Дзікае паляванне караля Саса. Каму трэба паставіць помнік у Белавежскай пушчы

У народзе амаль да нашага часу захавалася каларытная прымаўка: “За караля Саса было хлеба і мяса, а настаў Панятоўскі, стаў хлеб не такоўскі”. Запісанае на пачатку ХХ стагоддзя трапнае выслоўе адносіцца да тых даўніх часоў, калі Беларуссю кіравалі каралі. Памятае пра іх і наша слаўная Белавежская пушча. Але лес маўчыць, хавае сваю праўду. А ў чалавека памяць кароткая. І таму пры згадцы запаведнага лесу ў галаву абывацелю прыходзяць у лепшым выпадку словы чароўнай песні Пахмутавай і Дабранравава, а ў, так бы мовіць, горшым разе — як тут баляваў рускі цар Мікалай ІІ. Цара часам увогуле лічаць “заснавальнікам” запаведніка. Хаця ён тут быў толькі госцем на даўно асвоенай зямлі. “Прыручаць” пушчу пачалі манархі з даволі рэдкімі на сённяшні дзень імёнамі — Ягайла, Аўгуст...

Што мы ведаем пра першых гаспадароў пушчы? На ўездзе ў нацыянальны парк нічога не сведчыць пра іх дачыненне да лесу. Старажылы раскажуць, як тут палявалі Хрушчоў і Брэжнеў, а падзеі даўно мінулых часоў могуць згадаць толькі гісторыкі. А між тым ведаць пра тое, як тут і што было задоўга да нас, вельмі карысна не толькі для агульнага развіцця. Узятая з глыбінь стагоддзяў інфармацыя можа быць выкарыстана для стварэння незвычайных турыстычных маршрутаў.
Цяпер мы адзначаем юбілей ахоўнага рэжыму пушчы. 600 гадоў таму назад тут паляваў польскі кароль Ягайла, сустракаўся з вялікім князем літоўскім Вітаўтам, раіўся з ім наконт таго, як лепш ударыць па нахабных тэўтонскіх рыцарах, што квапіліся на нашы землі. Адсюль, можна сказаць, пачыналася эра свабоды для народаў Усходняй Еўропы — ад нямецкіх захопнікаў, якія гатовы былі праглынуць гэтую частку свету і ўсталяваць тут свой  “новы парадак”.  У 1409 го-дзе Ягайла з Вітаўтам спаткаліся ў Белавежскім лесе, а ў 1410 го-дзе каля вёскі Грунвальд (Зялёны Лес) у Прусіі разбілі крыжацкі ордэн. Лічыцца, што харчаванне для войска пераможцаў дастаўлялі акурат з нашай пушчы. Так, забівалі звяроў, нішчылі няшчасных. Але ж, як кажуць, усё для Перамогі!
Пасля Ягайла ўстанавіў першыя абмежаванні на паляванні ў пушчы. Вось чаму “запаведны рэжым” адлічваецца ад указа гэтага караля. Аднак помнік сапраўднаму заснавальніку запаведніка дагэтуль не з’явіўся перад брамай нацыянальнага парку. Адзіным напамінам пра Ягайлу ў лесе з’яўляецца дуб, названы ў гонар караля. Праўда, не сучаснікамі, а рамантыкамі ў ХХ стагоддзі. Дрэва знаходзіцца на цяперашняй польскай тэрыторыі пушчы, хаця яно ўжо мёртвае — ад старасці звалілася яшчэ ў 1974 годзе. Між тым на беларускай тэрыторыі запаведніка яшчэ і цяпер стаяць дубы і хвоі, век якіх пяцьсот і болей гадоў. Побач з такім волатам нішто не замінае стварыць легенду: маўляў, гэты дуб “бачыў” самога Ягайлу. Трэба толькі пафантазіраваць. Бо і сапраўды ж мог бачыць: ніхто сёння не скажа, якімі сцежкамі вандраваў у тутэйшай глушы кароль — мог і каля гэтага дрэва спыняцца. Дакладна вядома толькі, што манарх не раз наведваў пушчу. У 1426 годзе ён хаваўся тут са сваёй жонкай Соф’яй Гальшанскай, дарэчы, напалавіну беларускай, ад эпідэміі, якая  панавала ў той час у Поль-шчы. Вось яшчэ адзін сюжэт для стварэння прыгожага падання...
Хаця, калі грунтоўна вывучыць падзеі мінулага, легенды не спатрэбяцца, бо дакладных фактаў знойдзецца на некалькі запаведнікаў. Адзін з зафіксаваных эпізодаў, што зацікавяць турыстаў, — дуэль польска-літоўскага караля Аўгуста і белавежскага мядзведзя. Аўгуста сучаснікі нездарма   празвалі   Моцным.   Ура-джэнец Саксоніі (за што атрымаў другую мянушку — Сас) сябраваў яшчэ з адным волатам эпохі — рускім царом Пятром І, разам яны ваявалі супраць Карла XII у Паўночнай вайне. Дык вось, гэты Сас у 1705 годзе ў паядынку з мядзведзем ледзь не загінуў.
Я  з  задавальненнем  сфата-графаваўся б ля скульптуры Аўгуста, які схапіўся з касалапым. А між тым “прыгоды” Аўгуста Моцнага працягнуў яго сын — Аўгуст Сас. У польскай частцы пушчы захаваўся абеліск у гонар караля з мудрагелістым надпісам, які сведчыць, што 27 верасня 1752 года гэты манарх забіў 42 зуброў, 13 ласёў і яшчэ ўсякай “драбязы”. Менавіта пра гэтага ўладара-паляўнічага склалася прымаўка “За караля Саса было хлеба і мяса”. Відаць, добра жылося народу, калі столькі звяр’я вадзілася ў лясах... Аднак неўзабаве на змену Сасу прыйшоў Панятоўскі і наступіла іншая эра.
Расійскія цары сталі займацца ўсур’ёз пушчай толькі з другой паловы XIX стагоддзя, ператварыўшы яе ў забаўляльны звярынец. Пасля фашысты секлі тут векавыя дрэвы на патрэбы свайго фронту.
Апошняга зубра забіў у 1919 годзе ці то нейкі тутэйшы браканьер, ці то салдат-марадзёр. Новая гісторыя пушчы пачалася ў 1929 годзе. Тады сюды прывезлі з заапаркаў Германіі і Швецыі апошніх зуброў, якія ацалелі ў свеце. З той пары адлічваецца панаванне новай “царскай дынастыі” Белавежжа. Хто былі тыя энтузіясты, якія вярнулі вялікаму лесу яго гаспадароў? Іх постаці, безумоўна, варты нашай памяці. Пасля святкавання 600-годдзя ўстанаўлення запаведнага рэжыму пушчы, хочацца спадзявацца, не толькі працягнецца даследаванне яе нетраў, але і паглыбіцца вывучэнне гісторыі — бацькаўшчыне на карысць, турыстам на роздум.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter