У сярэднім віншаванне ад Дзеда і ўнучкі абыдзецца ў 30—50 долараў

Дзед па выклiку

Паклікаць Дзеда Мароза і Снягурку дадому на навагоднія святы становіцца для нас справай звычайнай, з кожным годам колькасць жадаючых бачыць іх у святочныя і перадсвяточныя дні расце. Спецыялісты кажуць, першыя заказы на візіты пачалі паступаць яшчэ ў кастрычніку—лістападзе.


«З 20 снежня ўсе вечары распісаны, 30—31 снежня заняты поўнасцю, — гавораць у святочным агенцтве. — Асаблівасць цяперашняга года — вялікія выхадныя з 25-га па 28 снежня. У гэтыя дні заказаў як ніколі шмат».

У сярэднім віншаванне ад Дзеда і ўнучкі абыдзецца ў 30—50 долараў. «Чым бліжэй да 31-га, тым даражэй, — тлумачыць розніцу «ад 30 да 80 долараў» у сваёй аб’яве прадстаўніца агенцтва. — Часам, канешне, саступаем. Напрыклад, на 31-е сям’і з чатырма дзецьмі зрабілі 30-працэнтную скідку». 

За гэтыя грошы Дзед Мароз уручыць падарунак, паслухае вершы, паспявае з малымі, паводзіць карагоды. Адзначым, мех з цукеркамі ці цацкай прадастаўляюць бацькі. 

Для тых, хто хоча «экшану», Дзед завітае ў госці праз акно. «Паверх не мае значэння, залезем і на дзясяты. З камунальнымі службамі мы дамаўляемся афіцыйна, просім дазволу выйсці на дах, — пераконвае супрацоўнік экстрым-тэатру. — У залежнасці ад таго, як складана патрапіць да вас у кватэру, цана паслугі складзе 200—600 долараў. Але на 31-е дзень і вечар ужо распісаны. Згодныя на раніцу?» 

У якасці альтэрнатывы на тым канцы провада прапануюць Снягурку і Дзеда Мароза гімнастаў. Пасля песень і карагодаў яны пакажуць праграму з акрабатычнымі нумарамі. Могуць прыйсці павіншаваць вас з малпай або змяёй. «Дык год казы ж», — кажу. «Знойдзем казу», — адказваюць.


«А наш Дзед грае на баяне, а Снягурка — прафесійная оперная спявачка. Павесялім не толькі дзяцей, але і дарослых», — абяцае індывідуальны прадпрымальнік Андрэй. За паслугу просіць 250—350 тысяч рублёў. Кажа, месцы на навагоднюю ноч яшчэ ёсць.

Можна запрасіць Дзеда, які намалюе акварыум і нават станцуе брэйк. Былі б грошы. 

Час віншавання звычайна складае 30 хвілін—гадзіну. Хоць ёсць і экспрэс-вітанні. Доўжацца яны ўсяго дзесяць хвілін. «У асноўным гэта для дзетак, якім год-паўтара, якім толькі пажадаць шчасця-здароўя і ўручыць падарунак, — расказвае артыст Міхаіл. — Для малых, што толькі знаёмяцца з навагоднім чараўніком, — ідэальны варыянт».

Цікава, але каштуе такі візіт, як і большасць звычайных, 30 долараў. А 31-га — і ўсе 50. Тым не менш жадаючых шмат.

Дарэчы, у Мінску запрасіць Дзеда Мароза і Снягурку можна таксама і ў аддзяленнях «Белпошты». У будні дзень віншаванне каштуе 360 тысяч рублёў, у святочны, выхадны, а таксама з 26-га па 31 снежня — 450 тысяч. Калі ў госці прыйдзе толькі Дзед, то цана адпаведна знізіцца да 270 і 330 тысяч.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter