Сёлета на Каляды споўнілася 3 гады тэлепраграме «Наперад у мінулае»

Дзе знайсці на вёсцы хіт

Сёлета на Каляды споўнілася тры гады, як у тэлеэфір упершыню выйшла праграма «Наперад у мінулае»
Сёлета на Каляды споўнілася тры гады, як у тэлеэфір упершыню выйшла праграма «Наперад у мінулае». За гэты час яе стваральнікі Анатоль і Аксана Вечар у кампаніі з многімі эстраднымі артыстамі аб’ехалі шмат раёнаў у пошуках фальклорнай песеннай спадчыны. Вынікі такіх вандровак — новыя версіі запісаных ад бабуль песень, якія набываюць сучаснае гучанне і другое жыццё. На сённяшні дзень іх сабрана, падрыхтавана і выканана амаль паўтары сотні.


— Наша галоўная мэта – зацікавіць народнай творчасцю, далучыць да спрадвечных каранёў максімальна большую колькасць лю-дзей, і перш за ўсё маладых. Наўрад ці многія з іх сталі б сёння слухаць аўтэнтычны фальклор. А сучасная аранжыроўка, якая робіцца для народнай песні, – гэта тая «фішка», што дазваляе звярнуць на яе ўвагу, — упэўнена Аксана Вечар.

— Ці лёгка сёння знайці будучы хіт у вёсцы?

— Нам іншы раз гавораць, што вы там запісваеце, няма ж ужо нічога, адышло, памерлі носьбіты даўно. Сапраўды, мы чапляем апошняе, не так многа засталося тых, хто ведае народныя песні. Але знайсці цікавае ўдаецца. І для нас вельмі важна паказаць гэтых людзей. Бывала, бабулькі нам казалі: вось, дзеткі, вы прыехалі, нашы песні запісалі, цяпер можна і паміраць. І гэта не таму, што ім так хацелася ўбачыць сябе па тэлевізары. Для іх важна адчуванне, што гэтыя песні некаму патрэбны. Ім хочацца, каб людзі даведаліся, пабачылі: ёсць такая вёска, дзе вельмі прыгожа спяваюць. 

— Наколькі набліжаны гэтыя спевы да аўтэнтычных? Усё ж столькі наслоена часу на мелодыі і тэксты.

— Канечне, паўсюль шмат звычайнай самадзейнасці. Але здараюцца шчаслівыя знаходкі, напрыклад, у Заходнім і Цэнтральным Палессі, на Гродзеншчыне. Некалькі бабулек-носьбітаў адшукалі на Міншчыне ў Любанскім раёне. Адна адразу нам аж дзесяць песень выдала.

— Аўтэнтычная манера выканання — асаблівая. Нехта паслухае і скажа: што яны там галосяць.

— На жаль, зразумець і ацаніць каштоўнасць сапраўднага народнага песеннага мастацтва могуць нямногія. Часта за яго прымаюць гэткія псеўдафальклорныя калектывы, якія, тым не менш, ідуць на «ўра» і збіраюць залы. Асабліва крыўдна, што іншы раз яны прадстаўляюць наша народнае мастацтва за мяжой, скажаючы пра яго ўяўленне слухачоў.

Дарэчы, у час вандровак па краіне намі заўважана хваля цікавасці да традыцыйнай спадчыны з боку моладзі. Дзяўчаты і хлопцы запісваюць і пераймаюць народныя песні, танцы, гульні, робяць дакладныя рэканструкцыі народных касцюмаў, каб у іх выступаць. 

— А ці ёсць цікавасць да праекта з боку эстрадных спевакоў? Ці ахвотна згаджаюцца ўдзельнічаць?

— Яшчэ не было такога артыста, які б паехаў з намі і застаўся незадаволены. А ездзілі многія — Алеся, Анатоль Ярмоленка, Ядвіга Паплаўская з Аляксандрам Ціхановічам, Ірына Дарафеева, абодва браты Хлястовы, Іскуі Абалян, Венера, Вікторыя Алешка… Здаецца, амаль усіх ужо нашых эстрадных выканаўцаў задзейнічалі, некаторых і па некалькі разоў. Акрамя таго, былі, напрыклад, з намі джаз-бэнд «Яблычны чай», рок-гурт «Нейра Дзюбель». Песнямі, запісанымі для праграмы, а гэта вельмі прыстойныя творы, многія папоўнілі свой беларускамоўны рэпертуар. А ўдзельнікі таго ж «Яблычнага чаю» наогул узялі ў нас каля тысячы запісаў народных песень, каб зрабіць уласныя апрацоўкі для новага альбома. 

— Дарэчы, а хто робіць аранжыроўкі для праграмы «Наперад у мінулае»?

— Доўгі час, пакуль у яго лёсе не здарыўся ўдзел у «Еўрабачанні», з намі працаваў выдатны музыкант і спявак Юрась Вашчук. Пасля падключыўся іншы таленавіты аранжыроўшчык Кірыл Ермакоў. Апошнім часам з намі працуе і мастацкі кіраўнік ансамбля «Песняры» Вячаслаў Шарапаў. 

— А ці ёсць зваротная сувязь з тымі, ад каго песні ўзялі?

— Тэлефануюць пасля кожнай тэлепраграмы на канале «Беларусь 3». Гэтыя кампазіцыі гучаць яшчэ і па Першым канале Беларускага радыё. Іх слухаюць і таксма адразу тэлефануюць, дзеляцца ўражаннямі, дзякуюць, у госці зноў запрашаюць. 

Дарэчы, мы нядаўна пачалі зваротны эксперымент. Песні нашых вядомых эстрадных артыстаў прапанавалі выканаць самадзейным народным ансамблям. Вельмі цікава атрымліваецца. 

— Акрамя песень, што ў гэтых паездках для вас самае запамінальнае?

— Асабіста для мяне — людзі. Цябе сустракаюць жанчынкі, бабулькі незнаёмыя і абдымаюць, прымаюць, як сваю родную. Там, у вёсцы, захавалася нешта сапраўднае, што ў горадзе ўжо страчана, на жаль. Там да людзей ставяцца з адкрытай душой і дзякуюць ад шчырага сэрца. Я ў захапленні ад гэтых жанчын, нягледзячы на цяжкую сялянскую працу, нейкія складанасці жыцця, яны знаходзяць сілы, жаданне спяваць. І з такой асалодай гэта робяць! Для іх песня – і аддушына, і лад жыцця. Яны наогул — асаблівыя. Дасюль, напрыклад, памятаю бабу Маню з Любаншчыны. Жыве адна. Сама яна Маня і кабыла ў яе Манька. Расказвала, запрагае Маньку ў воз і едзе ў грыбы. Усе з пустымі кошыкамі вяртаюцца. А я, гаворыць, зайду ў лес, павітаюся з ім, пакланюся нізка, хаджу, песні яму спяваю — і назад з возам грыбоў еду. Гэтыя людзі – сапраўдны цуд!

Ірына СВІРКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter