Да Года культуры ў рэгіёнах падрыхтавалі шэраг унікальных творчых праектаў

Дзе нараджаюцца шэдэўры

Мы прывыклі лічыць, што ўсё самае значнае ў культурным жыцці адбываецца ў Мінску. Але ж у рэгіёнах таксама ёсць шмат цікавага, вартага шырокай увагі. Справа ж зусім не ў геаграфіі, а ў адданасці людзей сваёй працы, іх таленце. І з’ездзіць у Брэст, Віцебск ці іншы абласны цэнтр можна не толькі дзеля архітэктурных здабыткаў, але і тэатральных пастановак. Тым больш да Года культуры там падрыхтавалі шэраг унікальных творчых праектаў.



БРЭСТ


Калі вы хочаце не проста глядзець спектакль, але і прыняць удзел у яго стварэнні, — вам у Брэст. Напачатку новага тэатральнага сезона ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы паставілі арыгінальны абрадавы спектакль “Дзяды” Адама Міцкевіча.

Брэстчане не сталі высвятляць, кім быў па нацыянальнасці аўтар вядомага твора, але, запрасіўшы калег з Польшчы, якія лічаць Міцкевіча таксама сваім, разам стварылі пастаноўку, ад якой проста дух займае.

Галоўны герой спектакля — паэт-вандроўнік, ён шукае адказы на пытанні, разгадку якіх ведаюць толькі нябожчыкі. Па задумцы рэжысёра Паўла Пасіні, у пошуку гэтых адказаў і ў правядзенні абраду “Дзяды” герою дапамагаюць гледачы, якія сядзяць вакол сцэны-круга. У пастаноўцы ўражвае многае. І мастацкія вобразы кшталту чорнай зямлі пад нагамі артыстаў або белых масак на крэслах па суседству з гледачамі. І сам сюжэт твора Міцкевіча, які П. Пасіні дазволіў сабе “дапісаць”, успомніўшы такія трагічныя для беларусаў эпізоды, як Вялікая Айчынная вайна і сталінскія рэпрэсіі. І сама эмацыянальная ігра акцёраў.


ВІЦЕБСК

Трапіўшы на адну з самых яркіх прэм’ер Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа, наўрад ці атрымаецца развеяцца і расслабіцца. “Белы анёл з чорнымі крыламі” Дзіяны Балыка ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Валерыя Анісенкі — вострая псіхалагічная драма, якая крычыць пра адзіноту чалавека ў шалёным і халодным свеце. Маладая паэтка Ніна, якая яшчэ не вызначылася ні ў прафесіі, ні ў каханні, але хоча жыць напоўніцу, раптам атрымлівае станоўчы вынік аналізу на ВІЧ-інфекцыю. І шок, і пустэча, і адзінота...

Таксама варта ўвагі прэм’ера “Цень думкі нашай” па п’есе Францішка Аляхновіча “Цені”. Гэта дыпломная работа выпускніцы рэжысёрскага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вядучага майстра сцэны Коласаўскага тэатра Ніны Обухавай (кіраўнік курса — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Анісенка).


ГОМЕЛЬ

Аматарам рамантыкі лепш адправіцца ў Гомельскі абласны драматычны тэатр, які адкрыў Год культуры тонкай і эмацыянальнай прэм’ерай “выпадку з жыцця” — спектаклем “Ці спяваюць эльфы?” па творы расійскага драматурга Яраславы Пуліновіч.

Сюжэт просты і без лішняга фарса. Рамантычна настроены малады чалавек Саша не заўважае шчырых пачуццяў кахаючай дзяўчыны Машы, якая пакутуе з-за нялюбага мужа і вечна надакучлівай маці і гоніцца за міражом — вобразам прыгожай і легкадумнай Маі. І ў той жа час пастаноўка маладога рэжысёра Дар’і Марчанка напоўнена мноствам сэнсаў, эмоцый, сімвалаў.


ГРОДНА

Сюды варта прыехаць хоць бы дзеля новага творчага праекта Гродзенскага абласнога тэатра лялек “Тэатральная гасцёўня”. Ён распачаты як для знаўцаў тэатральнага мастацтва, так і для шырокай публікі.

Акрамя “гасцёўні”, гледачоў Гродзенскага тэатра лялек чакаюць і іншыя сюрпрызы. Вядома, што гэты тэатр славіцца арыгінальнымі лялечнымі пастаноўкамі для дарослых. Рэкорды наведвання б’юць “Пікавая дама” Аляксандра Пушкіна, “Дэман” Міхаіла Лермантава, “Візіт старой дамы” Фрыдрыха Дзюрэнмата. На наступным тыдні аматараў такога мастацтва чакае прэм’ера — спектакль “Партрэт” па аднайменнай аповесці Мікалая Гогаля.


МАГІЛЁЎ

Паразважаць пра праблемы ўзаемаадносін у сям’і прапануюць у горадзе над Дняпром. Крыху больш за месяц на сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра ідзе спектакль “Крэйцарава саната” па аднайменнай аповесці Льва Талстога. Падрабязней аб гэтай неардынарнай пастаноўцы чытайце на 4-й старонцы нашага тэатральнага выпуску.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter