Янка Сипаков вошел в историю белорусской литературы как автор замечательных стихов, повестей, рассказов, новелл, эссе, мастер переводов

«Дзе нам баліць, там і душа»

Будучы паэт і пісьменнік з’явіўся на свет 15 студзеня 1936 года ў вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёна. Пасля Вялікай Айчыннай вайны атрымаў сярэднюю адукацыю, пачаў працоўную дзейнасць. У вайну бацькі будучага літаратара праявілі сябе як сапраўдныя патрыёты Айчыны. Народныя мсціўцы заўсёды маглі разлічваць на іх дапамогу і падтрымку. На жаль, пра сувязь мужа і жонкі Сіпаковых з партызанамі даведаліся акупанты. Іх па-зверску забілі. У шэсць гадоў Іван стаў сіратой і напоўніцу зведаў горыч сірочага хлеба.
Фота з архіва «СБ»

Прага да жыцця

Сялянскі сын Іван Сіпакоў рашуча адказаў на выклікі лёсу. Ён хутка навучыўся сялянскай працы. Школьніка Сіпакова даволі часта можна было ўбачыць не толькі за падручнікамі, але і з касой, за плугам, яму даводзілася пасвіць кароў, нарыхтоўваць дровы. У выпускным класе сярэдняй школы дабавілася праца паштальёнам. Праз шмат гадоў Іван Данілавіч успамінаў: «Фapмipaвaннe маёй бiягpaфii скончылася paзaм з дзяцiнcтвaм, a дaлeй я тoлькi paзвiвaў тoe, штo было зaклaдзeнa з мaлыx гoд».

Першым працоўным месцам пасля заканчэння сярэдняй школы была рэдакцыя шклоўскай раённай газеты «Чырвоны барацьбіт». Тут Сіпакоў працаваў адзін год. У 1955-м хлопец з вёскі Зубрэвічы паехаў у Мінск. Паступіў у БДУ на факультэт журналістыкі. Працаваў у часопісах «Вожык» і «Маладосць», у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя», у часопісе «Беларусь».

Першы верш Янка Сіпакоў надрукаваў, калі вучыўся ў дзявятым класе. Праз сем гадоў пасля публікацыі выйдзе першы зборнік паэтычных твораў «Сонечны дождж», які адкрыў дарогу 25-гадоваму аўтару ў Саюз пісьменнікаў СССР.

Паэтычнасць светаадчування

Творчая спадчына Янкі Сіпакова ўмяшчае самыя розныя паэтычныя жанры: санет, вянок санетаў, баладу, тэрцыну, буколіку, верлібр, трыялет, эпіталаму, паэму ў прозе. Сярод празаічных твораў сустракаем апавяданне, эсэ, аповесць, прытчу, навелу, мініяцюру, нарыс, фантастыку. Прасочваецца таксама ўнутрыжанравая градацыя. Нават у рамках аднаго жанру ён пазбягаў паўтарэння, аднастайнасці.

Няма ніводнага твора Янкі Сіпакова, дзе б не суіснавалі эпас і лірыка. Больш таго, літаратар дабіваецца іх узaeмaўзбaгaчэння. На творчы пра­цэс не магло не паўплываць тое, што ён быў хадзячай энцыклапедыяй па ўсім тэматычным комплексе, які ўключаў фaльклop, мiфaлoгiю, гicтopыю нapoдaў cвeтy. Дзякуючы такім здольнасцям забяспечваўся высокі інтэлектуальны ўзровень у творчым працэсе.

Агульны назоўнік, да якога можна звесці ўсе творы Сіпакова, уяўляецца такім: паэтычнасць светаадчування. Выступаючы як паэт-лірык, Янка Сіпакоў абапіраецца на душэўнаць, прагу дабрыні і ўзаемапаразуменне, а таксама трывогу за чалавека. Гэта нясучыя канструкцыі ў фарміраванні гуманістычнай па сваім характары духоўнай архітэктуры соцыуму. Паэт мадэліруе сітуацыю, калі ён, інжынер чалавечых душ, бярэ на сябе боль іншага члена соцыума. Вось радкі, дзе ўсё ясна без якога-небудзь каментарыя:

Дзe нaм бaлiць, тaм i дyшa,

З дyшы ўвecь чaлaвeк caткaны.


«Калі жанчына спявае…»

Маючы ўласны праект фарміравання ідэальнай архітэктуры соцыуму, у гэтым працэсе паэт-лірык адводзіць надзвычай важную ролю жанчыне. Пра тое сведчыць вянок caнeтaў «Жaнчынa». Тут яна паказана як выканаўца гуманістычных па сваёй прыродзе сацыяльных функцый, як носьбіт агульначалавечых каштоўнасцей і перш за ўсё дабрыні, красы, такога высакароднага пачуцця, як каханне. Кранаюць душу радкі:

Ад pyк, aд вycнaў, aд вaчэй твaix

Нямa нiчoгa лacкaвeй нa cвeцe.

З’яднaлa нac пpыpoдa yдвaix,

І мы дaбpэeм пpы тaбe, як дзeцi.
У рабоце над літаратурнымі творамі Янка Сіпакоў прадэманстраваў проста фенаменальную працаздольнасць. У інтэрв’ю адной з газет літаратар гаварыў: «Я — працаголік і таму ўсюды толькі шчыра і настойліва працаваў... Я шчаслівы, што ў мяне выйшла 55 кніжак паэзіі, прозы, эсэ, перакладаў. Неяк і сам не разумею, як гэта атрымлівалася, аднак на мяне і маю творчасць мала ўплывала змена эпох, лідараў, фармацый. Я, не зважаючы на іх, пісаў толькі тое, што хацелася».

Славянская душа

Найбольш арганічна ён убудаваў у творчы працэс суіснаванне лірыкі і эпасу ў сваёй кнізе «Beчa cлaвянcкix бaлaд». Ад першай да апошняй старонкі адчуваецца, што аўтар кнігі — паслядоўны прыхільнік панславізму. Шчыра ганарыцца тым, што ён славянін. Перад намі сістэмная рэканструкцыя гісторыі славянства, якая магчыма на грунце выкарыстання метадаў і прыёмаў мастацкай літаратуры. А гэта гісторыя, якая ахоплівае два тысячагоддзі. Канешне, не ўсе славянскія народы захаваліся да таго часу, калі пісалася кніга. Яна выйшла ў свет 48 гадоў таму.

Змястоўную частку кнігі ўтварылі 96 балад. Складваецца ўражанне, што пісьменнік выдатна ведае фальклор і гісторыю кожнага славянскага народа. Максімальна ўлічаны навуковыя, навукова-папулярныя, даведачныя выданні па гэтых пытаннях. Адлюстраваны практычна ўсе значныя падзеі ў гісторыі славянства. Яны завязаны на сюжэтных лініях, якія разгортваюцца ў відавочнай дынаміцы. Пастаянна нагадвае пра сябе рамантычны пафас. Адчуваецца, што аўтар прапускае ўсе без выключэння сюжэтныя лініі праз сваё сэрца і вельмі жадае, каб менавіта так паводзіў сябе чытач. Сюжэтныя лініі падаюцца так і такім чынам, каб падвесці чытача да разумення сутнасці славянства, да спасціжэння яго феномена.

Што ж стаіць за кожнай сюжэтнай лініяй? Адэкватна адлюстраваны свет. Тут ён па большай частцы легендарна-гераічны. Разам з тым сустракаюцца і сюжэтныя лініі, якія выводзяць на казачна-фантастычны свет. Даецца арыгінальны і ў той жа час пераканаўчы адказ на пытанне: «Чаму славяне ў асноўным выступалі як аб’екты, але не як суб’екты агрэсіўных дзеянняў?» Паказана, што славянству ўласцівыя гyмaнiзм, дaбpыня, здольнасць самаахвярна адстойваць справядлівасць, унутраная падрыхтаванасць да таго, каб з гонарам прайсці праз драматычныя і трагічныя выпрабаванні. Янка Сіпакоў задаў планку ў творчым працэсе, напісаўшы выдатную кнігу на мяжы паэзіі і прозы. Праз тры гады пасля яе выхаду ў свет аўтар атрымаў за яе Дзяржаўную прэмію БССР.

Пасвячэнне любай старонцы

Мноства іншых твораў Янкі Сіпакова — гімны роднай Беларусі: раман «Зубрэвіцкая сага», эсэ-аповесць «Зялёны лісток на планеце Зямля». Вялікі поспех мелі кнігі выбранай паэзіі «Вочы ў вочы», кніга паэзіі «Усміхніся мне», кніга паэм у прозе «Ахвярны двор», кнігі прозы «Крыло цішыні», «Жанчына сярод мужчын», «Усе мы з хат», «Спадзяванне на ра­дасць», «Пяць струн», «Сад людзей», «Журба ў стылі рэтра», кніга прыпавесцей «Тыя, што ідуць», фантастычна-прыгодніцкая аповесць «Блуканне па іншасвеце».

Ураджэнец вёскі Зубрэвічы адыграў вялікую ролю ў падрыхтоўцы першых пяці тамоў 18-томнай «Беларускай Энцыклапедыі». Нярэдка выступаў як літаратурны крытык, дэманструючы здольнасць да фундаментальнай экспертызы літаратурных твораў.

У 1997-м Янка Сіпакоў атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь. Памёр пісьменнік у 2011 годзе. Думаю, сёлета, калі адзначаем 85-годдзе з дня яго нараджэння, імем вядомага літаратара варта назваць вуліцу ў Оршы. Даўно наспела неабходнасць устаноўкі мемарыяльнай дошкі на доме ў Мінску, дзе жыў літаратар.

Міхаіл Стралец, прафесар

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter