Якім запомніўся Канрат Крапіва родным і вучням

Дзед Кандрат, якi змяняў сусвет

Што расказалі пра класіка яго родныя, землякі і вучні

“ДЫПЛАМАВАНЫ баран” і “Хто смяецца апошнім”. Толькі за гэтыя творы, мне здаецца, Кандрату КРАПІВЕ было наканавана назаўжды застацца ў залатым фондзе беларускай літаратуры. Дзясяткі баек, сатырычных вершаў і п’ес, выйшаўшых з-пад яго пяра, не згубілі сваёй актуальнасці праз многа гадоў пасля напісання. А многія слоўнікі, якімі мы карыстаемся сёння, выходзілі пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы. Дарэчы, пакінуў след класік і ў гісторыі нашай газеты. У адным з архіўных нумароў “Беларускай вёскі” змешчаная яго нататка, падпісаная псеўданімам “Селянін Кандрат”. Што нашчадкі расказалі пра літаратара, якім ён быў на працы і ці захоўваецца памяць пра яго на малой радзіме — у вёсачцы Нізок на Уздзеншчыне? Адказы на гэтыя пытанні карэспандэнт “СГ” шукала з нагоды 120-гадовага юбілею знакамітага байкапісца, які адзначаўся 5 сакавіка.


ПАЧНЁМ з вытокаў. Уздзенскую зямлю нездарма называюць «салаўіным краем» — цэлую плеяду знакамітых пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў мастацтва падарыла яна свету. Узяць хаця б вёсачку Нізок. Акрамя Кандрата Крапівы, там нарадзіліся Паўлюк Трус, Лідзія Арабей, мастак Уладзімір Ткачоў. Сённяшні вобраз сціплай вёскі, падобных у краіне дзясяткі, — усяго сотня жыхароў (амаль усе пенсіянеры). Росквіт Нізка прыйшоўся на 60—70-я гады мінулага стагоддзя, калі паўсюдна будаваліся жывёлагадоўчыя фермы і арганізоўвалася сельгасвытворчасць.

На жаль, хаты, дзе ў звычайнай сялянскай сям’і вырас класік, да нашых дзён у Нізку не захавалася: яна згарэла ў 30-я, ды так і не была адноўлена. Затое ёсць у вёсцы іншы будынак, да якога ў прамым сэнсе гэтага слова дакраналася рука майстра слова — дом пляменніцы Крапівы, які ён дапамагаў будаваць і дзе потым заўсёды спыняўся, калі наведваўся на малую радзіму.

Адзіны напамін пра знакамітага класіка — шыльда на будынку базавай школы, але яе закрылі гадоў дзесяць таму. Справа ў тым, што першапачаткова менавіта яе навучэнцы пачалі збіраць калекцыю, прысвечаную Крапіве. Потым тую перадалі ў мясцовую бібліятэку — Музей слова. Два гады таму гэтую культурную ўстанову рэарганізавалі, а ўнікальныя экспанаты перадалі ў раённы краязнаўчы музей. Свая камерная прывабнасць у калекцыі ёсць, лічыць апошні дырэктар Нізоўскай бібліятэкі, а цяпер навуковы супрацоўнік музея Кацярына Якубоўская:

— У нас добры збор асабістых рэчаў Кандрата Кандратавіча: капялюш, кашуля з гальштукам, рукапісы з аўтографамі, шматлікія фотаздымкі, дзе класік поруч з калегамі па цэху… Самы цікавы экспанат — скульптура Заіра Азгура. Байкапісец на ёй — ва ўвесь рост. Як казалі нізаўчане (жыхары Нізка), скульптуру прывезлі ў вёску з Мінска, быццам бы яна нейчы дыпломны праект, якім кіраваў знакаміты манументаліст. Калекцыя, прысвечаная Крапіве, — цэнтральная частка музейнай экспазіцыі “Гонар і слава зямлі Уздзенскай”. Год назад мы яе аднавілі.

А яшчэ традыцыя ва Уздзе — кожныя пяць гадоў ладзіць раённы фестываль гумару. Яго прысвячаюць датам, звязаным, безумоўна, з імем беларускага байкапісца. На такім літаратурным фэсце заўсёды выступаюць не толькі школьнікі раёна і творчыя калектывы, але і ганаровыя госці свята гумару — нашчадкі класіка.

У іх ліку ўнучка і праўнучка Кандрата Крапівы Алена Атраховіч і Варвара Александровіч. Гэта маці і дачка, жывуць у Мінску, але калі надараецца магчымасць, заўсёды едуць на малую радзіму свайго славутага продка. Чаму? Кандрат Кандратавіч шчыра ставіўся да той зямлі, якая стала калыскай яго дзяцінства. Удзячнасць гэтую пранёс праз усё сваё жыццё і навучыў дзяцей шанаваць любы сэрцу куток.


— А яшчэ дзядуля вучыў нас не быць абыякавымі да жыцця, — успамінае Алена Ігараўна, якая фактычна побач пражыла з Кандратам Кандратавічам 30 гадоў. — Ведаеце, аднойчы ён напісаў: “Мною валодала жаданне ўмяшацца ў жыццё і тое-сёе ў iм паправiць, каб нам усiм лепей было”. Мне здаецца, гэта быў дэвіз майго дзеда, наканаваны яму лёсам. І што самае галоўнае — колькі б званняў не было ў Кандрата Кандратавіча, якім бы аўтарытэтам ён не карыстаўся (а быў уплывовым чалавекам), ён ганарыўся тым, што ёсць у яго менавіта народнае прызнанне. Мне здаецца, калі ўжо прайшло 100 гадоў, а пра цябе памятаюць, гэта дарагога каштуе.

Асабліва блізка Кандрат Кандратавіч быў да беларускай вёскі: і думкамі, і звычкамі. Да прыкладу, прыязна ставіўся да сельскагаспадарчых турбот. Калі перабраўся ў Мінск, адразу займеў агародзік, вырошчваў нават кукурузу і памідоры. А сапраўднай аддухай для яго быў дачны яблыневы сад, за якім ён вельмі педантычна глядзеў. І сёння старыя дрэвы ў тым садзе памятаюць клапатлівыя рукі майстра слова.

Цікава, што ў жыцці Крапіва быў вельмі рэжымным чалавекам, з аскетычнымі густамі. Нават у глыбокай старасці Кандрат Кандратавіч прачынаўся недзе каля сямі-васьмі гадзін раніцы, аразу ж адчыняў фортку ў сваім пакоі і рабіў зарадку. Потым, у рабочы дзень ці выхадны, абавязкова галіўся апаснай брытвай. У адзенні быў не моднік, але заўсёды аддаваў перавагу кашулям. Як сапраўдны вясковец, Крапіва любіў простую ежу. Традыцыя была раз ў нядзелю сілкавацца мачанкай з блінамі, кожны дзень — каша і капуста. Абавязкова ўсё з хлебам. А яшчэ вельмі любіў аўсяны кісель па фірменным народным рэцэпце, кажа Алена Атраховіч:

— Жыццё дзядулі было насычана падзеямі. Але ён заўсёды заставаўся чалавекам, верным сваёй прафесіі, прынцыпам. Таму памяць, якая засталася пасля дзядулі, захоўваецца беражліва. Вялікая экспазіцыя, прысвечаная Кандрату Кандратавічу, захавалася ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Днямі ў Акадэміі навук прайшла канферэнцыя, прысвечаная 120-гадоваму юбілею дзядулі. Там выказана думка зрабіць віртуальны музей Кандрата Крапівы, і мы падтрымліваем такі праект. А асабіста мне кожны дзень напамінае пра Кандрата Кандратавіча яго падарунак — збор твораў класікі сусветнай літаратуры, які дзядуля прэзентаваў мне на паўналецце.

ПРАЎНУЧКА Варвара Александровіч называе свайго прашчура дзедам. Нарадзілася Варвара, калі Кандрату Кандратавічу было 82 гады. Калі крыху падрасла, заўсёды забягала ў кабінет да прадзядулі, і той чытаў дзяўчынцы ўголас. Гэта ён вельмі любіў. Асабліва падабалася Кандрату Кандратавічу расказваць пра сваё дзяцінства. І аднойчы так сталася, што выдалася магчымасць запісаць яго голас, расказвае Варвара:

— Я тады была школьніцай і супрацоўнічала з газетай “Зорька”. Нам выдалі пасведчанні юнага карэспандэнта і далі заданне — зрабіць інтэрв’ю. Я адразу радасная прыбегла да Кандрата Кандратавіча. Але спачатку ён нічога гаварыць не стаў. Прызначыў інтэрв’ю назаўтра. Рыхтавалася і хвалявалася, раніцай зайшла ў яго кабінет — дзед дзелавіта сядзеў у чаканні. Уключыла магнітафон “Бярэсце” і запісала яго расповед пра сваё дзяцінства і юнацтва. Аказалася, што гэта было апошняе прыжыццёвае яго інтэрв’ю. І толькі з часам я ўсвядоміла, наколькі каштоўнай была тая размова.


А яшчэ Варвара Александровіч адчувае асобую любоў да дзедавага захаплення — шахматаў. Менавіта Кандрат Кандратавіч навучыў маленькую Варвару, як ставіць шах ды мат. Усе ведаюць, што ён гадзінамі мог сядзець за дошкай, а шахматных набораў у яго было некалькі.  Нават байкі пра шахматныя фігуркі Крапіва прыдумляў. Напрыклад, пра каня. Кандрат Кандратавіч у сваіх «Загадках дзеда Кандрата» напісаў: “...конiк-гарбунок//З галавою, ды без ног,//I не ўмее хоць брыкацца,//Каралi яго баяцца”.

Па іроніі лёсу сёння ў дзедавы шахматы гуляе 10-гадовы прапраўнук Кандрата Крапівы Глеб, сын Варвары. Хлопчык вучыцца ў сталічнай гімназіі, а нядаўна зрабіў праект, прысвечаны славутаму продку. Работу адзначылі на школьным конкурсе навуковых пректаў.

ЯКІМ Крапіва быў на працы? Калег знакамітага класіка амаль што не засталося. Але ў архівах захавалася фота, дзе малодшы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР Міхась Пазнякоў разам з Кандратам Кандратавічам за пісьмовым сталом нешта абмяркоўваюць. Якая справа яднала будучага паэта з класікам, удакладніў нам сам Міхась Паўлавіч:

— Мне сапраўды пашчасціла ў жыцці пазнаёміцца з легендай беларускай культуры. Для мяне, нявопытнага навуковага супрацоўніка, гэта была вельмі знакавая падзея, расцягнулася яна на паўгода: я працаваў над руска-беларускім слоўнікам, а Кандрат Кандратавіч рэдагаваў яго. У першую сустрэчу, памятаю, у мяне дрыжалі ногі, бо Крапіва быў велічынёй! Калісьці вучыў яго творы ў школе, а тут — на роўных. Падкупляла тое, што ён ставіўся неяк шчыра да мяне, па-бацькоўску проста. А колькі слоў і дыялектаў ведаў Кандрат Кандратавіч! Вось гэта быў інтэлект. Гэтага стрыманага чалавека разгаварыць было вельмі складана. А закрытай тэмай аказаўся 1937 год.

І адзін вельмі цікавы выпадак прыгадаў Міхась Пазнякоў, каб даць характарыстыку класіку. Аднойчы за працай над слоўнікам у кабінет да Кандрата Кандратавіча зайшла жанчына. Крапіва, які не адно скліканне быў дэпутатам, адразу прапанаваў раз’юшанай госці ўладкавацца ў крэсле і ўважліва выслухаў яе.

Жанчына, якая доўгі час працавала ў вёсцы, сама аднекуль з Міншчыны прыехала, скардзілася на тое, што не могуць дапамагчы ёй з жыллём. Госця закончыла, развіталася. А Кандрат Кандратавіч тут жа папрасіў прабачэння ў Пазнякова, сказаў, што трэба вырашыць пытанне, і некаму патэлефанаваў. Ён размаўляў строга, але дзелавіта.

Праз месяцы паўтара Кандтрат Кантратавіч з памочнікам гэтак жа сядзелі і працавалі ў яго кабінеце, як сакратарка зноўку пусціла ў аўдыторыю тую ж самую жанчыну. Яна прывезла байкапісцу вялікі кошык чырванабокіх яблыкаў. Аказалася, што менавіта той званок Крапівы вырашыў кватэрнае пытанне простай калгасніцы...

Цікавосткі  пра пісьменніка


ПЕРШАЯ. Як Крапіва пачаў пісаць. Дакладна вядома, што дэбют літаратара адбыўся на старонках “Савецкай Беларусі”. Аднойчы будучы байкапісец проста ішоў па вёсцы і ўбачыў на сцяне прымацаваную газету. Спыніўся, пачаў чытаць. Тэксты яму прыйшліся даспадобы, таму і вырашыў паспрабаваць сябе на літаратурнай ніве.

ДРУГАЯ. Кандрат Кандратавіч шмат пісаў (у пісьменніцкім коле яго нават называлі шматстаночнікам), быццам бы кіраваўся дэвізам з кнігі Юрыя Алешы “Ні дня без радка”. Аднак нават самым блізкім пісьменнік ніколі не казаў, над чым канкрэтна працуе. Напрыклад, свой твор «Брама неўміручасці» ён пісаў амаль 6 гадоў. І ўвесь гэты час ніхто не ведаў, чым заняты думкі літаратара.

ТРЭЦЯЯ. У Крапівы была фенаменальная памяць. Кандрат Кандратавіч ніколі не запісваў адрасы і тэлефоны, не вёў штодзённіка. Усё самае важнае захоўвалася ў яго памяці. Калі трэба было знайсці тэлефон нейкага чалавека, прасцей адразу пытацца ў Крапівы (калі ён яго ведаў, вядома). У старасці ў яго  сур’ёзна пагоршыўся зрок, што адбівалася на яго прафесійнай дзейнасці (рэдактарскай). Але ён рэдагаваў усе слоўнікі проста па... памяці. Захоўваў у сваёй памяці ўсе значэнні, дыялектныя варыянты і паходжанне беларускіх слоў са слоўнікаў.

ЧАЦВЁРТАЯ. У Крапівы было шмат блакнотаў з нататкамі. А почырк быў вельмі акуратны. Ён ніколі не маляваў і не рабіў паметак на палях.

uskova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter