Дзе жыццё пачынаецца з хлеба...

З вялікай увагай чытаю, перачытваю кнігі паэзіі і прозы нашых пісьменнікаў, набытыя ў кнігарнях або дасланыя мне аўтарамі. З аднымі асабіста знаёмы, найперш са сталічнымі. Іншых, часцей з рэгіёнаў, ведаю па іх публікацыях. Ні ў якім разе не супрацьпастаўляючы як творцаў тых і гэтых, часам больш засяроджваюся на тым, што выходзіць з-пад пяра апошніх. Яны, хай не ўсе, як творцы ўсё ж бліжэй да зямлі, да людзей, якія непасрэдна жывуць і працуюць на ёй. І гэта зразумела — рэчаіснасць такая. Бо, згадзіцеся, часта мы і нашы гарадскія суседзі па лесвічных пляцоўках не ведаем, хто з нас чым займаецца. А нашы стасункі, напрыклад творцаў-сталічнікаў з працаўнікамі Мінска, якімі б змястоўнымі ні былі, не могуць замяніць тыя паўсядзённыя адносіны са сваімі землякамі літаратараў, што жывуць у невялікім горадзе, пасёлку ці вёсцы. Словам, там, «дзе жыццё пачынаецца з хлеба», крыху інакш, чым у вялікім горадзе. Там людзі, ведаючы, што ў іх ёсць свой пісьменнік, даволі патрабавальна адносяцца да яго. Маўляў, мы ганарымся, што ты пісьменнік, хай і незнакаміты, але пішы так, каб праўда была ды брала за жывое… Вось табе і «арыенціры» для творчасці…

Так думалася мне, калі чытаў і перачытваў новую кнігу паэта з Пружан Міколы Антаноўскага «Як ліст сярод лістоў…». Аўтар пазначыў яе як «лірычны роздум»: ягоныя думкі ў прозе, падмацаваныя паэзіяй. Зборнік Мікалай Дзмітрыевіч даслаў мне як даўняму знаёмаму і прыхільніку яго творчасці. І хоць да гэтай кнігі ён выдаў толькі два паэтычныя зборнікі — «Святаяннік»(1993) і «Падсочаны бор» (1997), нягледзячы на шматгадовую «разбежку» паміж імі і новай, яркая і самабытная творчасць Міколы Антаноўскага не згубілася ў агульным літпрацэсе. Яго помняць чытачы і калегі: талент непадуладны часу. Усе гэтыя гады Мікола Антаноўскі працаваў галоўным рэдактарам пружанскай газеты «Раённыя будні». І сам пісаў матэрыялы пра землякоў, а таксама і вершы пра іх і жыццё. А лепшыя ўключыў у кнігу «Як ліст сярод лістоў…». У іх, як і ў лірычных роздумах у прозе, якія адкрываюць паэтычныя раздзелы кнігі, як прызнаецца паэт, ягоныя «развагі аб прызначэнні чалавека на зямлі, калі матэрыяльныя і духоўныя складнікі ніяк не могуць існаваць паасобку». У іх пульсуе жыццё, да якога надзвычай чуйная душа творцы. Яго думкі: жыццё ўчора, сёння, заўтра…

Калі пра душу, дык невыпадкова кнігу адкрывае раздзел «Душою нагаворана». Бо, падкрэслю, менавіта душою «нагаворваецца» сапраўдная паэзія. І калі браць Міколу Антаноўскага, яму, паэту, і «нагаворваюцца» вершы, у якіх роздум пра прызначэнне чалавека на зямлі, а найперш — самога аўтара. Хто ён, якая рэчаіснасць, людзі ў ёй. А паколькі ў паняцці «на зямлі» межаў няма, то ўсё адбываецца ў цэлым свеце. Таму ў вершы «Сярод лістоў» паэт невыпадкова кажа: «І з ценем смутку, нейкага папроку // Сябе спытаю: «Хто ты на зямлі?» // Няўжо як ліст самотна-адзінокі // Сярод лістоў, што валяцца з галін?»

Мабыць, многія з нас у пэўных жыццёвых сітуацыях задаюць сабе гэта пытанне. А яно, безумоўна, найперш кранае сумленне. З яго, калі яно ёсць, і пачынаецца ўсё тое добрае, што чалавек робіць для сябе і грамадства. Гэта і вызначае грамадзянскую вартасць асобы. Звяртаючыся да свайго сумлення, лірычны герой вызначае: ён сам сабе суддзя. Асенняй парой, вобразна кажучы, парой чалавечай сталасці, ён прызнаецца, што «можа, ўпершыню» разважае так «цвяроза» — у сэнсе глыбока. «І так высока сэнс яго…» цэніць. (Тут лірычны герой і аўтар — адна асоба.)

Нарадзіўся Мікалай Дзмітрыевіч Антаноўскі ў 1952 годзе ў вёсцы Сташаны Пінскага раёна. Там скончыў школу, затым паступіў на журфак БДУ і ўсё сваё працоўнае жыццё звязаў з раённым друкам.

Безумоўна, Мікола Антаноўскі з тых літаратараў, хто, працуючы ў глыбінцы, як кажуць, не прайшоў і не праходзіць міма жыцця, якое там існуе. Яны заўсёды з людзьмі. Яны ў той рэчаіснасці, у якой жывуць іх землякі. Зрэшты, у якой жывём усе мы. І калі часам нехта спрабуе парушыць напрацаванае пакаленнямі, ды і самімі намі, перад кожным узнікае пытанне: «А дзе яшчэ нам будзе лепш?» І паэт адказвае на яго ў лірычным роздуме: «…лепш, чым тут, дзе ты жывеш, у сваім родным краі, нідзе не будзе». І, прадбачачы спрэчкі, дадае: «Можна з гэтым паспрачацца, асабліва маладым, якія вераць, што ўсё лепшае — наперадзе і абавязкова недзе там, у нязведаным, за жыццёвым гарызонтам. Як ні дзіўна, але гарызонт некалі заканчваецца. Вядома, не ў прамым сэнсе — раз, і абарваўся, а ў духоўным: з цягам часу чалавеку не хочацца нікуды імчаць на злом галавы з думкай, што там, дзе яго няма, абавязкова ўсё лепшае. Нярэдка якраз наадварот: тое, што засталося ў мінулым, здаецца цяпер самым светлым, прывабным, непаўторным і… настолькі жаданым, што нясцерпна хочацца вярнуцца ў мінулае. На жаль, абрываюцца не толькі гарызонты, але і шляхі назад».

І далей: «Мусіць, так нараджаецца сапраўдная любоў да радзімы, да роднага кутка, дзе і неба больш блакітнае, і трава мякчэйшая, і вада са старой студні самая смачная, і пожні зусім не калючыя нават для босай нагі…»

Так і хочацца дадаць чутае ад людзей у розныя перыяды нашага жыцця, калі раптам узнікаюць нейкія неадпаведныя нашаму жыццёваму коду сітуацыі: «…і калі людзі былі дабрэйшымі». Хаця, безумоўна, нельга сцвярджаць, што ў адны часы яны дабрэйшыя, а ў іншыя, у прыватнасці ў нашы, — не. Заўсёды было, ёсць і будзе — людзі па-рознаму адносіліся, адносяцца да рэчаіснасці. Так, мы па-рознаму ўспрымаем яе. І тут ад кожнага жыццё патрабуе цвярозай памяркоўнасці. І тады, як кажа паэт, кожнаму варта задумацца, што трэба рабіць, «каб дабрынёй сваёй (падкрэслена мной. — У. С.) напоўніць сэрца…»

Увогуле ў паэзіі Міколы Антаноўскага шмат роздуму пра час і пра сябе. Яго паэзія напоўнена жыццём. Часам складаным і супярэчлівым, часам нібы заспакоеным і прыціхлым. А яго лірычныя роздумы, якія перадвызначаюць яе, без перабольшання — філасофскія. Гэтыя разважанні абу­джаюць чытача задумацца пра сапраўдную, а не надуманую сутнасць быцця. Калі надуманая — дык, вядома ж, там лепш, дзе нас няма. Калі сапраўдная — дык разам з усімі рабі жыццё такім, як трэба табе і людзям: спакойна, памяркоўна, сыходзячы з вопыту папярэднікаў. Словам, жыві праведна. А гэта няпроста. Цытую: «Гадоў з трыццаць таму я напісаў такія радкі: «Жыць праведна — такую кару прыдумаць здольны толькі Бог». І далей паэт тлумачыць: «Магчыма, па маладосці і сам тады добра не ўсведамляў, што напісаў. А паэт Віктар Гардзей (рэдактар кнігі. — У. С.) так пракаментаваў іх: «Хіба ж інакш? Праведна жыць не хочуць ашуканец, злодзей, гультай. А блудных людзей Бог не любіць — Бог любіць пакутнікаў, якія, ахвяруючы дзеля іншых уласным дабрабытам, упарта шукаюць сваю Надзею, Веру і Любоў».

Як бачым, ёсць прастора для роздуму пра «жыццё», якое «пачынаецца з хлеба». Для роздуму пра «светлы дзень», які «я сам твару», пра еднасць лёсаў «нашчадкаў і продкаў» і пра многае іншае, з чаго «сапраўды складаецца сэнс жыцця». Словам, дадам ягонымі ж, паэтавымі, радкамі: малады ты ці летны, але «бойся, што можаш спазніцца стаць, хоць камусьці, патрэбным». А станеш патрэбным некаму, будзеш патрэбны і ўсім, што і пацвярджае рэчаіснасць. А далей згодзімся са сцвярджэннем паэта Міколы Антаноўскага, які жыве на зямлі, які заўсёды разам з яе людзьмі, што «…жыццё пачынаецца з хлеба». Паўсюль. У вёсцы і горадзе. З хлеба пачынаецца калыханка маці, казка дзядулі, будаўніцтва дома, навуковае адкрыццё — зрэшты, ўсё ў жыцці. Гэта бясспрэчна ва ўсе часы.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter