Дзівосы Міёрскага краю

Разам са старшынёй Міёрскага райвыканкома Віктарам Тарасевічам неяк пашчасціла больш гадзіны паразмаўляць у адносна нефармальнай атмасферы – без надакучлівых тэлефонных званкоў, процьмы наведвальнікаў з вялікімі і малымі праблемамі, без адміністрацыйнай мітусні, калі кіраўніка літаральна разрываюць на часткі.
Разам са старшынёй Міёрскага райвыканкома Віктарам Тарасевічам неяк пашчасціла больш гадзіны паразмаўляць у адносна нефармальнай атмасферы – без надакучлівых тэлефонных званкоў, процьмы наведвальнікаў з вялікімі і малымі праблемамі, без адміністрацыйнай мітусні, калі кіраўніка літаральна разрываюць на часткі. Мая цікавасць да нечага арыгінальнага, самабытнага, адметна “міёрскага” была ўзнагароджана па поўнай праграме. Калі так можна выказацца, Віктар Тарасевіч нагадвае сапраўдную “хадзячую энцыклапедыю”. Няма, здаецца, такой тэмы ці сферы жыццядзейнасці, дзе б ён не выказаў сваёй дасведчанасці. І розных дзівосных гісторый, паданняў здольны ўзгадаць не адзін тузін. Пры жаданні мог бы жыць не толькі ў абласным цэнтры, а і ў сталіцы. Але ж не пажадаў, бо не па прымусу, а ў самым высакародным сэнсе ўлюбёны ў свой мілы сэрцу Міёрскі край. А які ён, калі глядзець на свет не толькі праз лічбы і розныя формы статыстычнай справаздачнасці? Для прыкладу, адзін з прывабных для турыстаў аб’ектаў у раёне – язненскі “талеркавы” камень. Даўжынёй ён амаль 6,5 метра, шырынёй – 5 метраў, а вышынёй на паверхні – 1,25 метра. Важыць гэты гігант 141 тону! Існуе паданне, што на язненскай “талерцы” трапезнічаў Напалеон Банапарт. І што ахвочая да тагачасных падарожжаў у карэце расійская імператрыца Кацярына Вялікая мела ахвоту адпачыць на камені і падсілкавацца на гіганцкім “стале”. Каб увекавечыць такія адметныя падзеі, на валуне добраахвотнымі каменячосамі былі высечаны выявы лыжак, вілак і талерак. Але шмат каму апасля хацелася “пагрэцца” ў ауры “сильных мира сего”. На камені столькі распальвалі кастроў ды наладжвалі баляў, што шэры граніт на паверхні патрэскаўся, а выявы посуду абсыпаліся. Можна прапанаваць турыстам пабываць і на самай высокай кропцы Міёршчыны – так званай Воўчай гары. Яе абсалютная адзнака над узроўнем мора дасягае 206 метраў. Воўчая гара “раскапусцілася” ў даўжыню на 1,6 кіламетра і ўшыркі больш за кіламетр. Унікальным лічыцца гідралагічны заказнік рэспубліканскага падпарадкавання “Ельня”. Агульная плошча яго каля 25 гектараў. Тут захаваўся балотны ландшафт з комплексам рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёлы, якія занесены ў Чырвоную кнігу. А ва ўрочышчы “Чыстая дуброва” нібы трапляеш у “філіял Бярэзінскага запаведніка”. Помнік прыроды рэспубліканскага значэння раскінуўся на 23 гектарах у Язненскім лясніцтве. Тут стаяць, як волаты, дубы, якім ўжо 200 гадоў, прыгожыя ясені, клёны, яліны ў гарманічным ансамблі з вольхай, асінай і бярозай. Такая прыгажосць заходнееўрапейцам і ў снах не бачыцца. Мноства знакамітых людзей з гонарам называлі і называюць сябе ўраджэнцамі Міёршчыны. Сярод іх славуты акцёр, рэжысёр, заснавальнік першага беларускага прафесійнага тэатра Ігнат Буйніцкі, сын беларускага і польскага народаў Ян Гушча – паэт, празаік, перакладчык. А Язэп Драздовіч? Яго называюць “геніем у правінцыі” – мастак, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік... І ўсё ў адной асобе! У прафесійным асяродку добра вядома прозвішча вучонага-геолага Мікалая Накоўніка. Не патрабуе каментарыяў асоба кампазітара, былога кіраўніка дзяржаўнага народнага хору Беларусі, народнага артыста БССР і СССР Генадзя Цітовіча. Ёсць нават віцэ-адмірал Герой Савецкага Саюза Ігар Тамко... Спіс гэты не менш доўгі, чым граніца Міёршчыны. Асабліва, калі ўключыць у яго аднаго з “рэспубліканцаў”— вядомага мастака-карыкатурыста Мікалая Гіргеля, слыннага паэта Сяргея Панізніка, “ваяводу” Віцебскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі празаіка Франца Сіўко, многіх іншых маладых землякоў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter