Дзеля тых, каго ўжо няма

Пачатак лістапада на Беларусі заўсёды прасякнуты светлым сумам. Не толькі таму, што памірае з ціхім стогнам пад нагамі залатое раскошнае лісце, не толькі таму, што сонца, зусім-зусім нядоўга пабыўшы на небасхіле, сыходзіць на спачын, кідаючы роспачнымі халоднымі промнямі па засмужаных палетках, нібы сумняваючыся, што заўтра ўзыдзе зноў. Пачатак лістапада на Беларусі — гэта час памінання продкаў. Мы ўспамінаем і сваіх памерлых блізкіх, якія любілі нас і якіх любілі мы, і далёкіх-далёкіх прашчураў, якіх мы не ведалі.

Гучыць “Вечнае спачыванне” ў касцёлах — католікі 1-га чысла адзначаюць дзень Усіх  Святых, 2-га — Задушны дзень — абодва прысвяткі непасрэдна звязаныя з памінаннем памерлых. У суботу, 3 лістапада, будуць маліцца аб спачыне ва ўсіх цэрквах і саборах: Дзмітрыеўская субота ў праваслаўным календары — адзін з самых значных памінальных дзён... Трымцяць на могілках свечкі, нясуцца ў неба тысячы малітваў за памерлых, гучыць за вячэрай, калі збярэцца ўся сям’я, у многіх вясковых хатах і гарадскіх кватэрах спрадвечнае, народнае, але ў кожнай ноце сугучнае з хрысціянскім: “Святыя Дзяды, клічам вас, хадзіце, ляціце да нас!” Так было заўсёды, так ёсць, так будзе. Інакш на Беларусі і быць не можа...
Не можа? А як жа моладзь, якая ў ноч Усіх Святых ладзіць “Хэлоўін” з пачварнымі маскамі і дзікунскімі  скокамі? Падхопленая на Захадзе мода, якая, пазбаўленая сэнсу заходняй жа культуры, выглядае вычварэннем і здзекам. Юнакі і дзяўчаты ў той жа Англіі, надзяваючы маскі і шалёна танчачы, як ні дзіўна, такім чынам аддаюць даніну сваім продкам, традыцыям старажытных вешчуноў-друідаў, якія Хэлоўін святкавалі іменна так. Каго ж ушаноўваюць нашы маладыя? Ці нам ужо, акрамя друідаў, няма каго ўшаноўваць?
У нас, канешне, свабода сумлення. Кожны сам выбірае, у што яму верыць, каго ўшаноўваць. Але ўсё ж, можа, варта сыну ці дачцэ, якія ўжо майструюць маску для вясёлага свята наконадні лістапада, расказаць яшчэ раз пра прабабулю, якая была вядомай лекаркай, ці пра дзеда, якога забілі ў вайну за сувязь з партызанамі, ці пра нейкага іншага дарагога нябожчыка, які быў проста добрым чалавекам. Цалкам верагодна, што пасля гэтага, замест таго, каб ісці на Хэлоўін, ваш нашчадак папросіць звазіць яго да родных магіл.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter