Унучка Кандрата Крапівы Алена распавядае эксклюзіўныя факты з біяграфіі знакамітага сатырыка

«Дзед быў, як вулкан. Унутры – агонь, а зверху – цішыня…»


– ПАСЛЯ таго як Кандрат Крапіва вярнуўся з фінскай, хутка пачалася і Вялікая Айчынная. У першы дзень вайны ён якраз быў у Мінску, а сям’я знаходзілася ў Мар’інай Горцы ў  санаторыі на адпачынку. І яны згубіліся. Дзед доўгі час не ведаў, дзе жонка і дзеці. Ён жа прыбыў у пункт прыпіскі і паступіў у распараджэнне Заходняга фронту. І там яму і групе літаратараў кіраўніцтва рэспублікі даручыла стварыць франтавую газету «За Савецкую Беларусь». У залежнасці ад дыслакацыі яна знаходзілася на некалькіх франтах. Ім выдзелілі трохтонку, у якой змяшчалася тыпаграфія. Ноччу набіраўся тэкст. Бывала, што друкавалі газету самі, а калі-нікалі вазілі ў стацыянарную тыпаграфію. І пад абстрэлы траплялі, і з акружэння выбіраліся. Цяжка. Але трэба было за ноч газету надрукаваць і на аэрадром адвезці. Са свежым нумарам  самалёт  ляцеў у варожы тыл…

З 1943 года дзед стаў рэдактарам сатырычнага ліста «Раздавім фашысцкую гадзіну». І да Перамогі быў яго адказным рэдактарам. Пасля сатырычны ліст пераўтварыўся ў часопіс «Вожык». 

Увогуле, пра ваенныя гады дзед не так шмат расказваў, магчыма, нелёгка было пра іх успамінаць.


Кандрат КРАПІВА з сям`ёй

— А што стала з сям’ёй Кандрата Крапівы ў вайну?

— Бабуля і яе дзеці – мой бацька Ігар і цётка Людміла — адправіліся ў эвакуацыю. Дапамог Саюз пісьменнікаў. Спачатку жылі ў сяле Новыя Бурасы – у Казахстане, а пасля ва Уральску. Знайшліся з дзедам яшчэ ў час вайны. Дзякуючы таму ж Саюзу пісьменнікаў. 

Дарэчы, ва Уральску быў тэатр Якуба Коласа, які вельмі дапамог сям’і Кандрата Кандратавіча, інакш, магчыма, яны і не выжылі б. 

— Цікава, для вас дзед быў сябрам, дарадчыкам ці яшчэ кім-небудзь?

— Ён быў для мяне дарадчыкам па жыцці. Мы жылі побач, і па розных пытаннях я звярталася да яго. Калі трэба было выбіраць свой жыццёвы шлях, раілася, куды пайсці пасля школы. Калі рыхтавалася паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут, ён казаў: «Не адцягвай увагу ад галоўнага». Калі вучылася ў ВНУ і прыйшоў час паступаць у аспірантуру ці нейкі іншы шлях выбраць, таксама прыйшла за парадай да дзеда. Ён параіў ісці ў аспірантуру, што я і зрабіла. Калі пісала дысертацыю, таксама да яго прыходзіла… 

Помню свой першы артыкул, які напісала ў газету «ЛіМ». Бянтэжылася, думала: «Зараз дзед раскрытыкуе!» Ён і праўда раскрытыкаваў. Але ж кожнае слова са мной абмеркаваў, паправіў... 

Дарэчы, у той час я не вельмі добра пісала на роднай мове. А напісала першы артыкул па-беларуску. І схітрыла. Напісала на рускай мове, а пасля пераклала. І дзед сказаў: «Алена, відаць, што мова — перакладная. Пішы адразу на беларускай».

Так што дзед быў першым маім рэдактарам. І пасля, калі пісала больш грунтоўныя артыкулы ў часопісы, таксама прасіла даць парады. І яго слова было апошнім: «Ужо можна, нясі артыкул у рэдакцыю». Маўляў, давяла да толку. 

Пасля раілася, куды пайсці працаваць. 

— Якія рабіў падарункі дзед Кандрат? 

— Падарункі яго былі знакавыя. Калі мне споўнілася 16 гадоў, ён падарыў мне залатое кальцо з вялізным каштоўным каменем. Надзяваю яго ў знакавыя моманты жыцця, і яно дапамагае. Відаць, з добрай энергетыкай. А ў 18 гадоў ён мне падарыў выданне серыі «Сусветная бібліятэка». Там уся класіка сабрана. За жыццё я яе ўсю перачытала.

З паездак многа чаго прывозіў. Стараўся дарыць карыснае. Калі, напрыклад, ездзіў у Балгарыю на кангрэс славістаў, прывёз набор паштовых марак, я імі ў той час захаплялася.

— Цікава, а хто з унукаў альбо дзяцей падобны на Кандрата Крапіву? 

— І знешне, і па характары падобны мой унук Глеб, якому толькі дзесяць гадоў. Параўноўваем фотаздымкі і бачым, што ў яго нават зубы так растуць, як у Кандрата Кандратавіча (смяецца). І вочы такія ж блакітныя. Колер валасоў — аднолькавы. Глеб — высокі і доўгі як прадзед. Жылісты і вынослівы. 

У дзеда Кандрата быў моцны характар. Па-першае, ён быў вельмі эмацыйны чалавек. Але з жалезнай вытрымкай. Відаць, жыццё загартавала. Ён не выплюхваў свае эмоцыі. Быў, як вулкан. Унутры — агонь, а зверху — цішыня. Ён быў чалавекам слова. Незгаворлівы. Яго пераканаць было вельмі складана. У той жа час дома сярод сваіх ён больш раскрываўся. Жартаваў. Смяяўся. Нават пры ўсёй сваёй суровасці быў добразычлівы, незлапамятны.

— Што магло яго вывесці з сябе?

— Ён мог пагаварыць вельмі строга, адчытаць за нейкі кепскі ўчынак, мог павысіць голас, але не крычаў. Гэта было не крыўдна. Ніколі не чула, каб ён хоць адно кепскае слова дома сказаў. 

Памятаю адзін эпізод з майго дзяцінства. Бабуля ў нас была вельмі добрая, лагодная, мягкая. І таму мы, дзеці, не вельмі яе слухаліся. І вось аднойчы я нешта не паладзіла з бабуляй Аленай. Выскачыла ў другі пакой, капрызнічала. Як дзед на мяне раззлаваўся! Адчытаў так, што запомніла на ўсё жыццё. Вось гэта ўрок быў. 

І ў Глеба вымалёўваецца вельмі моцны характар… 


Кандрат КРАПІВА ў Першую сусветную, пачатак 1916 года

Увогуле, бабуля ўвесь час была вясёлая. Дзед казаў: «Як усміхнецца, нібы сонейка блішчыць». Яна была жартаўлівая і гаварыла на прыгожай беларускай мове, дарэчы, рускай не ведала. Калі іх параўноўваць з дзедам, дык яны розныя. Дзед — маўклівы, яго трэба разгаварыць. А бабуля — наадварот. Была вельмі гаварлівая. Нізенькага росту, паўнаватая. А дзед — высокі і худы. 

— Хто-небудзь з радні Кандрата Крапівы стаў літаратарам? 

— Другога Кандрата Кандратавіча пакуль не з’явілася. Але яго нашчадкам перадалася схільнасць да творчасці. І не толькі мой бацька і я, але і мой брат мае творчую адукацыю — мастацкую. І па першай сваёй адукацыі мая дачка — дызайнер. 

Мы выраслі ў літаратурнай сям’і, і наша рыса — культура слова, культура гаворкі. Яна перадалася ў спадчыну. 

Напрыклад, я дысертацыю пісала, выкладаю і пішу лекцыі. Кнігу напісала па сваёй спецыяльнасці. Таму неяк апасродкавана літаратурная праца праяўляецца ў навуковай дзейнасці. 

І мая дачка Варвара зараз піша дысертацыю — па гісторыі беларускай нацыі. А ў унука Глеба вельмі добра пастаўлена гаворка. Спецыяльна ж ніхто з ім не займаўся. І ён фармулюе свае думкі на ўзроўні студэнта! Мае велізарны слоўнікавы запас. 

— Цікава, які першы дзедаў твор вы прачыталі? У якім узросце? 

— Першае знаёмства з літаратурнай творчасцю свайго дзеда — байка «Дзед і баба». Памятаю, я яшчэ і чытаць добра не ўмела, а мне яе бабуля расказала. Мы ся- дзелі на дачы на двары. З бабуляй я гэтую байку і вывучыла. Мне тады было гады чатыры. І калі яна мне яе расказвала, добра памятаю, як я падумала: «А добра піша дзед…» (смяецца). Спадабалася мне байка. 

Пасля, калі я пайшла ў школу, з гонарам гаварыла, што мой дзед — пісьменнік. Такім чынам, павага да літаратурнай працы была ў нашай сям’і.

— Які твор Кандрата Кандратавіча для вас асаблівы? 

— «Загадкі дзеда Кандрата». А яшчэ я вельмі люблю яго раман «Мядзведзічы». Гэта няскончаны твор, але найбольш аўтабіяграфічны. У ім ён апісаў жыхароў сваёй вёскі Нізок. І там галоўная гераіня – мая бабуля. Калі параўнаеце мову, якой дзед пісаў гэты раман, і мову, якой ён пісаў пазней, – яны розныя. Калі ён пісаў «Мядзведзічаў», яшчэ не меў літаратурнай адукацыі. І ўжываў дыялектычную мову, на якой гавораць у Нізку. І калі перачытваю «Мядзведзічаў», успамінаю пра дзеда. 

Яшчэ вельмі люблю яго п’есу «На вастрыі». Гэта філасофская драма, якая стала мне вельмі блізкай з узростам. У ёй паднята маральнае пытанне – як пражыць і прайсці па вастрыі і не парушыць нейкія маральныя нормы. Не перайсці пэўную мяжу…

Дарэчы, дзед называў маю маму – сваю нявестку — усё жыццё на «вы». Гэта быў знак вялікай павагі. І ў п’есе «На вастрыі» ёсць гераіня Зоя. Яе ён назваў у гонар маёй мамы. 

— Вядома, адказна быць унучкай Кандрата Крапівы?

— Канешне. Трэба падтрымліваць гонар сям’і, увесь час пра яго думаць. 

А людзі па-рознаму ставяцца. Некаторыя, бывае, чамусьці і пазайздросцяць (смяецца). Але ў большасці – іншая рэакцыя. Калі даведваюцца, што я – унучка Кандрата Крапівы, адчуваю павагу да дзеда. Вельмі часта чую: «А мне Кандрат Кандратавіч дапамог у такім пытанні…» Людзі з задавальненнем пра яго гавораць. Вось гэта для мяне важна. І я ганаруся, што дзед пакінуў аб сабе такі добры ўспамін. 

Увогуле, унучка пісьменніка – гэта не прафесія. Трэба ж самой расці і быць асобай, каб не падвесці дзеда, светлую яго памяць. 

— Якую спадчыну пакінуў вам Кандрат Крапіва? 

— Добрае імя.

— Чаму важнаму навучыў? 

— Добразычлівасці ў адносінах да лю- дзей. Ён жа быў сатырык, добра ведаў кепскія чалавечыя якасці. Сама прафесія прымушала яго ў іх разбірацца. 

Але ён добразычліва адносіўся да лю- дзей. Вось гэтаму ў яго яшчэ трэба павучыцца – маштабнаму погляду на жыццё.


Вера ГНІЛАЗУБ

Фота з архіва сям’і Кандрата КРАПІВЫ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter