Дзе ліпы яшчэ сам Рэпін саджаў...

НА БЕЛАРУСІ ўсё больш актыўна развіваецца айчынны турызм. Добра! Тым больш што ёсць куды завітаць... На зямлі азёрнага Прыдзвіння, напрыклад, вабіць падарожніка адно мястэчка — проста ўнікальнае і нават крыху казачнае... Гэта — музей-сядзіба «Здраўнёва» (на здымку). Ён раскінуўся на адлегласці 16 кіламетраў на поўнач ад Віцебска, на правым беразе Заходняй Дзвіны — недалёка ад вёскі Койтава.

У Санкт-Пецярбургу і Францыі ўзгадваюць «Здраўнёва», што ў Прыдзвінні.

НА БЕЛАРУСІ ўсё больш актыўна развіваецца айчынны турызм. Добра! Тым больш што ёсць куды завітаць... На зямлі азёрнага Прыдзвіння, напрыклад, вабіць падарожніка адно мястэчка — проста ўнікальнае і нават крыху казачнае... Гэта — музей-сядзіба «Здраўнёва» (на здымку). Ён раскінуўся на адлегласці 16 кіламетраў на поўнач ад Віцебска, на правым беразе Заходняй Дзвіны — недалёка ад вёскі Койтава.

Тут з 1892 па 1900 гады праводзіў свае дачныя сезоны славуты мастак Ілья Рэпін. Яму належалі каля 120 гектараў зямлі і лесу. У Здраўнёве майстра напісаў больш за 60 карцін. Менавіта на гэтай прыгожай зямлі стварыў, у прыватнасці, карціны «Беларус», «Восеньскі букет» (партрэт В. І. Рэпінай), «Паляўнічы»... Зараз кожную восень у музеі адбываецца прыгожае свята — у гонар самай лірычнай карціны здраўнёўскага перыяду — «Восеньскі букет».

Не так гэта вядома, але ж у 1918—30 гадах у Здраўнёве жыла і сям’я малодшай дачкі мастака Т. І. Рэпінай-Язевай, якая з дачкой і зяцем настаўнічалі ў пачатковай школцы Здраўнёва. На другім паверсе музея дэманструюцца ўзоры падручнікаў таго часу, па якіх некалі займаліся дзеці сялян.

У Нацыянальнай галерэі ў Празе знаходзіцца малюнак «Святочнае гулянне ў Здраўнёве». Рэпін гэткае гулянне наладжваў у сядзібе 20 ліпеня, у дзень сваіх імянін, на Ільін дзень. Ён запрашаў да сябе суседзяў — памешчыкаў і простых сялян. Цяпер у музеі таксама адзначаецца гэты дзень, але ўжо 2 жніўня.

Вядомая далёка па-за межамі Беларусі знакамітая карціна Рэпіна «Беларус». Цікава, што для яе пазіраваў жыхар суседняй вёскі Сахарава — Сідар Шароў.

А сам музей, на праекце Паўла Кракалёва, быў адкрыты ў 1989 годзе. Комплекс музея-сядзібы ўключае дом, у якім працуе мемарыяльная экспазіцыя, жыллё ўпраўляючага (тут размясціліся адміністрацыя і выставачная зала), склеп, сажалку, частку ліпавай прысады. Дарэчы, ліпы — самыя «паважаныя» ў сядзібе! Яны былі пасаджаны непасрэдна славутым мастаком.

Добрая вестка апошняга часу: у Санкт-Пецярбургу стварыўся клуб прыхільнікаў музея «Здраўнёва». Ім кіруе мастацтвазнаўца і гісторык Наталля Баклан. Госці з берагоў Нявы ўжо прывезлі ў падарунак беларускаму музею звыш сотні старадаўніх рэчаў XIX — пачатку XX стагоддзяў. А калі экспазіцыя пастаянна папаўняецца, музей развіваецца, жыве! З 1992 года ў «Здраўнёве» праводзяцца рэпінскія пленэры. А ў ліпені 2011-га сядзібу збіраюцца наведаць прапраўнукі Рэпіна, якія сёння жывуць у Францыі.

З кожным годам усё больш і больш наведвальнікаў музея, прыхільнікаў таленту Рэпіна. Зараз многія маладыя, пасля ЗАГСа ці царквы, робяць падарожжа ў «Здраўнёва», каб сфатаграфавацца на ўлонні маляўнічай прыроды. На такой прыгожай зямлі проста не могуць не нарадзіцца новыя шчаслівыя беларускія сем’і!

Сядзіба «Здраўнёва» прыгожая і непаўторная ў любую пару года. Вас заўсёды чакаюць тыя мясціны, якія пакарылі сэрца вялікага мастака. Прыязджайце, суайчыннікі, у госці да Рэпіна!

Инна ГАРМЕЛЬ, «БН»

Фота БЕЛТА

Тым часам...

Гэтай вясной гільдыя віцебскіх рэстаўратараў і праекціроўшчыкаў талакой добраўпарадкавала да новага турсезона сядзібу «Здраўнёва». Энтузіястам удалося прылучыць да патрэбнай справы аднаго з вытворцаў будаўнічых фарбаў. Ён бясплатна выдзеліў матэрыялы для засцерагальнага пакрыцця лавак і драўляных частак дома.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter