«Дзеля дзяцей яны дамовіліся выракацца перад НКУС адзін ад аднаго...»

Народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова ўспамінаем разам з яго ўнукам Уладзімірам

Заканчэнне. Пачатак у нумары за 6 лютага.

— Памятаю, сын Максіма Танка распавядаў, як пісьменнікі рыбачылі на Нарачы…

— Галоўны рыбак быў Міхась Лынькоў. Танк таксама рыбачыў, але меней. І мы рыбу лавілі. Чаўны былі ва ўсіх, а ў Міхася Лынькова нават два. З ім разам вельмі  рэдка рыбачылі. Навошта, калі лодкі былі ў кожнага?

Здагадайцеся, хто найлепей даглядаў чоўны? Міхась Лынькоў. Дзве яго лодкі заўсёды былі як новенькія. А найгоршымі гаспадарамі, мяркуючы па чаўне, былі мы (смяецца)…

На Нарачы было добра: з веснічак выйшаў — і ў возера. Але, між іншым, мой дзед пазбягаў і сонца, і вады...

— А чаму?

— Ён вельмі папсаваў сабе здароўе на фронце. Таму рэдка, за лета, мабыць, адзін ці два разы ў возера ўваходзіў…

Аркадзь Куляшоў зарабіў на вайне акопную хваробу — нездаровыя ныркі. Ад таго, што ўвесь час амаль пад зямлёй знаходзіўся — у траншэях, акопах…

Так што, уявіце сабе, што ён пераважна знаходзіўся на Нарачы, зачыніўшы сам сябе. І было адно няшчасце: хаты — і наша, і Максіма Танка — зарыентаваныя так, што пакой дзеда глядзеў на поўнач. У яго ніколі не зазірала сонца. Пакой быў заўсёды халаднаваты і сыраваты. Дзед займаў адзіны нетупіковы, непрахадны пакой…

І ў Мінску ён веў крышку затворніцкі лад жыцця.

— Але ж Аркадзь Куляшоў быў грыбнік і ракалоў?

— Грыбнік — гэта было нешта! Ён ішоў па грыбы, калі ўжо ўсе вярталіся з лесу. Звычайна гадзіне а шостай раніцы, як толькі сонца ўстала, людзі ішлі ў грыбы. А дзед гадзінак у дзесяць, а то і пазней, ужо паснедаўшы, браў кошык і крочыў у лес.

— І ўсё роўна прыносіў грыбы?

— Поўны кош адных баравікоў! А чаму? У яго быў свой сакрэт. Я яго ведаў, бо ён некалі са мной маленькім хадзіў у лес... Ён браў толькі белыя грыбы. Знойдзе, зрэжа, пасля абкладзе мохам, іглічкай — калі вырасце новы грыб, каб яго не было відаць. Ён добра памятаў кожнае месца, дзе знаходзіў грыбы. 

— Увогуле, з кім ваш дзед сябраваў, акрамя Максіма Танка, Міхася Лынькова?

— У яго былі сябры-пісьменнікі з усяго Савецкага Саюза. Кайсын Куліеў, Давід Кугульцінаў, Расул Гамзатаў… Проста гэтых я добра памятаю, таму што сам іх бачыў. Яны гасцявалі ў дзеда і ў Мінску, і на лецішчы. Калі траплялі ў Беларусь, то абавязкова да Аркадзя Куляшова прыходзілі.

— Ці бываў Аркадзь Куляшоў у Саматэвічах Касцюковіцкага раёна, дзе нарадзіўся?

— Пры мне ён толькі ездзіў да бацькоў у Хоцімск. І то гэта было раз у некалькі гадоў. Яны з 30-х жылі там.

Між іншым, рэчка дзяліла Саматэвічы на мястэчка і вёску. Дзед жыў у вёсцы… Аркадзь Куляшоў не доўга быў у Саматэвічах, ён пайшоў з хаты падлеткам. У чатырнаццаць гадоў. І паступіў у педагагічны тэхнікум у Мсціславе.

А бацькі дзеда настаўнічалі, і ў пэўны момант ім стала бліжэй хадзіць на працу з Хоцімска, чым з Саматэвічаў. Таму і перабраліся ў Хоцімск…

— А ці ўспамінаў ваш дзед вайну? Усё ж такі яна пакінула значны след у яго біяграфіі.

— Мне, калі я пытаўся, як ён ваяваў, дзед адказваў жартаўліва… Я тады быў яшчэ дашкалёнкам. Відаць, не любіў пра вайну ўзгадваць. Для яго гэта былі вельмі цяжкія ўспаміны…

А вось у 1941 годзе мой дзед абсалютна не сумняваўся, што будзе Вялікая Айчынная вайна. У чэрвені, калі сваю сям’ю пад Пухавічы накіроўваў адпачываць, казаў, маўляў, як пачуеце, што вайна, у Мінск не едзьце ні ў якім выпадку. Першым жа цягніком выязджайце ў Хоцімск да маіх бацькоў.

І калі пачалася Вялікай Айчынная, ён адразу паехаў да сям’і ў Мінск. Але ў кватэры нікога не было. І дзед з задавальненнем зразумеў, што яго паслухаліся.

Дарэчы, мая бабуля сядзела ў Хоцімску і лічыла, як і дзед спадзяваўся, што Днепр стане той мяжой абароны, за якую немцаў не пусцяць. Бачыце, яны памыляліся. Але што Мінск возьмуць, гэта дзеду было відавочна. Хоць ён чалавек не ваенны. Але ён быў вельмі шырокіх поглядаў. Цікавіўся абсалютна ўсім! І дакладнымі навукамі, і геалогіяй, і космасам, і генетыкай…

Але вернемся да тэмы вайны. Калі яна пачалася, дзед пайшоў у свой раённы ваенкамат і ўбачыў жахлівую карціну: усе паперы раскіданы і нікога няма. І яшчэ такіх жа два разгубленых хлопца стаяць. Тады яны вырашылі разам ісці ў Калодзішчы. Там знаходзілася вайсковая частка. Прыйшлі, і там усё наросхрыст. Ізноў нікога няма. Страявы пляц увесь закіданы пятліцамі. Словам, вайсковая частка сарвала тыя пятліцы і разбеглася. І, насамрэч, тады дзед і атрымаў першы інфаркт. Які жах! Людзі шукаюць войска, хочуць у яго ўступіць, біць ворага, а яно разбягаецца… І пасля гэтага два тыя хлопцы-спадарожнікі неслі Аркадзя Куляшова два ці тры дні. Пасля ён падняўся і сам пайшоў... Ваенкамат, які працаваў, знайшлі толькі ў Оршы…

І шмат, дарэчы, я чуў жахлівых выпадкаў з вайны, якія дзед расказваў сваім дзецям…

http://www.belniva.by/ufiles/2014/02/

 

— Ваш дзед быў вясковы хлопец, ці ўмеў ён сельскай працай займацца?

— Мая прабабуля, маці Аркадзя Куляшова, крышачку мне пра гэта распавядала. Яна ж вельмі доўга пражыла — да 90 гадоў. Так што яшчэ яе добра памятаю. Прабабуля казала, што мой бацька, у прынцыпе, умеў усякую сялянскую працу рабіць, але не любіў. І пры гэтым казаў слова, якое лічылася сорамна прамаўляць, але ён яго прамаўляў лёгка. Ён шчыра прызнаваўся: «Ведаеш, мама, лянота». Звычайна тое пакаленне лічыла: прызнацца, што табе лянота, — гэта нешта неверагоднае…

— Праўда, што Аркадзь Куляшоў добра спяваў? Вы чулі яго спевы?

— Сапраўды, дзед спяваў добра. Але я не чуў. Гэта, шкада, ужо было не пры мне, а ў той перыяд, калі дзед з Аляксандрам Твардоўскім дужа сябраваў. І калі Твардоўскі памёр, а ён быў ў той перыяд у няміласці ва ўлады, дужа мала пісьменнікаў асмелілася паехаць на яго пахаванне. А дзед там прысутнічаў, хоць быў чалавек заўсёды надзвычай асцярожны ў палітычным плане. І вучыў усіх сваіх нашчадкаў: «Нікуды не лезь!» Але тым не менш паехаў…

І гэта пры тым, мая бабуля распавядала, што ў канцы дваццатых гадоў яны ўсе, не толькі дзед, які быў падлеткам, але і сталыя людзі верылі, што будуюць новае, лепшае жыццё. Мы, маўляў, зараз жывём бедна, каб потым зажыць так, як увогуле ніхто ў свеце не жыве! Будзе ў нас лепш за ўсіх. Але ў пачатку 30-х ужо ў людзей, якія «мыслили», з’явіліся вельмі сур’ёзныя сумненні… А ў другой палове 30-х ужо кожнаму было відавочна, што штосьці пайшло зусім не так, як усе спадзяваліся…

І тады дзед з бабуляй дамовіліся, што калі каго-небудзь з іх забяруць у НКУС, каб другі абавязкова напісаў, што выракаецца, бо не хоча мець нічога агульнага з ворагам народа. Каб хоць адзін з іх дваіх застаўся з дзецьмі. Каб без лішняга гераізма, бо іначай абодвух да сценкі паставяць…

Больш таго, перад вайной дзед нейкі свой твор спаліў. Яны з бабуляй прачыталі і вырашылі: не, за гэта могуць забраць у НКУС. І яшчэ пасля вайны дзед напісаў артыкул па нацыянальным пытанні. Данеслі…

Дзеда тады выратаваў Панамарэнка. Гэты данос паступіў да яго. І ён яго знішчыў. А дзеда выклікаў да сябе. Панамарэнка спытаўся, маўляў, як уладкаваўся, як сям’я, ці не галадаеце?.. Гэта ж адбывалася пасля вайны, у разбураным горадзе. Усё было праблемай. Нават дастаць бульбы.

Аркадзь Куляшоў адказаў: «Дзякаваць Богу, мы жывём няблага. Улада клапоціцца». Дзед  ўжо быў вядомы чалавек на саюзным узроўні…

Панамарэнка яшчэ прамовіў: «Ну, тады ўсё добра. Але не забывайце, у нашай краіне ёсць толькі адзін спецыяліст па нацыянальным пытанні —  Іосіф Сталін». Такім чынам, даў зразумець дзеду: я ведаю, што ў вас ляжыць гатовае да публікацыі…

— Усё-такі, калі даведаліся, што вы — унук знакамітага паэта?

— Прыкладна гадоў у пяць. Калі да дзеда прыйшлі вашы калегі, думаю, што з радыё. Бо ён ім дубль за дублем начытваў «Камсамольскі білет». Я здалёк назіраў. Кватэра была даволі вялікая, там жылі дзед з бабуляй, трое іх дзяцей, ужо на той момант двое з іх былі сямейнымі.

І я часам з калідора зазіраў, глядзеў, як дзед чытаў верш, разумеў, што нельга замінаць. Сыходзіў, потым зноў прыходзіў. Мне было так дзіўна. Пасля спытаўся, а чаго ён увесь гэты час чужым людзям спрабаваў верш прачытаць. Дзед адказаў: «Бо ім вельмі патрэбна, каб я ім гэта чытаў?» — «А чаму трэба, каб менавіта мой дзед гэта чытаў». — «Бо твой дзед — вядомы паэт. Яны хочуць, каб вядомы паэт чытаў свой верш». Так я ўпершыню ўсвядоміў, што мой дзед — гэта чалавек, які значны для ўсіх. Калі пайшоў у школу, там ужо даведаўся, што не толькі мой дзед, але і Міхась Лынькоў, і Максім Танк — людзі, якіх не толькі я ведаю. Іх усе ведаюць.

— Ці былі хобі ў Аркадзя Куляшова?

— О! Зараз бы пра яго казалі: гульняман! Захапляўся Аркадзь Куляшоў гульнёй у шахматы. У меншай ступені — у карты. Але гуляў толькі ў прэферанс.

У карты ён мог з Максімам Танкам згуляць, і з ім было цікава. Шахматыстам дзед быў вельмі добрым,  і тут яму трэба быў такі ж партнёр...

Аднойчы прыйшоў да Аркадзя Куляшова кандыдат у майстры спорту сярод юніёраў. І захацеў з дзедам згуляць, калі даведаўся, што той добры шахматыст. І не змог ні разу ў дзеда выйграць!

Яшчэ добра гуляў у шахматы сын Аркадзя Куляшова — мой дзядзька Валодзя. А найлепш іграў Расціслаў Бузук, які жыў у адным з дзедам пад’ездзе. Калі ён прыходзіў да Куляшова, гэта скончвалася так: раніцой зойдзеш, а цыгарэтны дым у пакоі слаямі вісіць, яны гуляюць у шахматы. Усю ноч прасядзелі…

Яшчэ, калі я быў маленькі, дзед мог так запойна гуляць у шахматы з акадэмікам Канавалавым…

— Ці падарожнічаў ваш дзед і куды?

— Ён больш ездзіў па дамах адпачынку. Калі здароўе ў яго зусім здало, у апошнія гады ён больш ездзіў у Нясвіж, у санаторый. А да таго — ці ў Каралішчавічы, ці ў Барвіху.

А за мяжу ён ездзіў толькі ў камандзіроўкі. Адзін раз быў у Амерыцы, у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. І сёння ў летніку на Нарачы ў адной з камор ляжыць амерыканскі куфар.

Калі дзед вярнуўся, не змог усе рэчы скласці ў свой чамадан і купіў новы . Праўда, той амерыканскі куфар добра па- грызлі мышы. Я глядзеў на яго ўлетку і думаў: ці ўдасца яго аднавіць як экспанат?.. Мабыць, дзед купіў чамадан, які быў танней, бо савецкія — лепшыя, больш моцныя.

— А якую ежу любіў дзед?

— Цікава, калі ў суп трапляў чарвівы грыб, дзед заўсёды казаў: «Не тое чэрві, што мы ямо, а тое чэрві, што нас ядуць». І еў суп далей.

Мне здаецца, што яму падабалася ўсё, што згатуе бабуля. У яго філасофія была такая: што ёсць, тое і ясі. Ён жа перажыў Грамадзянскую, Другую сусветную вайну. Сваё сямейнае жыццё пачынаў таксама ў Мінску, але ў беднасці. Ён не быў спешчаны…

Я ніколі не бачыў і не чуў, каб ён прасіў штосьці яму канкрэтнае згатаваць. Ежа была простая… Адзінае, ў канцы 60-х, калі са здароўем у яго стала не вельмі, мог казаць: «Чаму такі тлусты суп? Гэта шкодна». Але ніколі не казаў, што не смачна.

— Паліў ён добра?

— Па-чорнаму. Дзе ён жыў, усё было прапахлым цыгарэтным дымам. Мог выпіць, але не быў п’яніцай (смяецца). Калі была нагода, не адмаўляўся.

— Уладзімір Хрыставіч, хто найбольш падобны знешне ці па характары з нашчадкаў на Аркадзя Куляшова?

— У мяне такое ўражанне, што найбольш блізкая яму ўсё ж такі мая маці. І сыны Куляшова пайшлі больш у сваю маці. Мне здаецца, што ўсе ўнукі неяк больш нагадваюць бабулю, чым дзеда. Адзінае, што маёй сястры Вользе перадаўся паэтычны талент Аркадзя Куляшова. Але пры гэтым і па знешнасці, і па характары яна пайшла больш у бабулю. Шкада, што сястра пісала вершы на рускай мове. У шэсць гадоў, ведаеце, што яна склала? «Прошелестело лето по листве зеленой. Стоят, грустят березки, липы, клены. Все сбросило зеленый свой наряд. И во дворе не слышно уж ребят…» Далей — лепей. Калі б па-беларуску ў яе вершы атрымліваліся, то я б насядаў, не злязаў бы, каб іх пісала і далей…

— Уладзімір Хрыставіч, дзякуй за цікавую размову! Усяго вам самага лепшага!Вера ГНІЛАЗУБ, «СГ»

Фота з архіва Уладзіміра БЯРБЕРАВА

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter