Дзень прэм'ер

Увесь снежань на экране канала «Беларусь 3» – свята нашага кіно

17 снежня ў краіне адзначаецца Дзень беларускага кіно. Гэтай падзеі тэлеканал «Беларусь 3» прысвяціў увесь першы месяц зімы. У яго эфіры — мастацкія і дакументальныя стужкі, створаныя ў розныя гады Белтэлерадыёкампаніяй і студыяй «Беларусьфільм», мультфільмы і тэматычныя праграмы.

Фільм «Сляды на вадзе»: хто ён — чужы сярод сваіх?

У сам святочны дзень гледачоў чакае адразу некалькі прэм'ер.

Упершыню на тэлеэкран выходзіць мастацкі фільм Аляксандра Анісімава «Сляды на вадзе».

...1946 год. Франтавік-разведчык, старшы лейтэнант Смоліч прыбывае ў гарадок Парэчча для ўзмацнення мясцовай міліцыі ў складаны час: у заходняй частцы Беларусі банды тэрарызуюць насельніцтва. Асабліва лютуюць бандыты таямнічага Фрэйшуца, былога памагатага фашыстаў.

Смоліч і начальнік крымі­нальнага вышуку Крыкуноў павінны абясшкодзіць няў­лоўнага ворага. Аднак план аперацыі раптам аказваецца пад пагрозай з-за ўцечкі інфармацыі. Высвятляецца, што ў аддзяленні міліцыі ёсць здраднік. Хто ён?

Карціна «Сляды на вадзе» знята паводле рамана палкоўніка міліцыі ў адстаўцы, доктара гістарычных навук Мікалая Ільінскага. 

У аснове сюжэта сапраўдныя падзеі ў заходніх раёнах Беларусі ў першыя пасляваенныя гады. У герояў рамана і фільма ёсць рэальныя прататыпы. Напрыклад, пад імем начальніка Парэчскага райаддзела міліцыі маёра Сяргея Аксяновіча выведзены Міхаіл Мікалаевіч Фядотаў – колішні начальнік Навагрудскага райаддзела ўнутраных спраў. 

На экране — толькі нашы артысты. У га­лоўных ролях – акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Арцём Курэнь і Пётр Юрчанкоў з Тэатра-студыі кінаакцёра.

Фільмы народнага артыста СССР і Беларусі Віктара Турава ўвайшлі ў залаты фонд нашага і сусветнага кінамастацтва. Гэта карціны «Праз могілкі», «Я родам з дзя­цінства», «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Кропка адліку», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Чорны бусел» і іншыя. Пра жыццё і творчасць выдатнага кінарэжысёра распавядае новая дакументальная стужка Яўгена Сяцько «Віктар Тураў. Дыханне жыцця». Следам у праграме – мастацкі фільм 1964 года «Праз могілкі» — рэжысёрскі дэбют Турава, самы нязвыклы для таго часу фільм пра вайну. У 1995-м рашэннем ЮНЕСКА ён уключаны ў спіс ста лепшых карцін свету пра вайну.

У карціне «Чорны крумкач» Анатоль АЛАЙ расставіць усе кропкі над «і» ў сваёй гісторыі пошукаў бацькі

Фільм «Чорны крумкач» закранае тэму ваеннапалонных Другой сусветнай — адну з асноўных у творчасці нашага знакамітага кінарэжысёра-дакументаліста Анатоля Алая. І гэта невыпадкова, бо ваеннапалонным быў і яго бацька, ваенны ўрач Іван Аляксеевіч Алай, які знік без вестак у першыя дні бітвы пад Беластокам. Усё жыццё сын шукаў бацьку, і толькі праз 75 гадоў з'явілася магчымасць раскрыць лёс дарагога яму чалавека: імя Івана Алая выявілася ў архівах нямецкага аб'яднання «Саксонскія мемарыялы». Фільм-расследаванне расставіць усе кропкі над «і» ў гэтай драматычнай гісторыі. А больш падрабязна пра жыццё і творчасць рэжысёра, лаўрэата дзяржаўнай прэміі Анатоля Алая гледачы даведаюцца з прэм'ернага выпуску цыкла «Камертон», які таксама вый­дзе ў эфір 17 снежня.

svirko@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...