Многие регионы страны имели свои особенности празднования Масленицы

Дзед, што косткай падавіўся

Пра выпяканне бліноў ды спальванне пудзіла ведаюць усе. А што наконт “Пахавання Дзеда” або “Прывязвання калодкі”? Лакальныя масленічныя традыцыі і сёння захоўваюцца ў некаторых куточках краіны. Для ўсходніх палескіх рэгіёнаў, да прыкладу, характэрна традыцыя “пакарання” на Масленіцу тых, хто мог узяць шлюб за год, але гэтага не зрабіў. Хлопцам-“перастаркам”, якія не ажаніліся, прывязвалі да нагі імправізаваную “калодку” — яе ролю маглі выконваць палка, стужачка або цукерка. А дзяўчатам завальвалі хату ступай. Пазначаныя такім чынам маладыя людзі павінны былі “праставіцца” вяскоўцам.



У адным з раёнаў Віцебшчыны па вёсцы насілі жывога пеўня. Яму звязвалі крылы і падвешвалі птушку на палку. З пеўнем, які кукарэкаў на ўсю вёску, хадзілі ад двара да двара, збіраючы людзей на супольнае святкаванне Масленіцы. Больш распаўсюджанай была традыцыя качаць калодку. Яе чаплялі на вяроўку і цягнулі ад хаты да хаты. Калі калодка з’яўлялася перад дзвярамі хаты, гаспадыня ставіла на яе бутэльку, а пасля і сама далучалася да грамады.

Да сённяшняга часу на Падняпроўі існуюць звычаі “трэсці падушкі” або “разуваць маладуху”, калі грамада замужніх кабет прыходзіць у госці да маладухі, каб прыняць яе ў сваю кампанію.



Адметная традыцыя захоўваецца на паўночным усходзе Беларусі. У панядзелак, першы дзень масленічнага тыдня, калі ўжо забаранялася есці мяса, хавалі “Дзеда, што косткай падавіўся”. Дзеда выраблялі ў чалавечы рост з саломы, апраналі ў мужчынскае адзенне, абавязкова вырабляючы мужчынскія “атрыбуты”. Іх рабілі з качалкі або морквіны і час ад часу рухалі вяроўкай, працягнутай праз нагавіцы. Такім чынам акцэнтавалася ўвага на мужчынскай юрлівасці і пажадлівасці гэтага Дзеда. Варта адзначыць, што на абрад дапускаліся толькі пажылыя жанчыны.



Ляльку клалі на лаўку і пачыналі галасіць: “Ах ты, Дзедка, куды ты сабраўся, навошта нас пакідаеш… Ты па ўсіх жанчынах прайшоў, дзяцей нарабіў усёй вёсцы, а цяпер нас пакінуў”. Плакалі вельмі натуральна, але, вядома, і смяяліся. Пасля Дзеда везлі на саначках закопваць у снег, быццам перадаючы яго пладавітасць зямлі. А напрыканцы масленічнага тыдня адбывалася “Пахаванне Бабы”, якая “падавілася сырніцай”.

mila@sb.by

Фота БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter