Перо, рукописи и интерьер классика: в музее Якуба Коласа притягивает все

«Дзе жыў я ціха, як у раі»

У ціхім панадворку, дзе вядуць гамонку з небам стромкія хвоі, стаіць утульны дом. Тут у пасляваенны час на працягу 12 гадоў жыў і працаваў пісьменнік і грамадскі дзеяч Якуб Колас. І тут, у кабінеце за рабочым сталом, ён і адышоў у вечнае жыццё. З 1959 года гэта літаратурна-мемарыяльны музей, у якім клапатліва захоўваюцца рабочы кабінет, спальня, гасцёўня, сталовая пісьменніка, яго асабістыя рэчы, бібліятэка. А сам будынак знаходзіцца акурат за Нацыянальнай акадэміяй навук, дзе знакаміты зямляк да канца свайго жыцця быў віцэ-прэзідэнтам. У доме гэтым, кожным яго куточку дух жыццялюбства і творчасці, вялікага парадку і адмысловага густу.


У прасторнай гасцёўні

Калі Колас у маі 1945‑га вярнуўся з эвакуацыі, у спаленым горадзе цяжка было знайсці ўцалелае жыллё. Гэты дамок, прывезены падчас вайны з прыгараднай вёскі для патрэб нямецкага шпіталя, стаў на той момант адзіна магчымым вырашэннем жыллёвага пытання. Дом быў зусім невялікі і сціплы. Прадстаўнікі ўлады, наведаўшы сям’ю пісьменніка (сам, два сыны і нявестка), надта здзівіліся і прапанавалі ўзвесці новую, больш утульную будыніну. Гаспадар на гэта не мог пагадзіцца, ведаючы, што каля двух мільёнаў землякоў жывуць у зямлянках. Абышліся невялікай прыбудовай, і толькі ў 1952‑м, да 70‑гадовага юбілею народнага паэта, быў узве­дзены вялікі прасторны дом на падмурку старога.


— Самы вялікі пакой у доме — гасцёўня. І нездарма, бо класік прымаў шмат гасцей, — удакладняе вучоны сакратар музея Марыя Казакевіч. — Тут вялізная люстра з бронзы і крышталю, якой спаўняецца сёлета, як і Коласу, 140 гадоў. Больш за 200 гадоў гадзінніку. У інтэр’еры ўсё падабрана з густам, а зрабілі гэта нявесткі пісьменніка. Тэлевізар падарыла свайму свёкру Якубу Коласу дачка Янкі Маўра. Адрэстаўраваны раяль, на якім Колас ніколі не граў, але прыдбаў яго для ўнукаў, каб музіцыравалі.


...Карціна з нёманскімі краявідамі — падарунак ад жонкі скульптара Заіра Азгура, які стаў аўтарам помніка Песняру. Заір Азгур з маленства гасціў у даваенным доме Якуба Коласа, успамінаў, як смачна яго частавала жонка класіка Марыя Дзмітрыеўна, а пасля ў сваіх кішэнях знаходзіў нават грошы.

 — Пры жыцці Коласа ў доме было ўсё амаль так, як зараз, — падкрэслівае Марыя Казакевіч. — Адзінае, спачатку тут размяшчалася літаратурна-дакументальная экспазіцыя, а мемарыяльныя інтэр’еры адноўлены да 100‑годдзя з дня нараджэння класіка. З двух бакоў ад гасцёўні кабінеты сыноў. Напрыклад, у кабінеце старэйшага Данілы вялікі стол, шафа, прайгравальнік з пласцінкамі, радыёпрыёмнік, які быў у Коласавым доме ў кожным пакоі, бо падчас вайны пісьменнік прывык быць у курсе ўсіх падзей. А над канапай фота, дзе Колас з сынам сядзяць на той самай канапе… Узноўлены інтэр’ер сталовай, застаўся нават посуд.

Той жа ліст і пяро…


Сэрца музея, яго святая святых — рабочы кабінет класіка. Адсюль можна адразу трапіць у спальню. Тут ложак, падушкі, пярына, на якіх адпачываў гаспадар. Побач тэрмас, у якім заварваў лекавыя зёлкі. У пажылым узросце ў Коласа часта балелі суставы — менавіта гаючым травяным настоем суцішаў боль і паляпшаў сон. Стол у кабінеце — асобная, самая патаемная гісторыя. Пяро над недапісаным лістом — як сімвал спадчыны, пакінутай нашчадкам. Менавіта пяром і чарніламі Якуб Колас прызвычаіўся пісаць у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, пранёсшы гэтую традыцыю праз усё жыццё.

На стале адрыўны каляндар, адгорнуты на даце 13 жніўня 1956 года, бо ў гэты дзень Якуба Коласа не стала. Замест штотыднёвікаў пісьменнік выкарыстоўваў адрыўныя настольныя ці насценныя календары, і пазнакі на іх зараз увайшлі ў гісторыю. Напрыклад, на адным з вераснёўскіх дзён 1953 года памечана: «Ужо павінны з’явіцца баравічкі». Якуб Колас быў заўзятым грыбніком і на ціхае паляванне ездзіў звычайна на Пухаўшчыну.

— Класік любіў сачыць за прыродай, яго хвалявала ўрадлівасць глебы, таму на стале бачым барометр, — прыкмячае Марыя Казакевіч. — У кабінеце некаторыя рэчы, з якімі ён хадзіў на працу. Да канца свайго жыцця быў не толькі віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук, але і дэпутатам Вярхоўнага Савета ад розных выбарчых акруг. Часта дапамагаў лю­дзям, таму пацвярджэнне — вялікая колькасць адрыўных квіткоў на перавод грошай тым, хто да яго звяртаўся. А просьбы былі розныя: хтосьці прасіў карову, вясельную сукенку, баян. Людзі за дапамогу былі вельмі ўдзячны.

На пісьмовым стале бюст Аляксандра Пушкіна, творчасцю якога наш зямляк захапляўся і, дарэчы, калі быў у эвакуацыі ў Ташкенце, пазнаёміўся з яго роднымі, дапамагаў ім. Увогуле, Пушкіна Колас палюбіў з маленства, томік з яго вершамі заўсёды браў з сабой на пашу і замацоўваў яго ў галінках дрэва. Стоячы перад кніжкай, як перад алтаром, вучыў вершы на памяць. Статак тым часам мог разбрысціся далёка — прыходзілася збіраць.


Па старадаўняй славянскай традыцыі ўсе гадзіннікі ў мемарыяльнай частцы спынены на часе 13 гадзін 20 хвілін, калі памёр пісьменнік. Ён не паспеў паставіць кропку на лісце свайму сябру, перакладчыку Яўгену Мазалькову, як сэрца спынілася. Застаўся ляжаць і ліст, і пяро…
Колас усё жыццё працаваў над сваімі творамі, рэдагаваў іх, што засведчана ў літаратурна-мемарыяльным музеі. Можна паглядзець, як у 1956 годзе ён у сваім дэпутацкім блакноце зрабіў занатоўкі да «Новай зямлі». Тут жа — рукапісы «Рыбаковай хаты». А паэма «Сымон-музыка» перажыла тры рэдакцыі. Першая, напрыклад, была забаронена, бо там часта ўспаміналася слова «Бог», да таго ж яна заканчвалася смерцю галоўнай гераіні.


— Пісьменнік узяў з сабой рукапіс гэтага твора на адпачынак у Кіславодск, каб дапрацаваць яго, але па дарозе дадому чамадан з рэчамі скралі, — расказвае вучоны сакратар. — Узнавіць паэму дапамагла жонка Марыя Дзмітрыеўна, якая многае з творчасці мужа ведала на памяць.

Якуб Колас вельмі кахаў сваю жонку, пра што сведчаць цёплыя лісты. Называў яе добрым другам і сваёй святыняй. Марыя Дзмітрыеўна заўчасна пакінула гэты свет праз хваробу. Вярнуўся пісьменнік у пасляваенны Мінск і без сына Юркі, які прапаў на фронце без звестак, а апошні ліст прыслаў бацькам у верасні 1941‑га. З-за страты блізкіх класік адчуваў сябе вельмі адзінока, ратавала хіба што слова…


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter