Дзе Каза ходзiць

На стары Новы год да выхаванцаў дзіцячага дома № 5 Мінска завіталі фальклорныя калектывы «Гарэзы» i «Страла»

Зімовыя святкі дайшлі амаль да свайго фіналу — да другой куцці (Новага года па юліянскім календары), засталося адсвяткаваць трэцюю куццю на Хрышчэнне, і 2015-ы канчаткова ўступіць у свае правы.

Акурат на стары Новы год у госці да юных выхаванцаў дзіцячага дома № 5 Мінска завітала вясёлая і гучная калядная грамада з фальклорных калектываў «Гарэзы» i «Страла».

Паўгода таму пры мінскай сярэдняй школе № 159 выкладчыца вакальна-харавых дысцыплін і фальклору Святлана Балцэвіч стварыла гурток «Гарэзы», у які ўвайшлі вучні 5, 6 і 7-га класаў. Дзеці пачалі знаёмства з традыцыйнай культурай беларусаў з побытавых танцаў, дзіцячага фальклору і каляндарна-абрадавых песень. Паралельна Святлана вучыла некаторых з іх ігры на дудцы. Трэба адзначыць, што сама кіраўнік нарадзілася на Заходнім Палессі — у адной з вёсак Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці і, ведаючы традыцыі свайго краю, імкнецца ўкараніць іх сярод сваіх выхаванцаў. Дзеці танцуюць, спяваюць, іграюць на дудках, свістульках, знаёмяцца з народнымi гульнямі.

Гурт «Страла» складаецца са студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў. Яны спецыя-лісты-практыкі ў галіне аўтэнтычнага фальклору i паспелі дакрануцца да сакральнай традыцыі веткаўскіх карагодаў, купальскай і русальнай абраднасці Падзвіння, здзейсніць сумесныя праекты з ансамблем салістаў Белдзяржфілармоніі «Класік-авангард», маладымi кампазітарамi. Калектыў — дыпламант Міжнароднага музычнага фестывалю імя Івана Салярцінскага (Віцебск), уладальнік І месца Міжнароднага музычнага конкурсу «Как на речке было на Фонтанке» (Санкт-Пецярбург). Педагог — лідар калектыву Эвеліна Шчадрына — навучае сваіх студэнтаў з дапамогай асаблiвага метаду, які дазваляе аматарам фальклору наблізіцца да выканаўчай манеры карыфеяў фальклорных спеваў Беларусі, такіх як сусветна вядомыя (дзякуючы фільмам антраполага Зінаіды Мажэйка) Сцяпан Дубейка, Ганна Вянгура і Міхась Басякоў.

Свята пачалося з вітання гледачоў калядкамі і шчадроўкамі, абавязковага рытуальнага танца Казы, працягнулася гульнямі, забавамі і вялікай танцавальнай імпрэзай пад перабор беларускай дуды (валынкі) Вячаслава Калацэя, дзе гурты вучылі адзін аднаго і дзяцей-гледачоў традыцыйным і побытавым танцам і гульням са свайго рэпертуару, такім як «Матлёт», «Падушачка», «Сямёнаўна» і «Лявоніха». А на заканчэнне ўсе ўдзельнікі былі запрошаны на святочнае частаванне шчодрай куццёй, дзе можна было не толькі падсілкавацца, але і абмяняцца ўражаннямі ад вясёлага і незабыўнага народнага свята.

Вячаслаў ВIКТАРАЎ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости