Вёсачка Стары Дзедзін размешчана ўдалечыні ад ажыўленых трас

Дзіўныя скарбы Старога Дзедзіна

Вёсачка Стары Дзедзін размешчана ўдалечыні ад ажыўленых трас. Да Клімавіч — больш за 30 кіламетраў. З другога боку — Расія, Шумяцкі раён. Жывуць у вёсцы беларусы і расіяне здаўна. Сёлета Стары Дзедзін адзначыць 1030-гадовы юбілей. Менавіта тут шмат гадоў назад знайшлі скарб, які і цяпер лічыцца самым старажытным не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсёй Усходняй Еўропе. А яшчэ ў вёсцы, якая спявае і танцуе, — так яшчэ называюць Стары Дзедзін — дагэтуль памятаюць і шануюць тысячагадовыя традыцыі. Старыя і дзеці ведаюць мноства абрадавых песень і танцаў. Нават дождж выклікаюць з дапамогай “пераворвання рэчкі”. І спадзяюцца, што іх аўтэнтычны язычніцкі абрад набудзе статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці краіны.


На ўездзе ў Стары Дзедзін — памятны знак. Надпіс на чорным валуне нагадвае: тут знойдзены “адзін са старажытных скарбаў манет Беларусі паміж 980-985 гадамі”. Навукоўцы ўстанавілі: менавіта ў гэты перыяд былі закапаныя скарбы. А адшукаў іх у чэрвені 1926 года мясцовы селянін Трафім Гудкоў. Араў свой надзел і натрапіў на два гліняныя гаршкі. Пра стара-жытныя манеты напісала газета “Беларуская вёска”, у Стары Дзедзін прыехалі спецыялісты з Акадэміі навук. І не паверылі сваім вачам: 201 куфічны дырхем, 1 візантыйскі міліярысій і 2 германскія дынарыі. Манеты павезлі ў Мінск, у музей. На жаль, ці то ў гады Вялікай Айчыннай, ці то адразу пасля яе скарбы зніклі. Ні адной манеткі не засталося і ў Клімавіцкім раённым краязнаўчым музеі. Але галоўны захавальнік музея Наталля Банышэўская запэўнівае:

— Пра скарб, пра Стары Дзедзін расказваем і мясцовым жыхарам, і турыстам. Бо гэтая вёска не толькі манетамі праславілася. Але і традыцыямі, майстрамі. Вырабы тутэйшых ганчароў ды бондараў цаніліся ва ўсёй Магілёўскай губерні.

Старадзедзінскія старажылы гісторыяй сваёй вёскі ганарацца:

— Назва яе пайшла ад аднаго мясцовага старога. Да 125 гадоў жыў і да апошняга дня рабіў бочкі з моранага дубу, гаршкі. Уздоўж берагоў нашай рэчкі Асцёр — гэта басейн Сожа — стагоддзямі ляжалі векавыя паваленыя дубы. У вадзе драўніна чарнела, набывала асаблівы мацунак. Бочкі, кадкі, карыты з такіх дубоў выходзілі як каменныя. Попытам вялікім карысталіся, таму што зносу ім не было. І гаршкі, гарлачы, макотры ў нашых ганчароў таксама асаблівыя былі. Моцныя, на выгляд рабаватыя. У кожнай хаце іх рабілі. Сакрэты майстэрства іншым не выдавалі. А былі гэтыя сакрэты як у самой гліне, за якой пешкі за 10-15 кіламетраў вяскоўцы хадзілі, так і ў рэцэптуры замесу, у абпале. Гэтыя гаршкі старадзедзінцы на кірмаш вазілі на санках. У Крычаў, Хоцімск, Касцюковічы, суседні Шумяцкі раён. Прадавалі не за грошы. За збожжа. Колькі ў посуд улезе па самае рыльца, столькі ён і каштуе.

Танцуючая вёска

Ганчарных кругоў і знатных ганчароў, на жаль, ужо няма. У некалі вялікім Старым Дзедзіне, дзе калісьці былі калгас, школа, пошта, засталося толькі 167 жыхароў. Але дагэтуль жывыя тысячагадовыя традыцыі. Галіна Брыкава, заснавальніца старадзедзінскага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Астранка”, удастоенага звання народнага, з настальгіяй успамінае:

— Быў час, у кожнай хаце не менш за 10 чалавек жыло. Вяселлі ўсім сялом гулялі. Самае малое — тры дні. І якія вяселлі: гасцей не менш за дзвесце. Вясну гукалі таксама разам — з абрадавымі песнямі, пад гармонік. І іншыя сёлы да нас далучаліся. Пранічкі, напрыклад. Спяваць і танцаваць нас змалку ву-чылі. Бацькі — сваіх дзяцей, тыя потым сваіх. Неспяваючых і нетанцуючых у нас проста не было.

І сёння ў свае 74 гады Галіна Васільеўна ведае не менш за сотню народных абрадавых песень, лёгка станцуе кадрылю, каробачку, падэспань, кракавяк, дасаду:

— Вы не глядзіце, што назвы часам сумныя. Дасада — танец вясёлы, хуткі, з прытупам, падкручваннем. Свае аўтэнтычныя песні і танцы мы на розныя фестывалі возім. Вяртаемся з узнагародамі. І дзеці нашы спяваць-скакаць умеюць. У нас і дзіцячы ўзорны калектыў ёсць — “Астраначка”.

Намеснік дырэктара Клімавіцкага раённага цэнтра культуры Ігар Прахарэнка пацвярджае:

— Знакамітыя яны, старадзедзінскія бабулі. У свой час палову Саюза аб’ездзілі. Да іх з Ленінграда этнографы прыязджалі. Потым на аснове сабранага аўтэнтычнага матэрыялу апублікавалі спеўнікі, манаграфію па народных танцах, выдалі дыск. І сёння, нягледзячы на тое, што старадзедзінскім “астранкам” па 60-80 гадоў, ва ўсіх фестывалях абласных удзельнічаюць, у суседнюю Расію ездзяць.


“Аранне ракі”

Не толькі гэтым знакамітыя сельскія пенсіянеркі. Дагэтуль жывы ў іх старажытны язычніцкі абрад “аранне ракі”. Так мясцовыя бабулі выклікаюць дождж. Гавораць, ні разу не было, каб не спрацавала. Галіна Брыкава расказвае:

— Яшчэ нашы маці і бабулі, бывала, у гарачую пару, адрабіўшы ў полі, ішлі да ракі дажджу прасіць. Маўляў, пара, а то ўраджай засохне. Плуг з сабою бралі, “пераворвалі” рэчку, і дождж калі не ў гэты дзень, то назаўтра ішоў абавязкова. Цяпер мы вось эстафету перанялі.

У язычніцкага старажытнага абраду ёсць нюансы. Аказваецца, здаўна сялянкі “аралі рэчку” галышом. За­хадзілі ў ваду па пояс, дзве цягнулі па дне плуг, дзве ішлі следам, паганяючы пярэдніх лазовым дубцом, а астатнія спявалі абрадавыя песні.

Мясцовая жыхарка, 66-гадовая Таццяна Скоцкая ўсміхаецца:

— Цяпер галышом, вядома, раку не “аром”. На абрад жа многія прыязджаюць паглядзець. Беларусы, расіяне. І на Макавей у жніўні да нас едуць. Таму што ў нашых краях шмат дзіўных жыватворных крыніц, якія лічацца гаючымі. Глыбіню адной з іх так за гэтыя гады ніхто і не змог вымераць. Таму і завецца яна “Бяздонны калодзеж”.

Абрад пераворвання рэчкі прэтэндуе на статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці. Калі так здарыцца, у старажытны Стары Дзедзін, які схаваўся недзе паміж Беларуссю і Расіяй, напэўна яшчэ часцей будуць прыязджаць турысты. Мясцовыя жыхары гэтаму толькі рады:

— Значыць, будзе жыць вёска.

Вольга Кісляк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter