“Дзіця” бога Ра

Па адной з версiй, назва Ракава паходзiць ад iмя старажытнаегiпецкага бога Сонца. Марыла паехаць у Ракаў даўно. Прайсцiся па тых мясцiнах, дзе некалi стаяў драўляны палац князёў Здзяхоўскiх, паглядзець, што i колькi каштуе на Ракаўскiм кiрмашы, спатолiць смагу ля каплiчкi на святой вадзе. На карце Ракаў значыцца як вёска, але жыхары называюць яе мястэчкам. I сапраўды, якая ж гэта вёска: трыццаць вулiц, насельнiцтва больш за дзве тысячы чалавек, ёсць i сярэдняя школа, i Дом культуры, i бiблiятэка, i паштовае аддзяленне, i мiжгародняя аўтастанцыя, i бальнiца, прамтаварныя, прадуктовыя магазiны. Мяркую, што многiя нашы чытачы таксама захацелi пабываць у гэтай цуда-вёсцы. Калi так, то прапаную ў сяброўскай кампанii са мною, а таксама з ураджэнцам Ракава, лiтаратуразнаўцам i крытыкам Вячаславам Рагойшам адправiцца на экскурсiю.

Мой паважаны спадарожнiк вельмi любiць сваю малую радзiму, лiчыць сябе местачкоўцам i ганарыцца гэтым.
— Я, канешне, хацеў бы, каб назва “мястэчка” аднавiлася, — прызнаецца Вячаслаў Пятровiч. — Напрыклад, сучасныя пасёлкi гарадскога тыпу цi аграгарадкi — тыя ж мястэчкi. Раней усе невялiкiя паселiшчы, дзе былi ўрадавыя ўстановы, прамысловая цi рамеснiцкая вытворчасць, храмы, называлiся мястэчкамi. Людзi тут хоць i працавалi ў прамысловасцi, але не адрывалiся ад зямлi. У нас, местачкоўцаў, свая псiхалогiя. Памятаю, у школе было два класы: адзiн, дзе вучылiся местачковыя дзецi, а ў другiм — вясковыя. I мы, трэба прызнацца, на вясковых пазiралi крыху звысоку. Але полiэтнiчнасць i полiканфесiйнасць насельнiцтва Ракаўшчыны спрыялi таму, што тут, як у тым гарнiле, пераплаўлялiся нашы характары, лёсы. На вечарынкi iшлi вёска на вёску ўсе разам: i каталiкi-беларусы, i каталiкi-палякi, i праваслаўныя. А яўрэi? Як шкада, што фашысты вынiшчылi гэты цэлы культурны пласт.
Гродзенская шаша, якую i цяпер нярэдка называюць Ракаўскай, не дае аўтамабiлю хутка ехаць, бо прымушае часта спыняцца, быццам сама просiць паслухаць галасы мiнулага.
Усе шляхi iдуць праз Ракаў
— Гэта сучасная аўтастрада раней не была такой роўнай, — расказвае Вячаслаў Пятровiч. — Па ўтрамбаванай гравiйцы, потым брукаванцы неаднойчы iшоў пешкi i ехаў на сялянскiм возе ў свой фальварак Люцiнка заснавальнiк новай беларускай лiтаратуры Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч. Па гэтым шляху ехаў са сваiм братам Тарас Шаўчэнка. Гэта дарога ў свой час прывяла ў ваколiцы Ракава рускага пiсьменнiка-дзекабрыста Аляксандра Бястужава-Марлiнскага. Гэта яна з калiсьцi глухога хутара Дзяржынава накiравала ў шырокi свет жалезнага рыцара Кастрычнiцкай рэвалюцыi Фелiкса Эдмундавiча Дзяржынскага. Гэта яе прысадамi любавалася славутая польская пiсьменнiца Элiза Ажэшка, калi ехала з Гродна ў Ракаў да вядомага ў свой час лiтаратуразнаўца i публiцыста Мар’яна Здзяхоўскага.
Ракаўская шаша здружвала народы, была сувязной для суайчыннiкаў i для суседзяў. Менавiта праз яе едуць у Гродна і ў Прыбалтыку. Па ёй пралягае найкарацейшы шлях з Заходняй Еўропы ва Усходнюю. На жаль, з-за гэтага Ракаўскi шлях часта станавiўся сведкам самых кровапралiтных войнаў. Па Рыжскiм мiрным дагаворы яго перад самым Ракавам перасекла савецка-польская мяжа (само мястэчка апынулася на тэрыторыi Польшчы). Самае страшнае выпала шляху ў час Вялiкай Айчыннай вайны, калi фашысцкая армiя рвалася на ўсход, на Мiнск, на Маскву, i тады, калi падчас вызваленчай аперацыi “Баграцiён” у так званым мiнскiм “катле” апынулiся сотнi тысяч нямецкiх салдат, якiя ашалела вырывалiся на захад.
Мiнаем Дуброва, Хацежына, Новую Вёску, Байдакi, Наваселле, а праз акно аўтамабiля вiдаць, як срэбрам блiшчыць шэры асфальт, а на iм адбiваюцца ценi стромкiх бяроз, таполяў. Не хаваюць ад чужых вачэй свае светлыя вокны вясковыя драўляныя хаты. Лiсцевыя, мяшаныя, потым пераважна хваёвыя лясы гусцеюць, каб затым, недзе за Ракавам, перайсцi ў Налiбоцкую пушчу. Узнiмаючыся на пагоркi i спадаючы ў нiзiны, аўтамабiль наблiжаецца да найвышэйшага пункта Беларусi. Калi выйсцi з машыны, то ўдалечынi злева можна ўбачыць гару Дзяржынскую, што ўзвышаецца над узроўнем мора на 345 метраў.
— Рачулкi тут чыстыя, халодныя, — гаворыць Вячаслаў Пятровiч. — Каб пакаштаваць вады з крынiцы, часта ля дарогi прыпыняўся Пётр Мiронавiч Машэраў. Побач з аўтастрадай цячэ Iслач. У ёй нават водзiцца фарэль. Сама рэчка хаваецца за сасновымi лясамi, яе не вiдаць. Цiкава, што Iслач цячэ ў Балтыйскае мора, а яе суседкi — Пцiч i Свiслач — у Чорнае: Мiнскае ўзвышша “праводзiць” тут водападзел.
Мiнаем 33-i кiламетр ад Мiнска, дзе да 17 верасня 1939 года была савецкая прыгранiчная тэрыторыя, i праз некалькi хвiлiн ўязджаем у старадаўнi Ракаў.
“Ракаў — гэта не Кракаў, але...”
Так напiсаў у сваiм эсэ Алег Лойка для газеты “Ракаўскi шлях”, якую выдае Вячаслаў Рагойша. Хоць у беларускiм мястэчку няма унiверсiтэтаў, буйной прамысловасцi, усё ж i Ракаў, i Кракаў маюць рысы падабенства. Назвы рэк Вiсла, на якой стаiць Кракаў, i Iслачы, што цячэ праз Ракаў, паводле сведчанняў некаторых тапанiмiстаў, паходзяць ад аднаго слова “вiслач”, што сустракаецца ў некаторых беларускiх дыялектах i абазначае “плывун, насычаны вадой пясок, твань”. Хоць у Ракаве няма такiх мастацкiх музеяў, як у Кракаве, але i ў беларускi куточак таксама едуць людзi пацiкавiцца яго гiсторыяй, лёсам ракаўчан, падзiвiцца незвычайнай красе сасновых бароў, брыльянцiстаму бляску крынiц i рачулак.
Нам пашанцавала ўбачыць Ракаў у веснавых промнях. Здавалася, што сонечнае святло, якое адлюстроўвалася ад беласнежных сцен Спаса-Праабражэнскай царквы i чырвоных вежаў касцёла дамiнiканцаў, трапляла на паверхню Iслачы i грала ў ёй вясёлкавымi колерамi. На iмгненне падалося, што над воднай гладдзю плыве карагод пасланнiкаў бога Сонца. Iснуе амаль неверагодная, але такая прывабная тэорыя, што ўсе назвы, якiя пачынаюцца з “ра”, маюць сувязь з егiпецкiм богам Ра. Яго ладдзя, паводле старажытнага мiфа, з’яўляецца на хвалях, як толькi сонца праб’ецца праз ранiшнюю смугу. 
У афiцыйных дакументах мястэчка ўпамiнаецца ўжо ў 1465 годзе. Яно належала папераменна Кежгайлам, Завiшам, Сангушкам, Салагубам, Агiнскiм. Пры Сангушках Ракаў быў горадам, буйным гандлёвым цэнтрам. Тады тут працавала друкарня, праходзiлi пасяджэннi зямельных i замкавых судоў. Пры Салагубах, якiя атрымалi ад караля Аўгуста II дазвол, у Ракаве пачаў працаваць кiрмаш. I да сённяшняга дня сюды па суботах i нядзелях з’язджаюцца гандляры. Тут можна купiць садавiну, агароднiну, мясныя прадукты, жывую свойскую жывёлу, — ракаўскiя парасяты славяцца на ўсё наваколле.
 Пасля другога падзелу Рэчы Паспалiтай Ракаў апынуўся ў складзе Расiйскай iмперыi. Потым Кацярына II падаравала мястэчка генерал-фельдмаршалу рускiх войск, графу М.Салтыкову, якi ў 1804 годзе прадаў яго панам Здзяхоўскiм. У XIX стагоддзi ў Ракаве, тагачасным валасным цэнтры, працягвалi развiвацца гандаль, ганчарства, рамёствы, працавалi майстэрнi сячкарняў, арфаў, малатарняў. Увогуле Ракаў, як ганчарны цэнтр, быў вядомы з сярэдневякоўя.
 З 1921 года мястэчка знаходзiлася ў складзе Польшчы, было цэнтрам гмiны Маладзечанскага павета Вiленскага ваяводства, а са снежня 1939 года аказалася ў складзе Вiлейскай вобласцi БССР. З 1940 па 1954 год гарадскi пасёлак Ракаў адносiўся да Радашковiцкага раёна. У часы Вялiкай Айчыннай немцы спалiлi Ракаў, загубiлi больш за 2 тысячы чалавек. I сёння колькасць насельнiцтва меншая, чым была да вайны.
Але ракаўцы прыкладваюць шмат сiл для таго, каб мястэчка iх заставалася прыгожым. На працягу трох апошнiх гадоў тут вядзецца работа па навядзенню парадку на зямлi. Мясцовыя жыхары самi чысцяць вулiцы, ставяць новы плот. Праблемай для мястэчка да нядаўняга часу быў збор смецця. Але з дапамогай камунальнага кааператыва — таварыства з абмежаванай адказнасцю “Ракаў-агра” — закупiлi тэхнiку, расчысцiлi пад’езды да звалак, наладзiлi збор смецця па спецыяльным графiку i за асобную плату. Сёння жыхары Ракава i суседнiх вёсак не змогуць паскардзiцца на дрэннае асвятленне ў цёмны час. Асветлены ўсе населеныя пункты сельскага Савета. Мабыць, нейкi лiхтар i не гарыць, але да паказчыка ў 80 працэнтаў, як i прадугледжана сацыяльнымi стандартамi, удалося наблiзiцца.
Дзецi, што вучацца ў Ракаўскай сярэдняй школе (а iх усяго каля 600), маюць магчымасць вывучаць iнфарматыку, карыстаючыся сучаснымi камп’ютэрамi. Ёсць у мястэчку i музычная школа, каля 16 дзiцячых летнiкаў, санаторыяў, дамоў адпачынку. Шкада толькi, няма кiнатэатра. Будынак стаiць, а карысцi ад яго вось ужо амаль восем гадоў — нiякай. Рамонт патрабуе значных сродкаў, а калi паспрабавалi прадаць, то не атрымалася. За восем-
дзесят тысяч долараў яго ў такiм стане нiхто не хацеў набываць. У хуткiм часе тут плануецца адкрыць Дом бытавога абслугоўвання насельнiцтва.
 Мясцовая ўлада клапоціцца i аб пажылых людзях. У сельскай бальнiцы ёсць каля дзесяцi сацыяльных ложкаў. Плануецца пры новым Доме быту аказваць дапамогу ў апрацоўцы прысядзiбных участкаў, а таксама ў пахаваннi адзiнокiх людзей.
Падышоўшы па сцежцы да касцёла, мы сустрэлi старшыню Ракаўскага сельскага Савета Святаслава Дударчыка, якi збiраўся ад’язджаць па сваiх справах.
— Наша работа — гэта перш за ўсё клопат пра людзей, — адзначае Святаслаў Фiлiпавiч. — Ужо паў-Ракава газiфiкавана, i спыняцца на дасягнутым мы не думаем. Спрабуем знайсцi сродкi для таго, каб заасфальтаваць вулiцы. Тратуары, цi ходнiкi, як у нас кажуць, былi пракладзены яшчэ, калi Заходняя Беларусь была пад уладай Польшчы. Прыкладна ў 2007 годзе мы павiнны ўвайсцi ў спiс сельсаветаў, дзе пачнуць будаваць аграгарадок. 
Быў час, калi хацелi Ракаў зрабiць гарадскiм пасёлкам, але не атрымалася. Многiя, хто прыязджае да нас, дзiвяцца: “Няўжо Ракаў — гэта вёска?” I сапраўды, недарэчна гэта для такога цудоўнага беларускага куточка з багатай гiсторыяй, незвычайнымi людзьмi. А мястэчка? Гэта гучыць дастойна!
Сядзiба муз
Заходзiм у Музей полiэтнiчнай культуры, якi стварыў апантаны гiсторыяй i прыгажосцю Ракаўшчыны Вячаслаў Пятровiч Рагойша, а дапамагалi яму жонка, сыны, сябры, калегi. Музей знаходзiцца ля самай бацькоўскай хаты Вячаслава Пятровiча.
У чырвоным куце ў вышываных ручнiках — партрэт Янкi Купалы. Вячаслаў Пятровiч гэтаксама, як i яго землякi, шкадуе, што Ракаўшчына, не стала месцам нараджэння класiка беларускай лiтаратуры. А магла б. Справа ў тым, што да 1939 года Ракавам, суседнiм фальваркам Паморшчынай, дзе i сёння працуе вялiкi бровар, маёнткам Навасёлкi валодалi паны Здзяхоўскiя. Бацькi Янкi Купалы працавалi ў iх у найме.
— Вiдаць, бацькi Янкi Купалы пераехалi ў Вязынку цi ў самым канцы 1881-га, цi на пачатку 1882 года, калi да нараджэння беларускага песняра заставалася ўсяго некалькi месяцаў, — мяркуе Вячаслаў Пятровiч.
Экскурсiя па гэтым музеi звычайна пачынаецца з кута Уладзiмiра Караткевiча. Беларускi пiсьменнiк не раз наведваўся ў Ракаў пасля таго, як пабываў на вяселлi ў Вячаслава Пятровiча i Таццяны Вячаславаўны ў 1967 годзе. Ен так палюбiў Ракаў, што нават хацеў тут купiць лецiшча.
— Малады, высокi, прыгожы Уладзiмiр Караткевiч прыцягваў да сябе ўсеагульную ўвагу сваiмi досцiпамi i залiвiстым рогатам, — успамiнае Вячаслаў Пятровiч. — Ён наша вяселле скарыстаў яшчэ i для агледзiнаў сябрамi сваёй будучай жонкi Валянцiны Бранiславаўны, з якой пазнаёмiўся тыднi за два да гэтага. Калi яму далi слова, ён устаў i зычным голасам зачытаў сваю “Эпiталаму Таццяне i Славе”. Пад эпiталамай паставiлi свае прозвiшчы Алег Лойка, Адам Мальдзiс, Нiл Гiлевiч, Мiхась Ларчанка, Язэп Семяжон, Фёдар Янкоўскi... Ёсць у гэтым музеi нават канапа беларускага пiсьменнiка.
— Уладзiмiр Сямёнавiч быў маiм суседам: жылi ў розных пад’ездах, але праз сценку, — расказвае Вячаслаў Пятровiч. — Калi халасцякаваў, то гэта канапа была для яго вельмi зручнай. У скрыню, што збоку, ён складваў свае рукапiсы, любiмыя кнiгi. Калi ажанiўся, то аддаў гэту канапку мне. Я спецыяльна яе не абнаўляў, пакiнуў такой, як ёсць. 
Пад шклом музейнага стэнда захоўваюцца тры пiсьмы Льва Талстога да Мар’яна Здзяхоўскага. Яны вялi перапiску з 1895 па 1908 гады.  Здзяхоўскi сам нават ездзiў у Ясную Паляну. Да Здзяхоўскiх прыязджалi музыканты, паэты, спевакi. Таму Ракаў многiя называлi цэнтрам мастацтва, прыязджалi сюды, як на сядзiбу муз. Нездарма польская пiсьменнiца Элiза Ажэшка пасля таго як пабыла тут, назвала Ракаў Паўночнымi Афiнамi.
З Ракавам цесна звязаныя жыццё i творчасць многiх знакамiтых людзей, але мала каму вядома, што тут дзесяць класаў заканчваў вядомы эстрадны спявак Яраслаў Еўдакiмаў. Калi падысцi да апошняга стэнда, то здзiўленне можа захлiснуць: на iм размешчаны фотаздымкi, дзе ля хаты бацькоў Вячаслава Пятровiча сабралася сям’я Сяргея Бадрова-старэйшага. I гэта не фотамантаж. Аказваецца, што мацi вядомага рускага рэжысёра прыходзiцца стрыечнай сястрой жонцы Вячаслава Пятровiча. Прыязджаючы на “Беларусьфiльм”, рэжысёр часта наведваўся ў Ракаў, бывала, прывозiў сюды ўсю сям’ю. У 1984 годзе, калi Бадровы гасцявалi ў Ракаве амаль усё лета, Вячаслаў Пятровiч пазнаёмiў з iмi Уладзiмiра Караткевiча. Сяргей Бадроў-старэйшы нават задумаў зняць фiльм па раману “Дзiкае паляванне караля Стаха”, але, на жаль, жыццё Уладзiмiра Сямёнавiча заўчасна абарвалася...
Выходзiла з музея, быццам з храма, асвянцiўшыся той яскравай патрыятычнай зоркаю, якая жыве ў душы майго выкладчыка. За адзiн дзень Ракаў не агледзiш. Не паспела я, канешне, i на кiрмаш. У наступны раз буду ведаць, што пачынае ён працаваць вельмi рана, гадзiн у шэсць, а то i раней. Не паспеў Ракаў за адзiн дзень паказаць мне ўсе памятныя мясцiны, раскрыць перада мною ўсе свае таямнiцы. Але я чамусьцi ўпэўнена, што яны яшчэ папросяцца ў мой журналiсцкi блакнот i абавязкова дачакаюцца ўвагi на старонках газеты.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter