Дзень нараджэння каралеўства

Навагрудчане мараць пра помнік Міндоўгу і ўласную “Еўропу”Ёсць такая ідэя: устанавіць на галоўнай плошчы горада конную статую першага караля, які ў далёкім XIII стагоддзі аб’яднаў землі Літвы і Беларусі ў адно каралеўства, што затым стала Вялікім княствам Літоўскім. Ініцыятыва нарадзілася ў аддзеле культуры Навагрудскага райвыканкама. Праўда, кошт задумы занадта вялікі для горада і раёна — 400 мільёнаў рублёў. Паколькі збор грошай пачаўся не так даўно, то сёлета Дзень горада навагрудчане будуць адзначаць без бронзавага Міндоўга. Але да 500-годдзя надання гораду магдэбургскага права манумент абавязкова з’явіцца, — аптымістычна глядзіць у будучыню галоўны спецыяліст аддзела культуры Вячаслаў Лаўрашчук. Калі чарговы юбілей? Не за гарамі: у 2011 годзе. А макет помніка гатовы ўжо цяпер — работу выканаў скульптар Генадзь Буралкін.

Тым часам ужо ў бліжэйшыя пятніцу і суботу Навагрудак чакае гасцей. 965-годдзе — нагода павандраваць па ўзвышшах старажытнага месца, зазірнуць у сярэднявечныя цэрквы, касцёлы. Пабачыце тут сапраўдную мячэць — ёй ужо не адна сотня гадоў. Гэта незвычайны помнік — сведка той пары, калі вялікі князь Вітаўт запрасіў у Літву і Беларусь татараў.
У краязнаўчым музеі абавязкова папрасіце, каб паказалі фільм 1931 года: рарытэтнае кіно перадалі сюды з Англіі. Стужку здымалі “за польскім часам”, і, гледзячы яе, нельга не задацца пытаннем: што страціў, а што набыў горад за апошнія дзесяцігоддзі?
Няма на рынкавай плошчы палаца Радзівілаў, не суседнічае з касцёлам Святога Міхала масіўны мур сінагогі... Але вярнуў сабе першапачатковае аблічча дом Міцкевіча, аб’яўлена нацыянальным помнікам гара Міндоўга. Кажуць, ён — сам кароль! — пад тым узвышшам пахаваны...
У-у-у... Гэта вецер праносіцца па вузкіх вулках мястэчка, разносячы славу мінулых часоў.
...За высокім плотам  чуваць галасы рабочых. Пра што яны гавораць? Разважаюць: як зменіцца Навагрудак, калі недалёка ад Замкавай гары паднімуцца сцены новай гасцініцы. “Еўропа” — так будзе называцца гатэль. Назва невыпадковая — калісьці тут стаяў аднайменны гасціны двор. На жаль, над будынкам не злітаваўся час: камяні рассыпаліся. Ад колішняй “Еўропы” засталіся толькі складзеныя ў “стосы” цагліны: іх выкарыстаюць пры адбудове помніка архітэктуры. Гэта будзе ўтульны і адначасова дарагі гатэль. Якая назва — такі і ўзровень.
Вандруючы па старажытных кварталах, я прыкмячаю, што многія дамы адзначаны спецыяльнай дошкай з надпісам: “Гісторыка-культурная каштоўнасць”. Аднапавярховы прыватны дамок каля царквы Святых Барыса і Глеба прыцягвае ўвагу незвычайнай дэталлю: масіўнымі каменнымі падпоркамі — па-навуковаму кантрфорсамі. Такія ж падтрымліваюць руіны крэпасці на Замкавай гары. Перагукваюцца вякі на вуліцах Навагрудка...
Усё тут гаворыць на мове вечнасці. Як расказаў спадар Лаўрашчук, яшчэ ў 80-я гады ён і калегі-гісторыкі распрацавалі унікальную сістэму ахоўных зон цэнтра горада. Каб захаваць сярэднявечную планіровачную структуру, не даць змяніцца ландшафту, у Навагрудку створана некалькі паясоў, у граніцах якіх нельга не толькі зносіць старыя дамы, але нават праводзіць земляныя работы. Усе, нават самыя нязначныя змены краявіду павінны ўзгадняцца з выканкамам, а то і з Міністэрствам культуры. Гэта, як мне здаецца, узорнае стаўленне да спадчыны. Некаторым вялікім гарадам варта павучыцца ў “малога” Навагрудка. Мо таму ў кварталах горада Міндоўга гісторыя не “музейная”, а жывая.
Лепшая нагода адчуць подых сівой даўніны — адправіцца 10 ліпеня на Дзень горада. Адначасова ў пятніцу на 965-годдзе паселішча з’едуцца навукоўцы з Беларусі і іншых краін, каб абмеркаваць месца і ролю Навагрудка ў гісторыі Еўропы. 11-га, у суботу, на цэнтральнай плошчы святкаванне дня нараджэння горада працягнецца канцэртамі самадзейных народных калектываў і спевака Аляксандра Саладухі.
Спяшайцеся бачыць, чуць і ўдзельнічаць!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter