергію абуджэння, шчырае спадзяванне на тое, што заўтрашні дзень будзе шчаслівейшым. І толькі адно свята, адзначаюць якое позняй восенню, паварочвала нашы думкі да сівой мінуўшчыны. Аднак гэта не было сведчаннем нейкай выключнасці або непаразумення. Восеньскія Дзяды запрашалі прысесці, адпачыць і паразважаць над тым, дзякуючы каму і чаму магчымым было ўсё тое, што поўніла жыццёвую плынь на працягу года. Калі ўсе астатнія святы — гэта ўзлёт пачуццяў, абвостранасць адносін і збліжэнне мужчынскага і жаночага энергетычнага патэнцыялу дзеля захавання і працягу роду, то восеньскія Дзяды — гэта філасофскі розум, які ўздымаў чалавека над праблемамі будзённасці і пераносіў у прасторы Вечнасці.