Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Дзень пад знакам спагады

Конкурс малюнкаў і сачыненняў на тэму “Чарнобыльскі боль” прайшоў сярод вучняў рускіх школ Рыма

Навучэнцы школы “Русское слово”, асацыяцыі “Российско-итальянская молодежь”, навучальна-метадычнага цэнтра “Николай Гоголь”, Міжнароднага культурнага цэнтра “Содружество”, Нядзельнай школы пры храме св. Мікалая Цудатворца паўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў і сачыненняў на тэму “Чарнобыльскі боль”. Больш за дваццаць работ вучняў, дзяцей ад 7 да 16 гадоў, былі прадстаўлены на выставе ў Амбасадзе Беларусі ў Рыме, а пасля адпраўлены ў Беларусь для ўдзелу ў розных “чарнобыльскіх праектах”. 

У Італіі дзеці ведаюць пра наступствы аварыі на ЧАЭС

Паўдзельнічаць у мерапрыемствах, прысвечаных памяці пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, рускім школам і адукацыйным цэнтрам ў Рыме, у якіх навучаюцца дзеці  з беларускіх, украінскіх, расійскіх, казахскіх, а таксама італьянскіх ды змешаных сем’яў, прапанавала Амбасада Беларусі ў Італіі.

На сустрэчы з пераможцамі конкурсу Амбасадар Беларусі ў Рыме Аляксандр Гур’янаў расказваў пра наступствы катастрофы, што і сёння болем адгукаюцца ў сэрцах беларусаў, выказаў удзячнасць многім італьянскім сем’ям, якія штогод прымаюць на аздараўленне тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з забруджаных радыяцыяй рэгіёнаў краіны. Перад прысутнымі выступілі пратаіерэй Сергій, прэзідэнт МКЦ “Содружество” Наталля Пераслаўцава, член Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі Ніна Пашчанка. 

Дарэчы, Ніна Ігараўна прачытала і свой верш, прысвечаны Чарнобыльскай трагедыі. Ёсць у ім такія радкі: “Авария! И Беларусь мою / Ты черными крылами вдруг задела./ И опалила каждую судьбу…/ О, сколько бед ты натворить успела!..”

Заключным у шэрагу мерапрыемстваў стаў тэматычны ўрок “Мы назаўжды запомнім гэты дзень…”, які прайшоў у Навучальна-метадычным цэнтры “Николай Гоголь”. Дзецям быў паказаны відэафільм пра наступствы аварыі, расказалі пра герояў-пажарных, ліквідатараў — тых, хто цаной уласнага жыцця ратаваў іншых. Лейтматывам усіх памятных дзеяў праходзіла думка: трэба берагчы нашу цудоўную планету, бо іншай такой няма ў Сусвеце. 

Кацярына Аляксандрава

Голас Радзімы № 17 (3569), пятніца, 11 мая, 2018 у PDF


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости