Дзівак-чалавек з “Мары”

— Гэта наш Віталь Дарашчонак. Дзівак-чалавек. Ведаеце, а ён нават зрабіў з двухколавага матацыкла нешта падобнае на аўтамашыну і ездзіў на ёй, — расказваюць шаркаўчане.

Ідзе малады хлопец па вуліцы ў Шаркаўшчыне і раптам — кулец праз галаву ці стойка на руках...

— Гэта наш Віталь Дарашчонак. Дзівак-чалавек. Ведаеце, а ён нават зрабіў з двухколавага матацыкла нешта падобнае на аўтамашыну і ездзіў на ёй, — расказваюць шаркаўчане.

Думаю, калі чалавек не такі, як усе, яму пастаянна хочацца прыдумваць нешта асаблівае, у нечым праявіць сябе. Вось так і Віталь — фізічна добра складзены, падцягнуты (закончыў фізкультурны тэхнікум). Гімнаст марыў не аб звычайнай працы выкладчыка фізкультуры ў школе, а аб нечым звышнатуральным. Гэта незвычайнасць спачатку здзівіла раённае начальства, куды ён звярнуўся за падтрымкай стварыць цыркавы калектыў. Было гэта ў 1986 годзе…

Цяпер ідэя Віталя Дарашчонка стала яваю. Сёння ён вучыць цыркавой справе школьнікаў з райцэнтра. Праўда, адны на заняткі прыходзяць з-за цікаўнасці, іншыя — паспытаць свае здольнасці, стаць больш вынослівымі, фізічна моцнымі. І многіх гэта справа захапляе. Настаўнік разам са сваімі падапечнымі распрацоўвае праграму выступленняў, а штодзённыя трохгадзінныя рэпетыцыі не палохаюць тых, хто сябе ўжо лічыць сапраўдным артыстам цырка.

Упершыню “Мара” (так называецца калектыў) выйшла на сцэну райцэнтра. Усё прайшло ўдала: гледачы цёпла сустракалі артыстаў, якія, дарэчы, спачатку выступалі ў вёсках Шаркаўшчынскага раёна. Потым у Полацку, Віцебску, Ваўкавыску, Мінску, Даўгаўпілсе, іншых гарадах.

Але ж у калектыва былі і ўзлёты, і падзенні. Здарылася так, што таленавітая моладзь пайшла ў самастойнае жыццё, а замены ім не аказалася. Цырк “Мара” ненадоўга спыніў сваю дзейнасць. Потым зноў усталяваўся трывалы калектыў. Многія займаюцца тут па 6—8 гадоў. Прыходзяць і навічкі. Цікава, што на працягу апошняга года прыходзіла каля паўсотні чалавек, а папоўніў калектыў толькі шасцікласнік Лёша Касевіч.

Для Віталя Дарашчонка гэта яшчэ і сям’я. Чацвёра сыноў — Дзіма, Ягор, Віталь, Давід — і жонка Іна займаюцца тут. Іна Уладзіміраўна ў свой час скончыла мастацка-графічнае аддзяленне ўніверсітэта, некалькі гадоў працавала па спецыяльнасці. А калі дзеці падраслі і трэба было ісці на працу, то на сямейным савеце вырашылі, што і маці павінна быць там, дзе яе дзеці і муж. Іна ўзяла на сябе рэжысуру, дызайн, музычнае афармленне і касцюмерню.

Праграму выступленняў складаюць усе разам, прычым не традыцыйнымі метадамі класічнага цырка, а як танццырк. І захапляюць публіку, як было гэта ў мінулым годзе на Міжнародным фестывалі ў Латвіі “Але-Юрмала!”. Там артысты цырка з правінцыі выступалі на роўных з прафесіяналамі. Кожны нумар “Мары” быў адзначаны дыпломам.

Калектыў ужо каторы раз абараняе сваё званне ўзорнага. А артысты цырка атрымліваюць не толькі апладысменты і прызнанне, але і падарункі ад прафесійных артыстаў, фірм, удзячных гледачоў. Дарэчы, як расказалі “мараўцы”, у Юрмале адна глядачка ў час выступлення Насці Цярпілкі зняла з сябе дарагое калье з шыкоўнымі камянямі і падаравала яго цыркачцы…

Кацярына СОСНА
НА ЗДЫМКУ: Віталь ДАРАШЧОНАК з жонкай Інай і сынамі Ягорам, Віталем і Давідам.
Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter