Дзед Василь, бабка Параска i бульбачка з прыгаркамi

Недавно в Воложинском территориальном центре социального обслуживания населения чествовали участниц Великой Отечественной войны: медсестер, связных, радисток, бойцов партизанского отряда. На встрече «Поздравляем вас, боевые подруги!»
— Прозвішча ў мяне, таварышы, важнае, — чалавек трымае амаль што тэатральную паўзу і, калі бачыць, што наш да яго інтарэс дасягнуў вышэйшага градуса, выдыхае: — Гусак! Ён, калі прыгледзецца, і сапраўды нечым падобны на важную птушку – цыбаты, хударлявы, з даўгаватай тонкай шыяй і хітрымі вачыма. Дзіва не гэта, а тое, што мы толькі-толькі зайшлі ў хату, толькі сказалі адзін аднаму некалькі слоў, а адчуваем сябе так, нібыта адзін аднаго сто гадоў ведаем. Гэта не так. Проста акурат на паўдарозе паміж Столінам і Жыткавічамі цуда нямецкай аўтамабільнай вытворчасці раптам заторгалася, запорскала, як памыйны кот, і цвёрда намерылася стаць на пустой вячэрняй дарозе каменем. Тады кіроўца ўпартай жалязякі згадаў, што гады, мо, са два таму прыязджаў у вёску Верасніцу лавіць шчупакоў і на начлег спыняўся ў дзеда Васіля і бабкі Параскі. Пад строгімі і недвухсэнсоўнымі нашымі позіркамі калега ўспомніў, як той казаў, усё, разы са тры ляснуў кулаком па капоце ўпартай пачвары, і такім вось чынам мы апынуліся ў гасціннай паляшуцкай хаце. Старыя, можа, і забыліся на свайго колішняга начлежніка, але прынялі нас як родных. Пакуль дзед Васіль расказвае, адкуль пайшло важнае яго прозвішча, бабка Параска, невысокага росту, поўная і маўклівая такая жанчына, адкрывае засланку печы, кідае сухія трэскі-смалякі на яшчэ не астыўшае вуголле, і неўзабаве там паказваюцца кволыя іскрынкі-агеньчыкі. Потым бабуля нясе кош, бярэ нож і садзіцца на ўслончык чысціць бульбу. Мы ледзь не навыперадкі (не зломкі, маўляў) прапануем ёй свае паслугі. Бабка Параска згадзілася. і што? Праз пару хвілін высветлілася, што ніхто з нас рады бульбіне даць не можа: адзін імкнецца ўвесь клубень звесці на лупінне, у другога яна з рук выслізвае, быццам жывая, у трэцяга ўвогуле рукі не з таго месца растуць. Бабуля глядзела-глядзела на гэтакі здзек з прадукту і ўрэшце моўчкі, бо яна па жыцці ўвогуле маўклівая, прагнала гора-памагатых. Бачыць бабка Параска дрэнна, акуляры носіць з тоўстымі шкельцамі, рукі, пакручаныя, як у кожнай даяркі, артрытам, былога спрыту не маюць, але ж бульбіна з-пад яе ножыка выходзіць чысценькая, круглая і гладкая. Як яечка. Дзень у нас быў доўгі, тлумны, а ў хаце так цёпла, утульна і ціха, што вочы самі, здаецца, заплюшчваюцца, і толькі голас дзеда Васіля не дае дзёўбаць носам. — Вядома, як у тыя часы палешукі жылі. Гэта ж зараз навокал палі, лугі і гоні, а раней – лапік зямлі сярод балацянкі і ўсё. Жыта сеялі, бульбу садзілі. На бульбе і рыбе самі раслі і дзяцей гадавалі. Я нават памятаю, што да вайны ў нас самымі лепшымі лічыліся бульба чырвоная, “амерыканка-скараспелка” і “варшаўка”. Яна, белая, даўгаватая і таўсцейшая з аднаго боку, была самай смачнай. Добра расла і замест хлеба была. Я, як малы быў, прасіў маці даць мне звычайнага, без бульбы, хлеба. Але дзе ж ты яго возьмеш? Сёння ў дзеда Васіля з хлебам ніякіх праблем – у краме можна выбраць любы гатунак па густу, але ж, як Андрэевіч кажа, без бульбіны стол не стол. Хоць яму ўжо без двух гадоў восемдзесят, дваццаць сотак бульбы садзіць кожны год. Цяпер, кажа, гэта проста – пасадзяць сажалкай, выкапаюць капалкай, адно дамоў прывезці, разабрацца, што ў капец, што ў варывеньку. Навошта яе двум старым столькі? — Як гэта навошта. Сабе, дзве дачкі ў Гомелі жывуць, жывёле – кароўку, двух парсючкоў, дзякуй богу, яшчэ трымаю. Добра, чатыры сыны мае ў Расіі атабарыліся, за бульбай не прыязджаюць, а то яшчэ і мала б было. Сам я таксама патэльню смажанай бульбы з’ем і мала яшчэ будзе. Макароны там розныя мне зусім без патрэбы. Цяпер, праўда, у бабкі маёй дыябет знайшлі, ёй дактары кажуць больш круп есці, ну і я на іх перайшоў, — голасам, мімікай дзед Васіль паказвае, што пераход гэты яму ў пячонках сядзіць, але ж не будзеш бабку прасіць, каб яна яму асобна гатавала. Мы размаўляем пра тое-сёе – дзед Васіль успамінае пра вайну (“Вой страшна было, колькі людзей палягло”), пра Верасніцу, у якую ён пераехаў пасля вайны (“Тут жа моладзі было, як шчупакоў у Прыпяці,а яны там адзін на адным стаялі”), пра першую сваю жонку Алёну Сцяпанаўну (“Яна ж блакаду Ленінграда агорала, вось і пайшла заўчасна, а мы, бач ты, з Параскай Фядотаўнай і сышліся”), а бабка Параска тым часам ціха і акуратна робіць адвечную жаночую работу. Лёг на стол чысты абрус, з’явілася на ім міса з квашанай капустай, талерка з акуратнымі ружаватымі скрылёчкамі сала, патэльня з добрай яешняй, бутэлька. Потым бабуля ўзяла вілачнік і выцягнула на загнетак чыгунок з бульбай. Яна, як гэта заўсёды бывае, калі бульба варыцца ў печы і агонь з усіх бакоў аблізвае чыгунок, была з прыгаркамі – рудаватыя, а месцамі і чорныя, яны плямілі буйныя жоўтыя бульбіны. Не ведаю, паверыце вы нам ці не, але потым высветлілася, што для кожнага з нас гэтыя прыгаркі былі ў дзяцінстве найсмачнейшым ласункам. Амаль такім, як печаная бульба, якую мы, вясковыя падшыванцы, выцягвалі з гарачага прысака і, перакідваючы з рукі ў руку, каб хутчэй астыла, так яе, аcмаленую, і елі... Калі спусцеў чыгунок з бульбай, былі падабраны ўсе прысмакі, што шчодра выставіла на стол бабка Параска, выпіта і адмысловая кава, якую старым “пастаўляюць” сыны, дзед Васіль раптам некуды зазбіраўся. — Пайду да маленькай схаджу, — ён ужо ўзяўся за клямку, але пабачыў, што нешта мы нічога не петрым, патлумачыў. – Чатыры дні таму кароўка цялушку прывяла. Трэба ж глянуць, як яна там?.. З хлява мы дзеда Васіля так і не дачакаліся. Размораныя добрай вячэрай, абагрэтыя душэўнай цеплынёй малазнаёмых, але такіх добрых і шчырых людзей, мы ўмомант заснулі і спалі гэтак соладка і хораша, як спіцца толькі ў дзяцінстве ў роднай хаце.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter