В Нацбанке рассказали, как изменятся наши банкноты

Дызайн ад купюр

2019—2020 гадах Нацыянальны банк краіны ўвядзе ў абарачэнне мадыфікаваныя банкноты. Карэспандэнт «Р» даведалася, навошта мяняюць дызайн грошай і як яны будуць выглядаць у абноўленым варыянце.


У мадыфікаваныя банкноты ўнясуць чатыры асноўныя змены. Па-першае, падкрэслілі ў прэс-службе Нацбанка, абнавяць малюнкі славутасцей і архітэктурных збудаванняў. Справа ў тым, што здымкі на банкнотах, выпушчаных у 2009 годзе, адрозніваюцца ад рэчаіснасці, таму ёсць сэнс надаць iм актуальны знешні выгляд. На банкнотах таксама напішуць назвы адлюстраваных архітэктурных збудаванняў, чаго не было раней.

Па-другое, на мадыфікаваных банкнотах не будзе рэквізіту «Старшыня Праўлення» і факсіміле подпісу Пятра Пракаповіча, Старшыні Праўлення Нацбанка, які пакінуў пасаду яшчэ ў 2011 годзе. Сяргей Здановіч, начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю і СМІ упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка, распавёў «Р», што подпісу Паўла Калаура на банкнотах таксама не будзе.

Па-трэцяе, у адпаведнасці з новай рэдакцыяй Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, на банкноце наміналам 50 рублёў надпіс «пяцьдзесят» выправяць на «пяцьдзясят».

І, нарэшце, на банкнотах напішуць год планаванага выпуску ў абарачэнне: замест «2009» 5 і 10 рублёў атрымаюць прыпіску «2019», а 20 і 50 рублёў — «2020».

Дарэчы, з-за таго, што на грашовых знаках напішуць год іх фактычнага выпуску, спатрэбілася ўнесці змены ва Указ Прэзідэнта № 450 «Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь». Цяпер абмяняць грашовыя знакі 2000 года можна не толькі на банкноты 2009 года, але і іншых гадоў выпуску. Гэта зроблена, каб не ўзнікала блытаніны: справа ў тым, што абмен банкнот 2000 года на грашовыя знакі 2009 года заканчваецца 31 снежня 2021 года, у той час як выпускаць асобныя наміналы мадыфікаваных банкнот плануюць ужо ў 2019—2020 гадах. Таму, калі хтосьці захоча абмяняць старыя купюры на новыя — гэта лёгка можна будзе зрабіць.

Працуючы над мадыфікацыяй банкнот, Нацбанк прадумаў аптымізацыю іх ахоўнага комплексу. Рабілі гэта, максімальна выкарыстоўваючы ўсе наяўныя сёння сродкі, каб людзі маглі без спецыяльнага абсталявання адрозніць сапраўдныя банкноты ад несапраўдных і тым самым засцерагчы сябе ад фальшываманетчыкаў.

Зараз Нацбанк старанна выбірае прадпрыемства-вытворцу, якое выпусціць у абарачэнне мадыфікаваныя банкноты. 

Між іншым, мадыфікуюць і выпускаюць новыя грашовыя знакі таму, што ў банкнот дробных наміналаў невялікі тэрмін службы — усяго ад аднаго года да трох гадоў, з-за чаго яны хутчэй становяцца непрыдатнымі для выкарыстання. Напрыклад, з кастрычніка мінулага года паступленне ў касы Нацбанка старых пяцi- i дзесяцiрублёвых банкнот узрасло ў 3 і 2 разы адпаведна, а са снежня 2017 года больш чым у 2 разы павялічылася паступленне старых банкнот наміналам 20 рублёў.

Дарэчы, банкноты ўзору 2009 года, якімі мы зараз карыстаемся, застануцца законнымі плацёжнымі сродкамі. На тэрыторыі нашай краіны знаходзяцца ў звароце 7 банкнот наміналам 5, 10, 20, 50, 100, 200, 500 рублёў і 8 манет наміналам 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рубля.

У Нацбанку таксама адзначылі, што дадатковы выраб наяўных грошай не азначае павелічэнне грашовай масы. Абясцэньвання адназначна не будзе, паколькі банкі, атрымаўшы наяўныя грашовыя знакі, пералічаць Нацбанку іх безнаяўны эквівалент.

Маргарыта ТРАФІМОВІЧ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter