Дзедаў «сок» i дзiцячыя пачастункi

Вы  чакаеце   ўраджай,   не   кiнуўшы   насенне   культуры?..

Вы  чакаеце   ўраджай,   не   кiнуўшы   насенне   культуры?.. 

Наша грамадства ў тым стане, што, як мне здаецца, у самы раз брацца за культуру нашых узаемаадносiн. Бо як змянiлiся за апошнi час нашы гарады i сёлы – жыць хочацца! Вось i трэба пераходзiць ад добраўпарадкавання знешняга да ўнутранага, нашых сэрцаў i душ. Каб у поўнай меры адчуць асалоду жыцця. 

А што ж бачым: дзе стаiм, там i смецiм, лятуць акуркi з вышэйшых паверхаў, кураць у пад’ездах, дзе хочуць... Ды што там кураць, у падвале нашага дома адзiн разваротлiвы жыхар устанавiў такарны станок, як уключыць – усё хадуном, а другi падвальнае памяшканне ператварыў у гараж, заганяе матацыкл (нешта i нябачна тых служб, якiя б спынiлi гэту самадзейнасць...). 

Камунальнiкi, вiдаць, у першую чаргу павiнны рэагаваць на такiя выхадкi асобных жыхароў, бо адказваюць за парадак на падведамаснай тэрыторыi. Аднак, цi шмат яны вынеслi прадпiсанняў? Думаю, не часта ўбачыш i зваротаў да жыхароў аб захаваннi чысцiнi, парадку, напамiнальных запiсаў... А трэба дзейнiчаць з апераджэннем, вучыць i выхоўваць. Iнакш не пасябраваць нам з культурай, не асiлiць тых задач, якiя пастаўлены ў гэтай сферы. 

Ну i калi ўжо працуеш у гэтай сферы, то будзь яе варты. А што бачым? Вось работнiкi гарвадаканала вывесiлi аб’яву аб тым, што ў сувязi з правядзеннем работ у пад’ездзе будзе адключана водазабеспячэнне. Жыхары пачалi запасацца вадой. Аднак вадаканалаўцы з’явiлiся не ў прызначаны дзень, а праз два — людзi не рыхтавалiся i засталiся без вады... Не ведаю, папрасiў у iх хто прабачэння цi не, але наяве элементарнае грэбаванне прафесiянальнай культурай, iнтарэсамi людзей. 

Цi яшчэ. Мне часта даводзiцца ездзiць аўтобусам Бабруйск—саўгас iмя Ленiна. Дык вось на прыпынку кандуктар замест таго, каб пусцiць людзей у салон, падоўгу пад спякотным сонцам цi дажджом трымае iх на вулiцы, пакуль не абiлецiць. Так ёй зручней, а цяжкасцi пасажыраў – нiкога не хвалююць... На жаль, нiхто з вышэйшага начальства не бачыць гэтага свавольства кандуктара i не перасцеражэ ад такiх дзеянняў. 

Культура – у кожным з нас, яе трэба заклiкаць, растрывожыць, зразумець, што без яе вялiкасцi не абысцiся. Яна ўзвышае, робiць наша жыццё цiкавым i змястоўным. Такiм, якога ўсе хочуць. Мы робiм культуру, а яна – нас. 

Даводзiлася назiраць у магазiне. Адзiн пажылы чалавек купляў сваiм унукам сок: аднаму пачак i другому. «А мне, — звяртаецца да прадаўца, — падайце вось той ружовы...». – «Якi?» – не можа тая зразумець, нарэшце здагадваецца — вiно... Ну i садзяцца выпiваць: дзед свой «сок», а ўнукi – свой. Вось вам культура i выхаванне... 

Цi задумваемся, якi прыклад падаем маладым? Бо як бы не папракалi школу, культура пачынаецца з сям’i. I калi гэтай культуры не стае ў бацькоў, то i дзецям цяжка будзе яе набыць. 

Культура – гэта i тое, як мы ходзiм, апранаемся, будуем адносiны з людзьмi. Яна заўжды навiдавоку, з культурным, адукаваным чалавекам прыемна мець зносiны. Iншая справа, як перайсцi ад культуры асобных людзей да культуры ўсяго грамадства? 

Працаваць штодзённа, няспынна. Аднак цi шмат бачым заклiкальных плакатаў, нагляднай агiтацыi на дадзеную тэму? Наўрад цi можна даць станоўчы адказ, цяпер часцей гэта поле забiвае рэклама: купi-прадай... Ды i мясцовая прэса не да канца вычарпала сябе ў гэтым пытаннi – друкаванае слова вельмi б дапамагло. 

Хацелася б сказаць i аб ролi школы ў набыццi культуры. Яна, несумненна, нямала робiць у гэтым кiрунку, але далёка яшчэ не ўсё. Сёння патрэбна больш рашуча наступаць на гэтым фронце: супрацьстаяць нетактоўнасцi, прывiваць павагу да старэйшых. 

Часта вам саступяць месца ў аўтобусе цi тралейбусе? Не! У школе, якая знаходзiцца непадалёк ад нашага дома, музыка грымiць дацямна, калi праводзяцца маладзёжныя вечары, навучэнцы выходзяць курыць нiколькi не саромеючыся прахожых, брыдкасловяць – адным словам, тут ёсць над чым працаваць... 

Давайце кiдаць насенне культуры ў спрыяльную глебу i беражлiва яго вырошчваць, з той надзеяй, што гэта дасць багаты ўраджай! 

г. Бабруйск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter