Працягваецца конкурс “СГ” і Саюза пісьменнікаў Беларусі на лепшы верш пра жніво і хлебаробства “Хлебныя словы”

Дзе, як стагі, стаялі пірагі

НЕ паспела рэдакцыя абвясціць прэм’еру — новы літаратурны конкурс “Хлебныя словы”, — як ужо на другі дзень атрымала адзін з першых лістоў. Галоўны эканаміст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іванаўскага райвыканкама Уладзімір Гетманчук даслаў нам свой верш.

22 гады Уладзімір Мікалаевіч працуе на гэтай пасадзе. Гарачая пара жніва яму вядомая да дробязяў: “Літаральна апошнія 140 гектараў засталіся, і гаспадаркі раёна завершаць уборку. Хлебаробы ў гэты час у асаблівай пашане, аднак гарачая пара — гэта толькі вяршыня айсберга. Фундамент будучага ўраджаю закладваецца яшчэ восенню. У гэтым задзейнічаны розныя службы, асабліва агранамічная. Вяршыня ўсёй жа працы — хлеб. Таму на конкурс дасылаю верш пра той самы духмяны бохан, дзеля якога і стараецца працаўнік вёскі”.

Дарэчы, нарадзіўся Уладзімір Гетманчук у сям’і калгаснікаў у вёсцы Шчакоцк Іванаўскага раёна. Скончыў у 1981 годзе Інстытут народнай гаспадаркі імя В. В. Куйбышава. Працаваў эканамістам у сельгаспрадпрыемствах і на заводах рэспублікі.

Літаратура для аграрыя — справа для душы. Ён упэўнены, што талент да паэзіі ў яго ад маці-нябожчыцы Ксеніі Аляксандраўны, якая была звеннявой, а пела на выдатна. Уладзімір Мікалаевіч піша на беларускай, рускай, украінскай мовах, з гэтых жа моў і перакладае. Друкавацца пачаў з 1974 года. Выдаў тры зборнікі вершаў.

Пірагі

Дзяцінства ў хаце ўтульнай, цеснай.
Успамін сардэчны й дарагі:
На ноч матуля месіць цеста —
Назаўтра будуць пірагі.
Я рады гнаць і сон, і стому,
Што маці, хоць і гоніць спаць,
Ўсё ж дазваляе мне, малому,
Сырое цеста каштаваць.
Калі ж назаўтра прачынаўся —
На кухню бег, дзе, як стагі,
На ўслоне доўгім пад абрусам
Уздоўж стаялі пірагі.
За стол садзіліся ўсе разам,
І маці рэзала пірог.
І я руку цягнуў адразу:
Малы, стрымацца я не мог.
Ад пірагоў свяціўся ранак
І адыходзіла туга.
І я трымаў з такім стараннем
Кавалак пахкі пірага.
…Сплыло дзяцінства. І сягоння
Забыць ніяк я не магу —
Было жыццё і жыта з сонцам
У тым крамяным пірагу.

Уладзімір ГЕТМАНЧУК

Паважаныя чытачы! Запрашаем і вас паказаць свой талент на старонках «СГ». Чакаем вершаў на тэму жніва, хлеба, працы аграрыя. Лісты дасылайце, калі ласка, на адрас: г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, ці паведамленнем на электронную скрыню sg@sb.by (з пазнакай «Хлебныя словы»). У сваіх лістах пазначайце кантактны нумар тэлефона.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter