Дзівосы Брэстчыны: ад Камянца да Мікашэвічаў

Падарожжа “НГ” разам з чытачамі па Беларусі працягваецца. Услед за Міншчынай (гл. нумар за 3 лістапада) сёння мы кіруемся на паўднёвы захад краіны — на Брэстчыну і прадстаўляем сем цудаў гэтага рэгіёна.

1. Бярэсце
Унікальны, адзіны ў краіне археалагічны музей (падобны ствараецца ў Тураве, але там захаваны рэшткі старажытных пабудоў — з каменю). У “Бярэсці” пабудовы ХІІ—ХІІІ стагоддзяў — драўляныя. Захаваліся хаты па восем—дзесяць вянцоў.

2. Белавежская пушча
Адзіны ў Еўропе буйны масіў старажытных рэліктавых раўнінных лясоў, які захаваўся ў параўнальна непарушаным стане да нашага часу. Плошча на тэрыторыі Беларусі 163 505 гектараў (акрамя Брэсцкай вобласці, частка пушчы знаходзіцца на тэрыторыі Гродзеншчыны).

3. Мікашэвічы
Радовішча будаўнічага каменю пад Мікашэвічамі — адно з двух найбуйнейшых у свеце распрацаваных падобных радовішчаў. Балансавыя запасы — больш за 440 млн кубаметраў. На дне мікашэвіцкага кар’ера “БелАЗ” здаецца велічынёй з запалкавы карабок.

4. Камянецкая вежа
Унікальны помнік абарончага дойлідства канца XIII ст., адзіная цэлая пабудова з групы так званых валынскіх вежаў, што некалі існавалі ў беларускіх гарадах. Паводле Іпацьеўскага летапісу, вежа пабудавана паміж 1271 і 1289 гг. дойлідам Алексам.

5. Дуга Струвэ
Руска-скандынаўская дуга (Дуга Струвэ) — найбольш дакладнае і грандыёзнае па памерах градуснае вымярэнне дугі мерыдыяна ў свеце. Усяго на тэрыторыі Беларусі вядомы 19 пунктаў Дугі, але найбольшая колькасць занесеных у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА знаходзіцца на Брэстчыне (у Асаўніцы,Чакуцку і Ляскавічах).

6. Касцёл Святой Тройцы ў Ішкалдзі
Знаходзіцца ў Баранавіцкім раёне. Адзін з нямногіх у краіне храмаў у стылі готыкі, якія захаваліся да нашых дзён. Пабудаваны ў 1472 годзе Мікалаем Неміровічам. Мае унікальны алтар.
7. Георгіеўская царква ў Давыд-Гарадку
Помнік драўлянага дойлідства першай паловы ХVIII стагоддзя. Прататып так званай палескай школы будаўніцтва храмаў (многія цэрквы пазней будаваліся па яе ўзору). Драўляная разьба ў алтарнай частцы (Царскія вароты) — выдатны помнік народнай творчасці.

Пагадзіцеся, пра некаторыя з названых аб’ектаў вы нават не чулі (калі, вядома, не жывяце дзесьці побач). Але ў тым і задача нашага праекта — паказаць жыхарам Беларусі іх жа краіну, заінтрыгаваць, зацікавіць, каб захацелася паехаць, убачыць на свае вочы. Зрэшты, прапанаваныя варыянты — зусім не непахісныя: магчыма, вы ў той жа Брэсцкай вобласці былі ў захапленні ад нечага іншага і лічыце, што іменна ваш цуд варта ўнесці ў наш агульны “дзівосны рэйтынг”. Што ж, усе меркаванні прымаюцца. А каб вам было прасцей, змяшчаем гэту анкетку. У ёй толькі патрэбна напісаць назвы прыродных, рукатворных, культурных скарбаў, якія, на ваш погляд, маюць усе падставы называцца адным з сямі цудаў Беларусі, выразаць і даслаць на адрас рэдакцыі. Зрэшты, калі да анкеткі дадасце і колькі слоў ад сябе — будзем вам вельмі ўдзячныя. Чакаем!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter