
— Цяпер ідзе актыўная падрыхтоўка, — камандуе парадам намеснік міністра абароны генерал-маёр Сяргей Патапенка. — Пешыя калоны трэніруюцца тры разы на тыдзень на пляцы Мінскай ваеннай камендатуры, механізаваныя калоны — на аэрадроме Ліпкі. Генеральныя трэніроўкі намечаны на 5 і 7 мая.
Ваенная моц
У складзе пешай калоны пройдуць 22 парадныя разлікі — гэта больш за 3000 чалавек. Першымі будуць чаканіць крок сувораўцы, за імі — кадэты, франтавая каробка, партызанская, афіцэрская, вайскоўцы ВПС і СПА, пагранічная служба, міліцыянеры, унутраныя войскі, ратавальнікі. Замыкаюць пешую калону ваеннаслужачыя сіл спецыяльных аперацый. У складзе пешай калоны пройдуць і дзве жаночыя каробкі — Узброеных Сіл і МУС. Таксама ў парадзе плануецца ўдзел вайскоўцаў з Расіі і Кітая.

У небе над Мінскам праляцяць 42 паветраныя судны, а ў складзе механізаванай калоны праедуць 185 адзінак тэхнікі. Узначаліць яе легендарны танк Т-34, за ім пройдуць парадныя разлікі новай і мадэрнізаванай тэхнікі нашага войска.
— Напрыклад, рэактыўная сістэма залпавага агню «Флейта», — удакладніў Сяргей Патапенка. — Практычна ўся тэхніка будзе на колах, гусенічны — толькі адзін парадны разлік.

У тэмпе маршу
Ідзе трэці тыдзень узмоцненых трэніровак. Цяперашняе надвор’е з тэмпературай паветра крыху вышэй за нуль для іх — ідэальнае. Міхаіл Дзямчук служыць у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, выдатнік страявой падрыхтоўкі:
— Трэніруемся і па сем гадзін у дзень. Рукі і плечы расслабленыя, грудзі наперад, а шыя і ногі напружаны. Нялёгкая, але вельмі адказная праца. Мы прыкладаем усе намаганні, каб прайсці прыгожа. У каробцы 150 чалавек. Калі хто-небудзь з нас не падымае нагу, шарэнга маментальна пачынае ссоўвацца, а за ёй і ўся каробка. Трымаць раўненне — наша галоўная задача, таму я заўсёды павінен бачыць грудзі чацвёртага вайскоўца ад мяне. Для выраўноўвання шарэнгі левафлангавыя падказваюць, каму падцягнуцца.

За некалькі дзясяткаў метраў да трыбуны сцяганосцы падаюць каманду: «Увага, лік!» І ўсе 150 чалавек сінхронна паварочваюць галовы. Байцы зладжана чаканяць крок, каб быў характэрны воплеск.
Падчас праходжання пешай калоны аркестр іграе «папуры» з рэпертуару нашых кампазітараў, за адным выключэннем — песні Давіда Тухманава «День Победы». Сёлета тэмп — 114 удараў у хвіліну. Гэта хутка. Аркестр падладжваецца пад дырыжора, а той сочыць за агульнай карцінай праходжання пешай калоны. Перыядычна ўносіць папраўкі, у які момант музыкам запаволіцца, а калі іграць хутчэй.
ikras@sb.by