Журналист Владимир Борисенко написал книгу «Переговоры с жизнью», в которой рассказывает о своей работе в «Сельской газете»

Дзе вербалозы цалуюць Друць

Калі вам дагэтуль невядомае прозвішча Уладзіміра БАРЫСЕНКІ, журналіста, публіцыста і паэта, то прапаную пазнаёміцца з ім праз кнігу «Перамовы з жыццём», якая выйшла нядаўна ў выдавецтве Аляксея Вараксіна. Каля 150 старонак у цвёрдай вокладцы, ілюстраванай фотаздымкам аўтара. Дарэчы, ці не апошні трэнд пісьменнікаў — друкаваць замест адцягнутых малюнкаў сваю фотакартку? Ды размова не пра гэта. Наклад выдання невялікі — паўсотні асобнікаў, а значыць — зроблена яна для сяброў, радні, калег. Але ізноў жа — тыраж заўсёды можна перавыдаць, сэнс у сутнасці кнігі.


ПРЫСВЯЦІЎ яе аўтар сапраўды сябрам, калегам і радні. Гэта не азначае, што яна не зацікавіць шырокае кола чытачоў. У анатацыі так і напісана — «складальнікамі прапанаванай кнігі сталі жыццё і абставіны, час і памяць, якія вымушаюць кожнага з нас зазірнуць у свой унутраны свет і яшчэ раз задумацца пра мэту і сэнс не толькі свайго асабістага існавання». Ужо на першых старонках аўтар у працяг тэмы выказвае мудрую думку пра тое, што ніхто і нішто не зможа выхаваць чалавека, калі ён не будзе пастаянна выхоўваць сябе сам.

І першы нарыс, а Уладзімір Барысенка, па волі журналісцкага лёсу, менавіта нарысіст, таксама расстаўляе прыярытэты нашай рэчаіснасці. Гэта аповед пра маёра і доктара, які не паспеў ратаваць хворага, ды асабліва і не спяшаўся, а выказаўся наконт гэтай сітуацыі жорстка і безнадзейна. Пытанне ў творы дваістае, філасофскае і адначасова рытарычнае: як можа такім раўнадушным быць доктар, які даваў клятву Гіпакрата? Атрымаўшы начным ліхтаром ад зяця нябожчыка, урач тут жа звярнуўся ў органы, дзе, дарэчы, яго крыўдзіцель і служыў. Служыў, дарэчы, з агрэхамі. Аналізуючы сітуацыю і шукаючы выснову, у эпіцэнтр маралі выносім цярплівасць, чалавечнасць і высокае выкананне прафесійных абавязкаў, чаго героям апавядання яўна не хапала. Каб не казала муха, седзячы на рогах у вала: «Мы аралі».

З асаблівай цеплынёй і велікадушнасцю Уладзімір Барысенка прыгадвае ў кнізе свайго таварыша Пятра Іванавіча Станкевіча. Гэта нібыта анёл-ахоўнік, які спачатку вучыў і накіроўваў хлопца падчас яго няўпэўненых прафесійных крокаў на аршанскім ільнокамбінаце. А прачытаўшы першыя допісы, параіў паступаць на журфак, курыраваў і надалей — на творчай сцежцы.

Не менш пранікнёна звернуты ліст да бацькі — ліхога гвардзейца Уладзіміра Лукіча, якога ўжо даўно няма ў жывых. Таму апавяданне «Рэха эпохі» скіравана ў родныя пасялковыя нябёсы. Бацька памёр у 63 гады. Аўтар заўважае, што франтавікі, якім перайшло за 60, доўга нас сабой не абцяжарваюць. Ды і ў працяг тэмы — жыццё бяжыць незаўважна хутка: «Я заметил, что с возрастом жизнь ускоряется. В детстве час представлялся вечностью, теперь же годы летят с невероятной скоростью. И это, пап, не предрассудок». Уладзімір Барысенка ўзгадвае, як асколак снарада прабіў верхнюю губу таты і выбіў пярэдні зуб. Сын разбіраецца, чаму бацька прызваны ў войска ў маі 1942-га Ульянаўскім райваенкаматам Ульянаўскай вобласці, хаця дычыненне меў выключна да Аршанскага. Расказвае, як пажывае мемарыял у Барані, у адкрыцці якога франтавік удзельнічаў. Уладзімір Лукіч быў выдатным жартаўніком і працаўніком, любіў узяць чарку, тады ўжо гучна спяваў і нават учыняў вэрхал. Але… «мы никогда не думали, что так сильно будем любить тебя после смерти». Гэтыя словы могуць гучаць толькі ў адрас высакароднага чалавека, пра франтавікоў інакш і не скажаш.

Адгалосак вайны цяжкім рэхам адгукнуўся і на роднай Барысенку Аршаншчыне. Узяць бы мясцовую суконную фабрыку, пра якую ўзгадвае аўтар. Ад яе толькі засталіся парушаныя нямецкай узрыўчаткай сцены, падмурак і груды пашкоджаных цаглін. Аднаўлялі гаспадарку цэлыя пакаленні, хто — фізічна, хто — духоўна. Уладзімір Барысенка, хоць нарадзіўся задоўга пасля Перамогі, таксама разам з таварышамі нёс прасвятленне скалечанаму часу. У лісце да бацькі ён з вялікім разуменнем патлумачыў сваё прафесійнае прызначэнне: «Ведь хорошо пишет не тот, кто пишет хорошо, а тот, кто хорошо думает». І ў нарысе пра старую ляшчыну расказвае пра спецыфічны дом-інтэрнат у сябе на радзіме, дзе знайшлі прытулак пажылыя злачынцы. Уладзімір Уладзіміравіч з некаторымі нават пагутарыў, аформіўшы ў інтэрв’ю. Дык што з таго вынікае? Гэта людзі, якія не знайшлі сабе месца ні пры жыцці, ні пасля смерці. Бо нават на мясцовых могілках тутэйшыя папрасілі іх не хаваць. Спачылі на выселках пад зарослымі травой узгоркамі, на кожным — драўляны крыж і бляшаная шыльда з выбітым номерам. «Зазірнуць у свой унутраны свет і яшчэ раз задумацца пра мэту і сэнс не толькі свайго асабістага існавання» — памятаеце словы з анатацыі да «Перамоў з жыццём», і тут яны пацвярджаюцца яшчэ раз.


Яшчэ і яшчэ… «Ружовыя півоні» — адзін з нарысаў, які мне ўпадабаўся бадай больш за ўсе. Дзе Фядорка ледзь не прататып шолахаўскага Шчукара — жартаўнік і балбатун. Так ён марыў пра ўнучка, якога таксама назвалі ў гонар дзеда — Фёдарам. Стары з малым весела бавілі час, Фядорка параўноўваў гарэзу з ружовымі півонямі, цешыўся і верыў, што з яго вырасце цудоўны хлопец. З небагатых зберажэнняў 12-гадоваму ўнуку падарыў двухколы матацыкл, толькі пыл стаяў слупом — як ганяў на ім падлетак. Але, сталеючы, «паехаў» ён па крывой дарожцы. Вучыцца не хацеў, быў ахвочы закладаць за каўнер, а пасля адной з боек і наогул пазбавіўся волі. Бачыў ён з акна свайго новага «пасялення» прыгожыя ружовыя півоні, але не меў пра што з імі гаварыць. А дзед… Дзед, знямоглы і састарэлы, нават перад самай смерцю толькі і рабіў, што пытаўся пра ўнука.

У іншым нарысе «Друкарскі хлеб» Уладзімір Барысенка ўзгадвае, як працаваў у «Сельской газете» на пасадзе зменнага, а потым і адказнага сакратара. «На пачатку новай працы мне ўсё больш падабалася назіраць, як лінатып, велізарны чорна-шэры агрэгат, бесперапынна заглынаў расплаўлены метал, варушыў сваімі жалезнымі «рукамі» і складваў з металічных матрыц-літарак акуратныя радкі». Аўтар успамінае калег па Доме друку і газетным цэху, памятае пра іх і цёпла адгукаецца, як і пра сваіх землякоў.

Дарэчы, у паведамленнях пра родную Аршаншчыну пісьменнік асабліва расплываецца ў метафарах: «Я ехаў туды, дзе вербалозы цалуюць Друць і спявае сваю песню старыннаму бору маладая асака-разанец». Не толькі гэтыя, але і другія тэмы закрануты ў выданні — пра Чарнобыльскую аварыю сумлення, спадчыну класікаў — найперш у цэнтры ўвагі Янка Сіпакоў, які родам з аршанскіх Зубрэвічаў. Напісана ў кнізе і пра іншае, так што лепшае выйсце — пачытаць цалкам і нават распытаць падрабязней пра некаторыя эпізоды ў самога аўтара.

ДАВЕДКА «СГ»

Уладзімір Барысенка — заслужаны журналіст Беларусі, сябра Саюза пісьменнікаў, лаўрэат творчых прэмій. Прысвяціў нашай газеце 23 гады, у 1975-м заступіў зменным сакратаром, потым уласны карэспандэнт у аддзеле земляробства. Неўзабаве сам узначаліў аддзел навін, загадваў аддзелам навукі, культуры і экалогіі, працаваў адказным сакратаром «СГ».


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter