«Дзіўна? Няхай так»

На сцэну «Еўрабачання» Ілья Волкаў выйдзе ў вобразе хулігана

На сцэну дзіцячага «Еўрабачання-2013» Ілья Волкаў выйдзе ў вобразе дзёрзкага хлапчука-хулігана.

Дзіцячае «Еўрабачанне-2013» набліжаецца да сваёй кульмінацыі. Сёння ўвечары ў Кіеве адбудуцца фінальныя выступленні юных артыстаў з 12 краін. У ліку канкурсантаў, якія прэтэндуюць на перамогу, і прадстаўнік Беларусі — 11-гадовы Ілья Волкаў з кампазіцыяй «Спявай са мной». Разам з пяццю дзяўчынкамі — выхаванкамі вакальна-харэаграфічнай студыі «Maxi Briz» на сцэну Нацыянальнага палаца мастацтваў «Украіна» ён выйдзе пад сёмым нумарам.

Гледачоў чакае сустрэча з дзёрзкім хлапчуком-хуліганам — такі вобраз створаны для конкурснага нумара беларускага ўдзель-ніка. Дарэчы, касцюм — ад «Armani»: джынсы, кашуля і камізэлька з люстранымі ўстаўкамі і крышталямі «Swarovski», на спіне — сімвалічная ўстаўка ў выглядзе літары V — «вікторыя, перамога». У дадатак да вобраза — кароткія чорныя скураныя пальчаткі з адкрытымі пальцамі і металічны ланцужок на джынсах.

За час еўратыдня, калі беларуская дэлегацыя знаходзілася ў Кіеве, у Ільі было некалькі рэпетыцый. Педагог беларускага ўдзельніка, вядомая спявачка Вольга Вронская імі цалкам задаволеная і адзначае, што вакал і харэаграфія конкурснага нумара былі гатовыя ўжо даўно. Ільі засталося толькі адно: у добрым настроі выйсці на сцэну і падарыць яго разам з песняй публіцы.

Між тым першыя адзнакі канкурсантам ужо выстаўлены. Учора адбыліся генеральныя прагоны фінальнага шоу, на адным з якіх прысутнічала прафесійнае журы. Вынікі судзейскага галасавання застаюцца таямніцай, сёння адзнакі будуць складзены з баламі, якія выставяць канкурсантам тэлегледачы, пасля чаго і стане вядома імя сёлетняга пераможцы. Разам з ім у ліку прызёраў будуць названы і ўдзельнікі, якія занялі другое і трэцяе месцы. Вызначэнне тройкі лідараў — адно з новых правілаў дзіцячага «Еўрабачання-2013». Прамую трансляцыю фіналу конкурсу з Кіева 30 лістапада ў 21.00 пакажуць тэлеканал «Беларусь 1» і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал «Беларусь 24». Каменціраваць конкурс будзе спецыяльны карэспандэнт аддзела замежнай інфармацыі Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Анатоль Ліпецкі. Балы, якія будуць прысуджаны канкурсантам ад Беларусі, аб’явіць вучаніца 7-га «Б» класа мінскай гімназіі № 24 Аляксандра Ткач.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter