Дзівосы ля хаты Гулькевічаў

Наталля і Міхаіл ГУЛЬКЕВІЧЫ жывуць у аграгарадку Любушаны Бярэзінскага раёна. У пачатку чэрвеня, у дзень Сёмухі і адначасова свята вёскі, іх падворак аднадушна прызнаны лепшым і адзначаны прызам — вялізным кветкавым вазонам.

— У нашай гаспадарцы ён будзе дарэчы, — усміхаецца Наталля. — Мы кветкі любім!

...Толькі гаспадыня адчыніла веснічкі — адразу прыцягнулі да сябе ўвагу шматлікія яркія божыя кароўкі. Яны размясціліся адна за адной, ля самага ганка. Чырвоныя, з чорнымі кропкамі на крыльцах, з вялізнымі казачнымі вочкамі і такімі ж казачнымі ўсмешкамі... Зрэшты, ля хаты Гулькевічаў шмат яшчэ дзівосаў.

— Стымулам для такой творчасці на падворку стала наша дачушка Маша, — кажа гаспадыня Наталля. — Ёй сёлета спаўняецца два годзікі, і гэтых казачных герояў мы размалёўваем разам. Марым размясціць яшчэ двух лебедзяў, белага і чорнага...

Алена ГРОМАВА

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter